Сухоты
інфэкцыйнае захворваньне / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сухо́ты, або тубэркулёз (лац. tuberculum— бугарок) — інфэкцыйнае захворваньне чалавека і жывёлаў, якое выклікаецца некалькімі разнавіднасьцямі кіслотаўстойлівых мікрабактэрыяў (састарэлая назва — палачка Коха)[1]. Сухоты звычайна паражаюць лёгкія, радзей закранаючы іншыя органы й сыстэмы. Mycobacterium tuberculosis перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры размове, кашлі й чханьні хворага[2]. Часьцей за ўсё пасьля інфікаваньня мікабактэрыямі захворваньне працякае ў бессымптомнай, схаванай форме (тубінфіціяванасьць), але прыкладна адзін зь дзесяці выпадкаў схаванай інфэкцыі ў рэшце рэшт пераходзіць у актыўную форму.
Клясычнымі сымптомамі сухотаў лёгкіх ёсьць працяглы кашаль з макроцьцем, часам з крывахарканьнем, якое зьяўляецца на больш позьніх стадыях, ліхаманка, слабасьць, начная патлівасьць і значнае пахуданьне. Дыягностыка заснавана на флюараграфіі й рэнтгенаграфіі органаў і сыстэм, мікрабіялягічным дасьледаваньні рознага біялягічнага матэрыялу, рэакцыі Манту, а таксама мэтадзе малекулярна-генэтычнага аналізу й іншых. Лячэньне складанае й доўгае, якое патрабуе прыём прэпаратаў на працягу мінімум шасьці месяцаў. Асобаў, якія кантактавалі з хворым, абсьледуюць флюараграфічным мэтадам або з дапамогай рэакцыі Манту, з магчымасьцю прызначэньня прафіляктычнага лячэньня процітсухотнымі прэпаратамі.
Прыкметныя складанасьці ў лячэньні сухотаў узьнікаюць пры наяўнасьці ўстойлівасьці ўзбуджальніка да процісухотных прэпаратаў асноўнага і, радзей, рэзэрвовага шэрагу, якая можа быць выяўлена толькі пры мікрабіялягічным дасьледаваньні. Устойлівасьць да ізаніязіду й рыфампіцыну таксама можа быць усталяваная мэтадам ПЦР. Прафіляктыка сухотаў заснаваная на скрынінгавых праграмах, прафаглядах, а таксама на вакцынацыі дзяцей вакцынай БЦЖ або БЦЖ-М.