Сьпіс помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі, зруйнаваных уладамі СССР
From Wikipedia, the free encyclopedia
Русіфікацыя Беларусі, дакладней[1] маскалізацыя[2][3][4][5][lower-alpha 1] або расеіза́цыя[8][9][10] — мэтанакіраваная палітыка сьвядомага адрыву беларускага народу ад гістарычных традыцыяў, роднай культуры і мовы і насаджэньня расейскай мовы і культуры[11].
Радыкальныя ідэі бальшавікоў пра сацыяльнае пераўтварэньне і ўрбаністычны прагрэс прывялі да руйнаваньня цэлых архітэктурных ансамбляў. Паводле савецкіх генэральных плянаў зьнішчаліся гістарычныя трасы вуліцаў, узводзілася тыповая шматпавярховая забудова без уліку гістарычных кампазыцыйных дамінантаў, відавых пэрспэктываў і сылюэту. Прагматызм і вульгарная ідэалягізацыя прывялі да ўтварэньня татальна абязьлічанага мескага асяродзьдзя[12]. Напрыклад, у сярэдзіне 1970-х гадоў савецкія ўлады зруйнавалі ансамбль гістарычнай забудовы вуліцы Нямігі ў Менску, па чым яны збудавалі там шматпавярховы жылы дом паводле праекту Сьцяпана Мусінскага, ураджэнца Валагодзкай вобласьці Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1960 годзе[13]. А ў 1985 годзе на месцы зьнішчана савецкімі ўладамі кляштару дамініканаў пачалося ўзьвядзеньне гмаха Палаца Рэспублікі паводле праекту аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам Міхаіла Пірагова, ураджэнца Краснаярскага краю Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1975 годзе[14]. Гэтыя новыя будынкі ў Менску, як і іншыя савецкія гмахі ў гістарычных цэнтрах беларускіх местаў, парушылі цэласнасьць ансамбляў і сталі замінаць успрыманьню гістарычна-архітэктурных каштоўнасьцяў[15][16].
У 1930-я гады ў СССР пад заклікам змаганьня супраць рэлігіі пачалося масавае зьнішчэньне сакральных будынкаў усіх канфэсіяў, многія зь якіх былі ўнікальнымі помнікамі гісторыі і архітэктуры. У выніку гэтага акту вандалізму савецкія ўлады зьнішчылі архітэктурных ансамблі старажытных манастыроў ў Віцебску, Воршы, Полацку, Амсьціславе ды іншых. У Магілёве з мэтай «сацыялістычнай рэканструкцыі» места за адну ноч узарвалі 9 помнікаў сакральнай архітэктуры. У паваенны час зьнішчэньне помнікаў архітэктуры працягвалася пад прыкрыцьцём генэральных плянаў аднаўленьня і рэканструцыі местаў[lower-alpha 2]. Найбольшыя страты сярод архітэктурнай спадчыны беларусы панесьлі ў 1960—1970-я гады. Прытым, паводле гісторыка архітэктуры Аляксандра Лакоткі, не было такіх выпадкаў, каб мясцовыя жыхары палілі або расьцягвалі на бярвеньне зачыненыя і занядбаныя савецкімі ўладамі помнікі сакральнай архітэктуры[18].
Мастак Мікола Купава зьвяртае ўвагу на тое, што ў часы савецкага панаваньня бальшавікі часьцей руйнавалі ня цэрквы-мураўёўкі, а старажытныя беларускія сьвятыні[19]. Напрыклад, у Воршы адзіная збудаваная расейскімі ўладамі царква-мураўёўка засталася некранутай, тым часам савецкія ўлады зьнішчылі чатыры царквы і два касьцёлы, якія былі помнікамі архітэктуры барока часоў Вялікага Княства Літоўскага; у Шклове таксама захавалася толькі царква-мураўёўка, а пад руйнаваньне трапілі каштоўныя помнікі сакральнай архітэктуры магілёўскага барока і клясыцызму; у Магілёве захаваліся дзьве царквы-мураўёўкі, тым часам места страціла тры царквы і два касьцёлы, помнікі архітэктуры барока, а таксама тры царквы і касьцёл, помнікі архітэктуры клясыцызму. Падобная выпадкі таксама назіралася ў Лагойску, Койданаве, Дзісьне, Горадні ды іншых.