Біялогія
навука / From Wikipedia, the free encyclopedia
Біяло́гія (ад грэчаскага βιολογία — βίος, біас, «жыццё»; -λογία, -логія, «навука») — навука пра жыццё, адна з прыродазнаўчых навук, прадметам якой з’яўляюцца жывыя істоты і іх узаемадзеянне з навакольным асяроддзем. Біялогія вывучае ўсе аспекты жыцця, у прыватнасці, структуру, функцыянаванне, рост, паходжанне, эвалюцыю і размеркаванне жывых арганізмаў на Зямлі. Класіфікуе і апісвае жывыя істоты, паходжанне іх тыпаў, узаемадзеянне паміж сабою і з навакольным асяроддзем. Прадметам біялогіі з’яўляюцца ўсе праявы жыцця, як будова і функцыі жывых істот і іх прыродных супольнасцей, распаўсюджанне, вытокі і развіццё, сувязі паміж сабой і нежывой прыродай. Мэты біялогіі — вывучэнне заканамернасцей гэтых праяўленняў, раскрыццё сутнасці жыцця, сістэматызацыя жывых істот.
Як асобная навука біялогія вылучылася з прыродазнаўчых навук у XIX ст., калі навукоўцы выявілі, што жывыя арганізмы валодаюць некаторымі агульнымі для ўсіх характарыстыкамі. У падмурку сучаснай біялогіі ляжаць пяць фундаментальных прынцыпаў: клетачная тэорыя, эвалюцыя, генетыка, гамеастаз і энергія[1][2]. У наш час біялогія — стандартны прадмет у сярэдніх і вышэйшых вучэбных установах усяго свету. Штогод публікуецца больш за мільён артыкулаў і кніг па біялогіі і медыцыне [3].
У біялогіі вылучаюць наступныя ўзроўні арганізацыі:
- Клетачны, субклетачны і малекулярны ўзровень: клеткі маюць унутрыклетачныя структуры, якія будуюцца з малекул.
- Арганізмавы і органна-тканкавы ўзровень: у шматклетачных арганізмаў клеткі складаюць тканкі і органы. Органы ж у сваю чаргу ўзаемадзейнічаюць у рамках цэлага арганізма.
- Папуляцыйны ўзровень: асобіны аднаго і таго ж тыпу, што жывуць на частцы арэалу, ўтвараюць папуляцыю.
- Тыпавы ўзровень: вольна спароўваныя адзін з адным асобіны, якія валодаюць марфалагічным, фізіялагічным, біяхімічным падабенствам і займаюць вызначаны арэал (раён распаўсюджвання) фармуюць тып.
- Біягеацэнатычны і біясферны ўзровень: на аднастайным кавалку зямной паверхні ствараюцца біягеацэнозы, якія, у сваю чаргу, утвараюць, біясферу.
Большасць біялагічных навук з’яўляецца дысцыплінамі з вузейшай спецыялізацыяй. Традыцыйна яны групуюцца па тыпах даследчых арганізмаў: батаніка вывучае расліны, заалогія — жывёл, мікрабіялогія — аднаклетачныя мікраарганізмы. Далей галіны ў біялогіі падзяляюцца альбо па маштабах даследавання, альбо па ўжываных метадах: біяхімія вывучае хімічны падмурак жыцця, малекулярная біялогія — складаныя ўзаемадзеянні паміж біялагічнымі малекуламі, клетачная біялогія і цыталогія — асноўныя будаўнічыя блокі шматклетачных арганізмаў, клеткі, гісталогія і анатомія — будову тканак і арганізма з асобных органаў і тканак, фізіялогія — фізічныя і хімічныя функцыі органаў і тканак, эталогія — паводзіны жывых істот, экалогія — узаемазалежнасць розных арганізмаў і іх асяроддзі.
Перадачу спадчыннай інфармацыі вывучае генетыка. Развіццё арганізма ў антагенезе вывучаецца біялогіяй развіцця. Зараджэнне і гістарычнае развіццё жывой прыроды — палеабіялогія і эвалюцыйная біялогія.
На межах з сумежнымі навукамі ўзнікаюць: біяфізіка (вывучэнне жывых аб'ектаў фізічнымі метадамі), біяметрыя і г.д. У сувязі з практычнымі запатрабаваннямі чалавека ўзнікаюць такія кірункі як касмічная біялогія, сацыябіялогія, фізіялогія працы, біёніка.