Шатландская гэльская мова
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гэ́льская шатла́ндская мова (саманазва: Gàidhlig, [ˈkaːlikʲ], часам вядомая як гэ́льская) — мова гайдэльскай падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаеўрапейскай сям’і моў[2], у асноўным распаўсюджаная ў Шатландыі і ў невялікіх супольнасцях па-за яе межамі. Разам з блізкароднаснымі ірландскай і мэнскай мовамі паходзіць ад старажытнаірландскай мовы, якая, у сваю чаргу, паходзіць ад архаічнаірландскай мовы (таксама вядомая як агамічная ірландская, прымітыўная ірландская).
Шатландская гэльская мова | |
---|---|
Саманазва | Gàidhlig |
Краіны | Шатландыя (Вялікабрытанія), Канада |
Рэгіёны | Шатландыя, востраў Кейп-Брэтан, Новая Шатландыя, Глэнгары |
Афіцыйны статус | Шатландыя |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Bòrd na Gàidhlig[d] |
Агульная колькасць носьбітаў | 58552 (2001) |
Статус | ёсць пагроза знікнення[d][1] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўропы |
Пісьменнасць | лацініца |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | гэл 170 |
ISO 639-1 | gd |
ISO 639-2 | gla |
ISO 639-3 | gla |
WALS | gae |
Atlas of the World’s Languages in Danger | 411 |
Ethnologue | gla |
ABS ASCL | 1101 |
ELCat | 3049 |
IETF | gd |
Glottolog | scot1245 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2011 года засведчыў, што на шатландскай гэльскай мове здольныя размаўляць 57 375 чалавек, што складае 1,1 % ад насельніцтва Шатландыі, старэйшага за 3 гады[3]. Вынікі перапісу адлюстроўваюць скарачэнне носьбітаў мовы прыкладна на 1 275 чалавек у параўнанні з 2001 годам, аднак у сучасным шатландскім грамадстве прыкладаюцца намаганні па адраджэнні мовы і адзначаецца рост колькасці маладых носьбітаў гэльскай шатландскай мовы. У Шатландыі мова распаўсюджана ў асноўным на паўночным захадзе краіны, т.зв. Хайлендзе («высакагор’е»). Найбольш трывалыя пазіцыі мова мае на Знешніх Гебрыдскіх астравах — невялікім архіпелагу на паўночны захад ад Хайленда. Па-за межамі Шатландыі найбольш прыкметны арэал распаўсюджання мова мае на ўсходзе Канады, а менавіта на востраве Кейп-Брэтан, у акрузе Глэнгары (Антарыа) і ізаляваных раёнах правінцыі Новая Шатландыя, у меншай ступені — у іншых рэгіёнах краіны. У Канадзе пражывае прыкладна 1 500 носьбітаў гэльскай шатландскай мовы (пераважна ў Новай Шатландыі), з іх прыблізна для 350 чалавек мова з’яўляецца роднай[4][5].
Гэльская шатландская мова не мае афіцыйнага статусу ў Еўрапейскім Саюзе і Вялікабрытаніі. Тым не менш мова знаходзіцца пад абаронай паводле ратыфікаванай Вялікабрытаніяй Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў[6]. Апрача гэтага, з 2005 года мова афіцыйнае прызнана ў Шатландыі згодна з Актам гэльскай шатландскай мовы і мае афіцыйны орган па развіцці мовы — Раду па гэльскай мове (Bòrd na Gàidhlig)[7].