Актабэ
From Wikipedia, the free encyclopedia
Актабэ́ (был. Акцю́бінск; каз.: Ақтөбе [ɑqtøbe]ⓘ) — горад у Заходнім Казахстанё, адміністрацыйны цэнтр Акцюбінскай вобласці і аднайменнай гарадской адміністрацыі.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Актабэ размешчаны на захадзе Казахстана, у паўночнай частцы Акцюбінскай вобласці. Плошча — 297,39 км². У 1997 годзе ў веданне адміністрацыі горада перайшла тэрыторыя скасаванага Акцюбінскага раёна. Плошча новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўтварэння, што залучае ў сябе сам горад і пяць суседніх сельскіх акруг, склала 2 338 км². У межах горада працякаюць рака Ілек і некалькі яе прытокаў, блізка знаходзяцца Акцюбінскае і Саздзінскае вадасховішчы. З прычыны знаходжання ва ўнутранай частцы Еўразіі і значнай аддаленасці ад акіянаў, клімат горада з’яўляецца рэзка кантынентальным.
Актабэ займае пятае месца сярод гарадоў Казахстана па ліку жыхароў і з’яўляецца самым буйным горадам Заходняга Казахстана. Насельніцтва — 417 471 чалавек (1 кастрычніка 2017 года)[3]. Нацыянальны склад вельмі размаіты. Найболей шматлікія казахі (76,3 %) і рускія (16,89 %). Пераважнае веравызнанне гараджанаў — іслам і хрысціянства. У пяці сельскіх акругах, падначаленых гарадской адміністрацыі, жывуць 56 442 чалавекі. Актабінская агламерацыя, якая ў будучыні павінна «змясціць» 1,3 млн чалавек, складаецца з некалькіх дзясяткаў населеных пунктаў блізка Актабэ.
Горад быў заснаваны атрадам войскаў Расійскай імперыі у 1869 годзе як умацаванне Ак-Цюбе на левым беразе ракі Ілек, у тым месцы, дзе ў яе справа ўпадае Каргалы. 25 сакавіка 1891 года селішча атрымала статус павятовага горада Тургайскай вобласці і было пераназвана ў Акцюбінск. У гады Грамадзянскай вайны Акцюбінск стаў цэнтрам рэвалюцыйных сіл Тургайскага краю. Горад напераменку займалі войскі белых і бальшавікоў. У 1919 годзе ў Акцюбінску канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада. У 1921 годзе горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Акцюбінскай губерні. Пасля скасавання губерні ў 1928 годзе — цэнтр Акцюбінскай акругі, з 1932 года — цэнтр наватворнай Акцюбінскай вобласці. Насельніцтва горада, як і рэгіёна ў цэлым, пацярпела ад голаду ў 1920-х і ў 1930-х гадах. У час Вялікай Айчыннай вайны ў Акцюбінску было арганізавана некалькі ваярскіх фармаванняў, у горад быў эвакуяваны шэраг прадпрыемстваў з акупаваных частак СССР. У 1962—1964 гадах — цэнтр Заходне-Казахстанскага краю. З моманту распаду СССР у 1991 годзе горад з’яўляецца цэнтрам Акцюбінскай вобласці ў складзе незалежнай Рэспублікі Казахстан. Сучасны Актабэ — адзін з найбуйнейшых індустрыйных і культурных цэнтраў краіны з развітай хімічнай, лёгкай і харчовай прамысловасцю.