Інфарматыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Інфарма́тыка (параўн. ням.: Informatik, фр.: Informatique, англ.: computer science ― камп’ютарныя навукі ― у ЗША, англ.: computing science ― вылічальная навука ― у Вялікабрытаніі) ― навука пра метады атрымання, назапашвання, захоўвання, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання інфармацыі. Яна ўключае дысцыпліны, якія нейкім чынам датычацца апрацоўкі інфармацыі ў вылічальных машынах і вылічальных сетках: як абстрактныя, накшталт аналізу алгарытмаў, гэтак і даволі пэўныя, напрыклад, распрацоўка моў праграмавання.
Інфарматыка не больш навука пра камп’ютары, чым астраномія — навука пра тэлескопы. |
Паводле тэзіса Чэрча ― Цьюрынга (англ.) (бел., усе вядомыя тыпы вылічальных машын якасна эквівалентныя ў сваіх магчымасцях: любое дзеянне, выканальнае на адной вылічальнай машыне, таксама выканальна і на іншай. Тэзіс часам падаюць як падмуркавы прынцып інфарматыкі, звяртаючы адмысловую ўвагу на машыну Цьюрынга і машыну фон-нэйманаўскай архітэктуры, бо яны маюць відавочнае падабенства з большасцю сучасных камп’ютараў. У межах сучаснай інфарматыкі навукоўцы вывучаюць таксама і іншыя тыпы машын, не толькі практычна ажыццявімыя (такія, як паралельныя і квантавыя камп’ютары), але і адмыслова абстрактныя матэматычныя мадэлі (да прыкладу, РАМ-машына, якая мае бясконцы лік рэгістраў).
Тэрмін «інфарматыка» стаў ужывацца ў 1960-х гадах у Францыі для называння галіны, якая займаецца аўтаматызаванай перапрацоўкай інфармацыі, як зліццё французскіх слоў information і automatique (Ф. Дрэйфус (англ.) (бел., 1962).
Тэмамі даследаванняў у інфарматыцы з’яўляюцца пытанні: што можна, а што нельга рэалізаваць у праграмах і базах даных (тэорыя вылічальнасці і штучны інтэлект), якім чынам можна вырашаць спецыфічныя вылічальныя і інфармацыйныя задачы з максімальнай эфектыўнасцю (алгарытмы + базы даных), у якім выглядзе варта захоўваць і аднаўляць інфармацыю спецыфічнага тыпу (структуры і базы даных), як праграмы і людзі павінны ўзаемадзейнічаць адно з адным (карыстальніцкі інтэрфейс і мовы праграмавання і прадстаўленне ведаў) і т. п.