From Wikipedia, the free encyclopedia
Люўр Абу Дабі — мастацкі музэй у Абу Дабі, які адкрыўся ў 2017 годзе[2].
Люўр Абу Дабі | |
لوفر أبوظبي | |
Месцазнаходжаньне | Абу Дабі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты |
---|---|
Створаны | 7 сакавіка 2007[1] |
Адкрыты | 8 лістапада 2017 |
Дырэктар | Мануэль Рабатэ |
louvreabudhabi.ae |
У калекцыю Люўру Абу Дабі ўвайшлі экспанаты розных эпох і цывілізацый, у тым ліку карціны Пікаса[3], Гагена, Манэ, Магрыта, Бэліні[4].
Будынак музэю разьмешчаны на востраве Саадыят. На востраве таксама разьмесьцяцца філія музэю Салямона Гугенхайма ды Нацыянальны гістарычны музэй шэйха Зайда[4].
У будынку Люўру Абу Дабі шмат водных каналаў і велізарны ажурны купал. Гэта дазваляе стварыць у наведвальнікаў адчуваньне, што музэй знаходзіцца як бы пад адкрытым небам у адкрытым моры[5]. Плошча будынка складае прыкладна 24 000 м²[6].
Архітэктарам Люўру Абу Дабі зьяўляецца Жан Нувэль(be). Рашэньне аб стварэньні музэю было прынята ў 2007 годзе[6]. Будаўніцтва пачалося 26 мая 2009 году, на ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і Мухамад ібн Зайд аль-Нахаян, наследны прынц эмірату Абу Дабі[7].
Першапачаткова меркавалася, што Люўр Абу Дабі адкрыецца ў 2012 годзе[6]. У студзені 2012 году было абвешчана, што музэй адкрыецца ў 2015 годзе[8]. Пазьней дата адкрыцьця была перанесена на 2016 год[9]. У 2016 годзе ўлады Абу Дабі прызначылі дырэктарам музэю француза Мануэля Рабатэ і абвясьцілі, што музэй адкрыецца ў 2017 годзе[10][11]. 6 верасьня 2017 году міністр культуры Францыі Франсуаз Нісэн назвала канчатковую дату адкрыцьця Люўру ў Абу Дабі — 11 лістапада таго ж году. На цырымоніі адкрыцьця была заплянавана прысутнасць высокапастаўленых афіцыйных гасьцей на чале з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам[12]. 11 лістапада 2017 году музэй быў адкрыты для публікі[2]; урачыстая цырымонія з удзелам прэзыдэнтаў Францыі і ААЭ адбылася 8 лістапада[13].
Музэй паказвае каля 300 экспанатаў[14] з Люўру, Цэнтру Жоржа Пампіду(be), Вэрсалю[15]. У 2014 годзе было абвешчана, што Люўр Абу Дабі арэндуе ў францускіх музэяў «Цудоўную Феран’еру»[16] Леанарда да Вінчы, карціны Матыса, аўтапартрэт Ван Гога, «Напалеона на перавале Сэн-Бэрнар» Жака-Люі Давіда, «Вакзал Сэн-Лязар» Клёда Манэ[17].
Таксама ў музэі існуюць тэматычныя залы, дзе выстаўлены старажытнасьці розных краін: Кітаю, Індыі, Іраку, Конга і г. д. У музэі прадстаўлены побач рэлігійныя прадметы розных культур: старонка з «Блакітнага Карану(be)» IX стагодзьдзя, емэнская Тора 1498 году і дзьве гатычныя Бібліі XIII стагодзьдзя. Іншыя музэі арабскіх краін пазычылі Люўру Абу Дабі 28 значных экспанатаў, у тым ліку двухгаловы бюст з Айн-Газаля(ru) (Ярданія, 6000 г. да н. э.), каля 400 дырхэмаў з Аману і каменную прыладу з Саудаўскай Арабіі (350 000 гадоў да н. э.). Музэй называюць першым у арабскім сьвеце універсальным музэем[14][18].
Кошт будаўніцтва будынку Люўра Абу Дабі ацэньваюць у 83—107 мільёнаў эўра[6].
Парыскі Люўр у асобе агенцтва France-Muséums абавязваецца на працягу 30 гадоў аказваць кансультацыйныя паслугі, здаваць у арэнду прадметы мастацтва і даць права да 2037 году выкарыстоўваць брэнд Люўр — усё гэта абышлося стваральнікам музэю прыкладна ў мільярд эўра[14].
Рашэньне аб будаўніцтве Люўру Абу Дабі і перадачы яму карцін з калекцый францускіх музэяў выклікала крытыку сярод некаторых дзеячаў мастацтва Францыі[19]. 4700 экспертаў па музэях, археолягаў ды гісторыкаў мастацтва падпісалі петыцыю, у якой заяўлена, што «[францускія] музэі не прадаюцца»[20].
Таксама выказваліся абвінавачваньні ў эксплюатацыі рабочых, якія будавалі музэй. Напрыклад, газета The Guardian(be) назвала ўмовы працы будаўнікоў «сучасным рабствам»[21].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.