Народ
From Wikipedia, the free encyclopedia
Наро́д — насельніцтва краіны, якое ўтварае грамадзтва і валодае здольнасьцю да самакіраваньня. Зьяўляецца носьбітам супольных правоў (самабытнасьць, самавызначэньне, сувэрэнітэт)[1].
- Ня варта блытаць з народнасьцю — моўнай супольнасьцю плямёнаў.
Сучасныя народы пачалі ўтварацца з XV—XVII ст. разам з пашырэньнем капіталізму. У выніку складваньня таварнай вытворчасьці і гандлю на ўзроўні агульнакраёвых рынкаў пераадольвалася адасобленасьць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэньне адзінай нацыянальнай мовы спрыяла ўтварэньню агульнанароднай культуры, асаблівасьцяў народнага характару і мэнталітэту, нацыянальнай самасьвядомасьці. Народныя дзяржавы часта складваліся на аснове аб’яднаньня блізкіх паводле мовы і культуры народнасьцяў (амэрыканцы, італьянцы, немцы, французы) і іх вылучэньня зь імпэрыяў (Асманская, Аўстра-Вугорская, Расейская). Іншыя ўзьнікалі на аснове адной самастойнай народнасьці. У краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі утварэньне народаў суправаджалася распадам каляніялізму і стварэньнем новых незалежных дзяржаваў[2].
Існуюць розныя народы, якія размаўляюць на адной мове — напрыклад, немцы і аўстрыйцы размаўляюць на нямецкай мове, ангельцы і амэрыканцы — на ангельскай мове. Таксама існуюць народы якія размаўляюць на розных мовах — напрыклад швайцарцы размаўляюць на нямецкай, францускай, італьянскай і рэтараманскай, беларусы — на беларускай і расейскай. Некаторыя народы выводзяць сваё паходжаньне ад нейкага агульнага, звычайна мітычнага, продка. Як напрыклад палякі ад Леха.
Навука, прадметам вывучэньня ў якой ёсьць побыт і культура розных народаў (ці дакладней — этнасаў), ёсьць этнаграфія (народазнаўства).