Літарна-гукавое пісьмо
From Wikipedia, the free encyclopedia
Літарна-гукавое пісьмо, або фанаграфічнае пісьмо — разнавіднасць пісьма, у якой знак (літара) прадстаўляе асобны гук. Ідэальна збудаванае фанаграфічнае пісьмо ўлучае столькі літар, колькі гукаў у мове, і дакладна перадае ў напісаным гукавы склад кожнага слова. Трыма асноўнымі бакамі літарна-гукавога пісьма з’яўляюцца графіка, арфаграфія і алфавіт.
Літарна-гукавое пісьмо мае вялікія перавагі над усімі іншымі адменамі з прычыны ўласнай прастаты, меншай колькасці знакаў і лёгкасці перадачы граматычных форм словаў. Пры выкарыстанні такога пісьма спрашчаецца працэс авалодання чытаннем і пісаннем.
Найстарэйшае вядомае літарна-гукавое пісьмо ўзнікла на ўзбярэжжы Міжземнага мора ў Фінікіі каля 1600 г. да н.э. У сучасным свеце найбольш распаўсюджаныя сістэмы пісьма, заснаваныя на лацінскім, арабскім і кірылаўскім алфавітах.