інфэкцыйнае захворваньне From Wikipedia, the free encyclopedia
Сухо́ты, або тубэркулёз (лац. tuberculum— бугарок) — інфэкцыйнае захворваньне чалавека і жывёлаў, якое выклікаецца некалькімі разнавіднасьцямі кіслотаўстойлівых мікрабактэрыяў (састарэлая назва — палачка Коха)[1]. Сухоты звычайна паражаюць лёгкія, радзей закранаючы іншыя органы й сыстэмы. Mycobacterium tuberculosis перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры размове, кашлі й чханьні хворага[2]. Часьцей за ўсё пасьля інфікаваньня мікабактэрыямі захворваньне працякае ў бессымптомнай, схаванай форме (тубінфіціяванасьць), але прыкладна адзін зь дзесяці выпадкаў схаванай інфэкцыі ў рэшце рэшт пераходзіць у актыўную форму.
Клясычнымі сымптомамі сухотаў лёгкіх ёсьць працяглы кашаль з макроцьцем, часам з крывахарканьнем, якое зьяўляецца на больш позьніх стадыях, ліхаманка, слабасьць, начная патлівасьць і значнае пахуданьне. Дыягностыка заснавана на флюараграфіі й рэнтгенаграфіі органаў і сыстэм, мікрабіялягічным дасьледаваньні рознага біялягічнага матэрыялу, рэакцыі Манту, а таксама мэтадзе малекулярна-генэтычнага аналізу й іншых. Лячэньне складанае й доўгае, якое патрабуе прыём прэпаратаў на працягу мінімум шасьці месяцаў. Асобаў, якія кантактавалі з хворым, абсьледуюць флюараграфічным мэтадам або з дапамогай рэакцыі Манту, з магчымасьцю прызначэньня прафіляктычнага лячэньня процітсухотнымі прэпаратамі.
Прыкметныя складанасьці ў лячэньні сухотаў узьнікаюць пры наяўнасьці ўстойлівасьці ўзбуджальніка да процісухотных прэпаратаў асноўнага і, радзей, рэзэрвовага шэрагу, якая можа быць выяўлена толькі пры мікрабіялягічным дасьледаваньні. Устойлівасьць да ізаніязіду й рыфампіцыну таксама можа быць усталяваная мэтадам ПЦР. Прафіляктыка сухотаў заснаваная на скрынінгавых праграмах, прафаглядах, а таксама на вакцынацыі дзяцей вакцынай БЦЖ або БЦЖ-М.
Сухоты суправаджалі чалавецтва спрадвеку. Яшчэ ў астатках костак старажытных людзей знаходзілі сьляды сухотнай паразы. Апісаньне хваробы знаходзілі ў эгіпецкіх герогліфах, старых пэрсыдзкіх кнігах, індыйскіх ведах. У бабілёнскіх законах Хамурапі ўстаноўлена права на развод з жанчынай, калі мужчына захварэў на сухоты. Старажытнагрэцкі лекар Гіпакрат у канцы V — на пачатку IV стагодзьдзя да н. э. апісаў праявы сухотаў і апісаў ягоны патагенэз, але лічыў гэтую хваробу спадчыннай, паколькі яна паражала цэлыя сем’і. Арыстотэль першым апісаў сухотны грудок, а Кляўдыюс Гален у Старажытным Рыме сьцьвярджаў, што гэтая хвароба зьяўляецца заразнай.
Відавочна, пад гэтай хваробай апісваліся розныя хваробы, якія суправаджаюцца інтаксыкацыяй, высільваньнем, крывохарканьнем, крывацёкамі, таму й узьнікла такая назва як сухоты (лац. phthisis), што азначае зьнясіленьне. Пад тэрмінам tuberculum разумелі зьмены, якія назіраюцца на паверхні органаў, або што-небудзь, што выступала над ягонай паверхняй пры выкрыцьці. У старажытных рускіх летапісах таксама згадваецца гэтая хвароба як запаленьне рэгіянальных лімфатычных вузлоў. Тады яе лячылі хірургічным мэтадам і прыпяканьнем. Так лячылі ў прыватнасьці кіеўскага князя Сьвятаслава Яраславіча ў 1076 годзе.
