Канада
краіна ў Паўночнай Амерыцы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Канада (англ.: Canada, ІРА: /ˈkænədə/; фр.: Canada, ІРА: /kanaˈda/) — дзяржава ў Паўночнай Амерыцы, займае другое месца ў свеце па плошчы пасля Расіі. Абмываецца Атлантычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі, мяжуе з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе, таксама мае марскія межы з Даніяй (Грэнландыя) на паўночным усходзе і Францыяй (Сен-П’ер і Мікелон) на ўсходзе. Мяжа Канады і ЗША з’яўляецца самай працяглай агульнай мяжой у свеце. Сталіца Канады — Атава.
Рэльеф Канады змяняецца ад высозных Кардыльераў на захадзе да апрацаванага ледавікамі Лаўрэнційскага ўзвышша ў цэнтры і на ўсходзе. Багаццем мінеральных рэсурсаў Канада вылучаецца нават сярод краін свайго памеру. Хоць клімат Канады і разнастайны, большая яе частка ляжыць у халоднай зоне з працяглай зімой. Канада багатая воднымі рэсурсамі — шырокімі рэкамі і чысцюткімі азёрамі. Большая частка тэрыторыі Канады занята арктычнымі пустынямі, тундрай і тайгой. Канадская тайга шырокай паласой цягнецца ад Ціхага акіяна да Атлантычнага.
За тысячы гадоў да прыбыцця еўрапейцаў тая зямля, якая цяпер завецца Канадай, была заселена першабытнымі людзьмі, што пазней сталі знаёмыя нам пад імёнамі эскімосаў і паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У XVI—XVII ст. англійскія і французскія мараплаўцы даследавалі ўзбярэжжа Канады, падарожнікі і траперы пранікалі ў яе ўнутраныя раёны, а каланісты стваралі пасяленні. У сярэдзіне XVIII ст. Францыя страціла ўсе свае паўночнаамерыканскія калоніі, і Брытанія стала адзінаўладным гаспадаром. У 1867 годзе Канада ў складзе 4 правінцый стала брытанскім дамініёнам. У 1931 Вэстмінстэрскі статут значна пашырыў яе аўтаномію. У 1982 Акт аб Канадзе дэнансаваў апошнія лёскі залежнасці. Самі канадцы гавораць, што ў іх зашмат геаграфіі і замала гісторыі.
Канада — федэратыўная, дэ-юрэ парламенцкая канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы — кароль Вялікабрытаніі, прадстаўлены генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам. Адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.
Насельніцтва пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету ў Канадзе згуртаваныя ў стракатую мультыкультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з’яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,9 чал/км²). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.
Канада — развітая краіна, член Вялікай сямёркі і Вялікай дваццаткі, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Разам з Мексікай і ЗША — сваім галоўным гандлёвым партнёрам — уваходзіць у зону свабоднага гандлю НАФТА. Таксама Канада з’яўляецца актыўным удзельнікам Садружнасці нацый і Франкафоніі. Канада адрозніваецца найвышэйшымі пазіцыямі ў свеце па ІЧР (16 месца), якасці жыцця, грамадзянскіх правах, эканамічнай свабодзе, узроўню адукацыі. Нягледзячы на выразны постіндустрыяльны характар, гаспадарка Канады мае выразны сыравінны твар і абапіраецца на мінеральныя, гідраэнергетычныя, лясныя, рыбныя і іншыя рэсурсы.