украінская мастачка From Wikipedia, the free encyclopedia
Кацярына Васільеўна Білакур (па-ўкраінску: Катери́на Васи́лівна Білоку́р; 7 сьнежня 1900, Багданаўка, Палтаўская губэрня, Расейская імпэрыя — 10 чэрвеня 1961, Багданаўка, Ягатынскі раён, Кіеўская вобласьць, УССР) — украінская мастачка жанру наіўнага мастацтва, майстар народнага дэкаратыўнага жывапісу. Народны мастак Украінскай ССР (1956).
Кацярына Білакур | |
Дата нараджэньня | 25 лістапада (8 сьнежня) 1900[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 10 чэрвеня 1961[2] (60 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Занятак | малярка, плястычны артыст |
Жанры | наіўнае мастацтва[d] |
Узнагароды | |
Нарадзілася 24 лістапада (7 сьнежня) 1900 году ў в. Багданаўка Палтаўскай губэрні Расейскай імпэрыі. Бацька, Васіль Іосіфавіч Білакур, быў даволі заможным чалавекам, меў 2,5 дзесяціны ворнай зямлі, трымаў жывёлу. Мела братоў Рыгора і Паўла. У 6—7 гадоў Кацярына Білакур навучылася чытаць, аднак на сямейнай нарадзе вырашылі не аддаваць дачку ў школу, каб зэканоміць на вопратцы і абутку.
Маляваць пачала з раньніх гадоў, аднак бацькі не ўхвалялі гэты занятак і забаранялі ім займацца, бо ён адцягваў ад працы па гаспадарцы і мог пашкодзіць замужжу. Кацярына працягвала маляваць цішком ад родных, выкарыстоўваючы палатно і вугаль. Малявала дэкарацыі для драмгуртка, створанага суседам і сваяком Білакураў — Мікітай Танканогам. Пазьней Білакур таксама іграла на сцэне гэтага тэатру.
У 1922—1923 гадах даведалася пра Міргародскі тэхнікум мастацкай керамікі. Адправілася ў Міргарад, маючы пры сабе два малюнкі: «копія з нейкай карцінкі» і малюнак дзедаўскай хаты з натуры, выкананыя ўжо не на палатне, а на адмыслова для гэтага прыдбанай паперы. У тэхнікум Білакур не прынялі з-за адсутнасьці дакумэнта аб заканчэньні сямігодкі. Уражаная адмовай, яна вярнулася дадому пешшу.
Маляваць не пакідала і пасьля пачала наведваць драматычны гурток, арганізаваны сужэнцамі настаўнікамі Калітамі. Бацькі пагадзіліся на ўдзел дачкі ў спэктаклях, але пры ўмове, што драмгурток не будзе перашкаджаць рабоце па гаспадарцы.
У гуртку ставілі «Наталку Палтаўку» І. Катлярэўскага, «Сватаўства на Ганчароўцы» Р. Квіткі-Аснаўяненкі, «Наймічку» і «Безталанна» І. Карпенкі-Карага, «Маці-наймічку» І. Тагабочнага (інсцэнізацыю «Наймічкі» Т. Шаўчэнкі) і г. д. У свае 24-26 гадоў Білакур пераважна гуляла «маладзіц».
У 1928 годзе, даведаўшыся аб наборы студэнтаў у Кіеўскі тэатральны тэхнікум, вырашыла паспрабаваць свае сілы. Але сытуацыя паўтарылася: ёй зноў адмовілі з той жа прычыны.
Восеньню 1934 году спрабавала ўтапіцца ў рацэ Чумгак, у выніку чаго застудзіла ногі. Пасьля спробы самагубства бацька з праклёнамі пагадзіўся на занятак дачкі маляваньнем.
Пасьля заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны сям’я Білакур стала калгаснікамі. У 1948 годзе памёр бацька мастачкі. Кацярына некаторы час жыла з хворай маці, а пазьней да яе пераехаў яе брат Рыгор з жонкай і пяцьцю дзецьмі. У сям’і пачаліся шматлікія зваркі.
Вясной 1961 году да боляў у нагах дадаліся моцныя болі ў страўніку. Хатнія сродкі не дапамагалі, а ў аптэцы Багданаўкі не было неабходных лекаў.
