Чэмпіянат свету па снукеры 2016
From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіяна́т све́ту 2016 (англ.: World Snooker Championship 2016, таксама вядомы як Betfred World Snooker Championship 2016 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 16 красавіка па 2 мая 2016 года ў тэатры Крусібл, у Шэфілдзе, Англія. Найпрэстыжнейшае і найбуйнейшае па рэйтынгавых ачках і прызавых грошах снукернае спаборніцтва, а таксама трэцяе спаборніцтва Трайной кароны ў сезоне 2015/2016. Турнір стаў 82-м розыгрышам чэмпіянату свету, які быў заснаваны ў 1927 годзе, і 40-м сусветным першынствам, якое праходзіла ў тэатры Крусібл. Кампанія Betfred у шосты раз і ў другі раз запар спансавала чэмпіянат свету. Прызавы фонд турніру склаў £1,500,100 (на £136,100 больш, чым у мінулым годзе), з якіх £330,000 атрымаў пераможца. Першы прыз турніру стаў рэкордным у гісторыі снукера.
Чэмпіянат свету 2016 | |
![]() | |
Сезон | 2015/2016 |
---|---|
Тэрміны | 16 красавіка — 2 мая 2016 |
Арэна | Тэатр Крусібл |
Горад | Шэфілд |
Краіна | Англія |
Арганізацыя | WPBSA |
Спонсар | Betfred |
Фармат | Рэйтынгавы турнір |
Агульны прызавы фонд | £1,500,100 |
Прызавыя пераможцы | £330,000 |
Мінулы чэмпіён | ![]() |
Фінал | |
Пераможца | ![]() |
Фіналіст | ![]() |
Лік | 18:14 |
Статыстыка турніру | |
Колькасць удзельнікаў | 32 (+112) |
Колькасць матчаў | 31 (+112) |
Колькасць фрэймаў | 619 (+1758) |
Колькасць соценных серый | 86 (+132) |
Найвышэйшая серыя | 143 (Кайрэн Уілсан) (кваліфікацыя: 144 (Цепчая Ун-Ну)) |
←2015 ● Чэмпіянат свету ● 2017→ | |
Снукерны сезон 2015/2016 | |
←Адкрыты чэмпіянат Кітая |
Чэмпіянат уключаў у сябе тры кваліфікацыйныя раўнды, якія праходзілі на працягу васьмі гульнявых дзён з 6 па 13 красавіка 2016 года ў міжнародным спартыўным цэнтры «Ponds Forge» у Шэфілдзе і ў якіх гулялі 128 удзельнікаў. 16 пераможцаў апошняга кваліфікацыйнага раўнда патрапілі ў Крусібл, дзе да іх далучыліся 16 першых сеяных удзельнікаў, і, пачынаючы з 1/16 фіналу, яны ўсе гулялі на выбыванне. У першых трох раўндах турніру на арэне тэатру Крусібл выкарыстоўваліся два гульнявыя сталы, а ў паўфіналах і фінале — адзін.
Былыя чэмпіёны свету Стыў Дэвіс і Кен Доэрці, а таксама шасціразовы фіналіст Джымі Уайт і двухразовы фіналіст Мэцью Стывенс не здолелі прайсці кваліфікацыю да чэмпіянату. Шасціразовы чэмпіён Дэвіс, які правёў свой апошні прафесійны матч у першым кваліфікацыйным раўндзе супраць Фергала О'Браена (4:10), абвясціў аб завяршэнні сваёй 38-гадовай прафесійнай кар'еры на другі дзень чэмпіянату. Леташні чэмпіён Сцюарт Бінэм саступіў Алістэру Картэру ў першым раўндзе з лікам 9:10 і стаў 17-м снукерыстам з 1977 года, які выйграў першы чэмпіёнскі тытул і не змог абараніць яго ў наступным годзе. Леташні фіналіст Шон Мёрфі таксама пацярпеў паразу ў першым раўндзе ад Энтані Мак-Гіла (8:10). Такім чынам, гэты чэмпіянат стаў першым з 1980 года, калі дзеючыя чэмпіён і фіналіст вылецелі ў першым раўндзе.
