Навука
From Wikipedia, the free encyclopedia
Навука — сістэма аб'ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці, накіраваная на выпрацоўку і тэарэтычную сістэматызацыю аб'ектыўных ведаў аб рэчаіснасці. Класічная навука старажытнасці была цесна звязана з філасофіяй. Пачынаючы з XVII стагоддзя натурфіласофія, якую сёння называюць натуральнай навукай, разглядаецца як асобная ад філасофіі галіна. Тым не менш, слова «навука» працягвае выкарыстоўвацца ў шырокім сэнсе, які абазначае пэўнае веданне аб тэме, гэтак жа яна дагэтуль выкарыстоўваецца ў сучасных умовах.
У вузкім сэнсе слова «навука» ўжывалася такімі вучонымі, як Іаган Кеплер, Галілеа Галілей і Ісак Ньютан, калі яны пачалі вывучаць законы прыроды. У гэты перыяд паняцце з большага адносілася да натуральнай філасофіі, т. зв. натуральных навук. На працягу XIX стагоддзя, слова «навука» стала ўсё больш звязвацца з навуковым метадам, дысцыплінаваным падыходам да вывучэння прыроднага свету, у тым ліку фізікі, хіміі, геалогіі і біялогіі.
Навуковыя дысцыпліны, якія ў сукупнасці ўтвараюць сістэму навукі цалкам, умоўна падзяляюцца на 4 вялікія групы (падсістэмы):
- Навукі аб прыродзе або прыродазнаўчыя навукі
- Навукі аб грамадстве або грамадскія (гуманітарныя) навукі
- Навукі аб мысленні і пазнанні
- Прыкладныя навукі, накіраваныя на распрацоўку і стварэнне тэхнічных сродкаў, або тэхнічныя навукі
Унутры раздзелаў няспынна ідуць працэсы далейшай дыферэнцыяцыі (падзялення, удакладнення і здрабнення) і інтэграцыі (аб’яднання або спалучэння) навуковых дысцыплін. Такім чынам, існуючыя навуковыя дысцыпліны знікаюць або змяняюцца, з’яўляюцца новыя навуковыя дысцыпліны.
У залежнасці ад мэтавай скіраванасці, адносін да практыкі адрозніваюць фундаментальныя і прыкладныя навукі.