Нягледзячы на значнае распаўсюджваньне сухотаў ў Сярэднявеччы, навукоўцы ў асноўным карысталіся трактатамі старажытнагрэцкіх аўтараў, а працы Гіпакрата й Галена лічылі бясхібным. Толькі ў XVI стагодзьдзі вэнэцыянец Джыраляма Фракастора сьцьвярджаў, што сухоты заразныя й іх пераносіць нейкае «насеньне». У 1678 годзе галяндзкі лекар Францыск Сыльвіё апісаў сухотны горбік у лёгкіх памерлага й назваў яго tuberculum. Аднак ён лічыў, што гэта зьменены лімфатычны вузел. У 1689 годзе ангельскі лекар Рычард Мортан апублікаваў свой трактат пад назвай «Фтызіялёгія, або трактат пра сухоты», дзе выклаў падобныя здагадкі[3][4]. Толькі ў 1793 годзе таксама ангелец Бэйлі даказаў, што тыя горбікі — ня зьмененыя лімфатычныя вузлы, а спэцыфічныя стварэньні, характэрныя толькі для сухотаў, і якія могуць зьлівацца й распадацца.
Гэты напрамак дасьледаваньняў разьвіў і дапоўніў францускі вучоны Рэнэ Ляенэк (1881—1926). Ён даказаў, што горбік і казеозны нэкроз ёсьць унівэрсальны субстрат сухотаў. Ён таксама прапанаваў першую клясыфікацыю сухотаў і высунуў канцэпцыю пра апікакаўдальнае распаўсюджваньне сухотаў у лёгкіх. Прапанаваны ім мэтад аўскультацыі разам з распрацаванай яшчэ ў 1760 годзе Леапольдам Аўэнбругерам пэркусіяй, падалі шырокія магчымасьці для клінічнага распазнаньня сухотаў. 24 сакавіка 1882 году нямецкі мікрабіёляг Робэрт Кох апісаў сухотную мікабактэрыю(be) у сваім выступе з працай «Аб этыялёгіі тубэркулёзу»[5].
Найчасьцей на сухоты хварэюць пры аслабленым імунітэце, хранічнай хваробе й алькагалізме[6]. На 2010 год каля 80% дарослага насельніцтва Зямлі былі носьбітамі сухотнай мікабактэрыі[7]. Доля людзей, якія захворваюць на сухоты кожны год ва ўсім сьвеце, не зьмяняецца, аднак з-за росту колькасьці насельніцтва абсалютная колькасьць новых выпадкаў працягвае павялічвацца. У 2007 годзе налічвалася 13,7 млн зарэгістраваных выпадкаў хранічных актыўных сухотаў, 9,3 млн новых выпадкаў захворваньня й 1,8 млн выпадкаў сьмерці, галоўным чынам у краінах, якія разьвіваюцца[8]. Акрамя таго, усё больш людзей у разьвітых краінах заражаюцца на сухоты, таму што іхная імунная сыстэма слабее з-за прыёму імунасупрэсіўных прэпаратаў, злоўжываньня псыхаактыўных рэчываў і асабліва пры ВІЧ-інфэкцыі. Распаўсюд сухотаў разьмеркаваны нераўнамерна па ўсім сьвеце, каля 80% насельніцтва ў многіх азіяцкіх і афрыканскіх краінах маюць станоўчы вынік сухотных пробаў, і толькі сярод 5-10% насельніцтва ЗША такі тэст станоўчы. Паводле некаторых дадзеных, на тэрыторыі Расеі тубінфіцыраванасьць дарослага насельніцтва прыблізна ў 10 разоў вышэй, чым у разьвітых краінах[9].
На 2005 год да 70% насельніцтва мела заражэньне сухотнай мікабактэрыяй[10]. Штогод у краіне выяўляецца 5 тысячаў новых выпадкаў захворваньня. На 2009 год на ўліку знаходзілася 12,8 тысячаў хворых[11]. Празь перапыненьне лячэньня звыш чвэрці выпадкаў хваробы ў Беларусі маюць множную лекавую ўстойлівасьць, што вымагае хіміятэрапіі цягам 1,5-3 год[12]. У 2010 годзе ад хваробы памерла блізу 700 жыхароў краіны[13]. Большасьць памерлых складаюць людзі працаздольнага веку[14]. На 2009 год дзель хворых сярод зьняволеных у 7 разоў перавышала адпаведную дзель сярод насельніцтва Беларусі[15].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.