Кайрэн Уілсан упершыню дайшоў да чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату, што дазволіла яму ўпершыню патрапіць у топ-16 сусветнага рэйтынгу пасля чэмпіянату. 45-гадовы Алан Мак-Манус выйшаў у паўфінал чэмпіянату свету ўпершыню з 1993 года і ў паўфінал рэйтынгавага турніру ўпершыню з 2006 года, а таксама стаў самым узроставым паўфіналістам сусветнага першынства з 1985 года, калі да паўфіналу дайшоў 52-гадовы Рэй Рыярдан. Чэмпіянат свету 2016 года стаў першым у гісторыі, у паўфінале якога гулялі два прадстаўнікі Азіі, а таксама першым з 2005 года, калі да паўфіналу дайшлі два снукерысты з кваліфікацыі. У паўфінальным матчы паміж Дзінам Цзюньхуэем з Кітая, які вылецеў з топ-16 перад турнірам і ўпершыню з 2007 года гуляў у кваліфікацыі да сусветнага чэмпіянату, і Аланам Мак-Манусам снукерысты зрабілі 10 соценных брэйкаў, усталяваўшы новы рэкорд па колькасці сэнчуры ў прафесійным матчы. У сваю чаргу, Дзін, які аформіў 7 соценных брэйкаў, усталяваў новы рэкорд чэмпіянату свету і паўтарыў рэкорднае дасягненне Стывена Хендры, які выканаў 7 соценных серый у фінале чэмпіянату Вялікабрытаніі 1994 года. Апроч таго, ён перамог у матчы з лікам 17:11 і стаў першым азіятам у гісторыі, які дайшоў да фіналу чэмпіянату свету, а таксама першым удзельнікам кваліфікацыі з 2011 года, які дайшоў да фіналу. У другім паўфінальным матчы паміж Маркам Сэлбі і Маркам Фу з Ганконга, які дайшоў да паўфіналу ўпершыню з 2006 года, быў усталяваны новы рэкорд чэмпіянату па працягласці фрэйма — 76 хвілін і 11 секунд. Сэлбі перамог з лікам 17:15 і ў трэці раз выйшаў у фінал галоўнага снукернага турніру пасля паразы ў 2007 годзе і перамогі ў 2014 годзе. У чвэрцьфінальным матчы супраць Сэлбі Кайрэн Уілсан аформіў найвышэйшую серыю на турніры — 143 ачкі. У агульнай колькасці на чэмпіянаце свету было аформлена 86 соценных брэйкаў, што паўтарыла рэкордны вынік розыгрышу 2015 года. Дзін Цзюньхуэй, які аформіў 15 соценных брэйкаў, выканаў найбольшую колькасць соценных серый на чэмпіянаце з 2002 года, калі Стывен Хендры ўсталяваў рэкорд у 16 брэйкаў за 100 ачкоў.
Пераможцам турніру стаў Марк Сэлбі, які адразу захапіў ініцыятыву ў фінальным матчы супраць Дзіна, павёўшы з лікам 6:0, і скончыў першы гульнявы дзень з лікам 10:7, а на другі дзень давёў паядынак да перамогі з лікам 18:14, у другі раз перамогшы на найбуйнейшым снукерным спаборніцтве. Сэлбі перайграў на сваім шляху да тытула Роберта Мілкінса (10:6), Сэма Бэйрда (13:11), Кайрэна Уілсана ў чвэрцьфінале (13:8), Марку Фу ў паўфінальным матчы (17:15) і Дзіна Цзюньхуэя ў фінальным паядынку з лікам 18:14. Такім чынам, 32-гадовы лідар сусветнага рэйтынгу выйграў свой 18-ы прафесійны і сёмы рэйтынгавы тытул, а таксама шосты турнір Трайной кароны і другі турнір у 2016 годзе (пасля адкрытага чэмпіянату Гдыні). Сэлбі стаў 13-м снукерыстам у гісторыі, які выйграў чэмпіянат свету больш за адзін раз, і шостым снукерыстам, які зрабіў гэта ў тэатры Крусібл (з 1977 года). Апроч таго, гэтая перамога паспрыяла таму, што англічанін застаўся на першай пазіцыі ў рэйтынгу, скончыўшы пяты сезон запар у якасці снукернага лідара.