У пачатку чэрвеня 1961 году памерла маці мастачкі. Праз некалькі дзён Кацярыну Білакур даставілі ў Ягоцінскую раённую бальніцу, дзе 10 чэрвеня ёй зрабілі апэрацыю, якая не дапамагла. У гэты ж дзень мастачка памерла. Пахавана ў в. Багданаўка, аўтар надмагільнага помніка — скульптар Іван Ганчар.
Увесну 1940 году Білакур пачула па радыё песьню «Чи я в лузі не калина була» ў выкананьні Аксаны Петрусенка і зьвярнулася да сьпявачкі з лістом, дадаўшы да яго малюнак каліны на шматочку палатна. Малюнак уразіў Петрусенка. Параіўшыся з сябрамі Васілём Касіянам і Паўлам Тычынай, яна зьвярнулася ў Цэнтар народнай творчасьці, пасьля чаго ў абласны цэнтар паступіла распараджэньне знайсьці Кацярыну Білакур і пацікавіцца яе працамі.
Багданаўку наведаў Уладзімер Хіцько, які ўзначальваў тады мастацка-мэтадычны савет абласнога Дому народнай творчасьці. Некалькі карцін ён паказаў у Палтаве мастаку Мацьвею Данцову. У 1940 годзе ў Палтаўскім доме народнай творчасьці была адкрыта пэрсанальная выстава мастачкі-самавучкі з Багданаўкі, якая ў той час складалася з 11 карцін. Выстава мела вялікі посьпех. Мастачку прэміравалі паездкай да Масквы. У суправаджэньні Уладзімера Хіцько яна наведала Трацьцякоўскую галерэю, Пушкінскі музэй.
У 1944 годзе Багданаўку наведаў дырэктар Дзяржаўнага музэю ўкраінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва Васіль Нагай. Ён прапанаваў Білакур зладзіць выставу і набыць яе карціны. Дзякуючы яму Музэй украінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва мае найлепшую калекцыю твораў Білакур.
У 1949 годзе стала сябрам Саюзу мастакоў Украіны.
Работы Кацярыны Білакур рэгулярна экспанаваліся на выставах у Палтаве, Кіеве, Маскве і іншых гарадах.
Тры карціны Білакур — «Цар-Колас», «Бярозка» і «Калгаснае поле» былі ўведзены ў склад экспазыіцыі савецкага мастацтва на Міжнароднай выставе ў Парыжы (1954). Білакур параўноўвалі з іншай прадстаўніцай «наіўнага мастацтва» — Сэрафінай Луі.
У мастачцы зьявіліся шматлікія сябры, перш за ўсё мастакі і мастацтвазнаўцы, сярод якіх яна знайшла разуменьне і павагу. Акрамя сустрэч, яна вяла з імі працяглую перапіску з Багданаўкі. Сярод яе адрасатаў — паэт Паўло Тычына і яго жонка Лідзія Папарук, мастацтвазнаўца Стэфан Таранушэнка, дырэктар Музэя ўкраінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва Васіль Нагай, мастакі і мастачкі Алена Кульчыцкая, Мацьвей Данцоў, Эма Гуровіч. У Багданаўцы ў Белакур зьявіліся вучаніцы: Вольга Бінчук, Тамара Ганжа, Ганна Самарская.
У асноўным Кацярына Білакур малявала кветкі. Нярэдка ў адной карціне спалучала вясновыя і восеньскія — такая карціна малявалася з вясны да восені. 6 вяргінь на карціне «Калгаснае поле» малявала тры тыдні. Акрамя кветак Кацярына Белакур малявала краявіды і партрэты. Некалькі разоў зьвярталася да сюжэту бусла, які прыносіць дзіця, але адмовілася ад гэтай ідэі са зьдзіўленьня і неразуменьня навакольных.
Акварэльлю і алоўкам працавала мала, мастачку больш прыцягвалі алейныя фарбы. Сама рабіла пэндзьлі — выбірала з кацінага хваста валасінкі аднолькавай даўжыні. Для кожнай фарбы — свой пэндзаль. Самастойна авалодала тэхнікай грунтоўкі палатна.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.