Альбэрт Айнштайн
нямецка-амэрыканскі фізык, Нобэлеўскі ляўрэат / From Wikipedia, the free encyclopedia
Альбэ́рт Айншта́йн (па-нямецку: Albert Einstein; 14 сакавіка 1879, Ульм, Нямецкая імпэрыя — 18 красавіка 1955, Прынстан, ЗША) — нямецкі й амэрыканскі фізык-тэарэтык габрэйскага паходжаньня, стваральнік тэорыі адноснасьці, адзін з найбуйнейшых фізыкаў XX стагодзьдзя. Ягоны ўнёсак у тэарэтычную фізыку значна зьмяніў стан сусьветнае навукі. У 1921 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі «за ўнёсак у тэарэтычную фізыку, і асабліва за адкрыцьцё закону фотаэфэкту»[14]. Атрымаў мэдаль Плянка ў 1929 годзе.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Айнштайн (неадназначнасьць).
Недзе напачатку сваёй кар’еры Айнштайн лічыў, што Ньютанавай мэханікі было недастаткова, каб скарыстаць законы клясычнай мэханікі да апісаньня законаў электрамагнітнага поля, што прывяло да разьвіцьця ягонай спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці. Ён разумеў, аднак, што прынцып рэлятыўнасьці таксама можа быць пашыраны да гравітацыйных палёў, і разам з наступнай сваёй працай пра тэорыю гравітацыі, якая была апублікавана ў 1916 годзе, Альбэрт апублікаваў агульную тэорыі рэлятыўнасьці. Ён працягваў займацца праблемамі статыстычнай мэханікі й квантавай тэорыяй, што прывяло яго да стварэньня тлумачэньняў тэорыі часьцінак і руху малекулаў. Ён таксама дасьледаваў цеплавыя ўласьцівасьці сьвятла, што заклала аснову тэорыі фатонаў сьвятла. У 1917 годзе Айнштайн ужыў агульную тэорыю рэлятыўнасьці дзеля мадэляваньня буйнамаштабнай структуры Сусьвету[15]. З прыходам да ўлады ў Нямеччыне нацыстаў стаў актывістам антываеннага руху.
Айнштайн за сваё жыцьцё апублікаваў больш за 300 навуковых і больш за 150 ненавуковых працаў[15]. Ягоныя інтэлектуальныя дасягненьні й арыгінальнасьць зрабілі ягонае прозьвішча сынонімам панятку геніяльнасьць[16]. Юджын Вігнэр параўноўваў яго са сваімі сучаснікамі, пішучы, што розум Айнштайна быў глыбейшым за розум Джона фон Ноймана, бо ён быў больш праніклівым[17].