Ігніціс
энэргетычнае прадпрыемства Летувы From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
«Ігніціс» — дзяржаўнае прадпрыемства Летувы, заснаванае ў сакавіку 1991 году ў якасьці «Летувіскай энэргетыкі».
На 2025 год холдынг быў найбольшым у краінах Балтыі. Яго паямі гандлявалі на фондавай біржы «Насдак Вільні» пасьля іх першаснага адкрытага разьмяшчэньня 7 кастрычніка 2020 году на 450 млн эўра. «Ігніціс» меў звыш 50 даччыных прадпрыемстваў у краінах Балтыі, а таксама ў Польшчы і Фінляндыі. Холдынг займаўся вытворчасьцю і разьмеркаваньнем электраэнэргіі з аднаўляльных крыніцаў. У 2023 годзе стаў першым яе прыбярэжным вытворцам у Балтыі праз даччынае прадпрыемства «Ігніціс Аднаўляльнікі», якое атрымала дазвол на будоўлю ветравой электрастанцыі ў Балтыйскім моры каля Палангі на 700 мэгаватаў, а таксама ў 2-х месцах у Эстоніі на 1,5 гігаваты. На Кронскай гідраакумулявальнай электрастанцыі (Ковенскі павет) будавалі 5-ы энэргаблёк для павелічэньня магутнасьці да 1010 МВат у 2026 годзе. Кронская ГАЭС была адзіным энэргаўраўнаважвальнікам у краінах Балтыі, які мог безупынна забясьпечваць Летуву цягам 12 гадзінаў. На прадпрыемствах «Ігніцісу» працавала каля 4600 супрацоўнікаў. Магутнасьць электрастанцыяў на аднаўляльнай энэргіі складала 8 гігаватаў. Пастаўкі ажыцьцяўлялі больш як 1,4 млн побытавым пакупнікам і прадпрыемствам. Таксама холдынгу належала звыш 130 000 км лініяў электраперадачы (ЛЭП) і 9000 км разьмеркавальных газаправодаў[5].
Remove ads
Будова
На 2025 год холдынг «Ігніціс» улучаў прадпрыемствы вытворчасьці, разьмеркаваньня, пастаўкі і захаваньня цеплавой і электраэнэргіі, а таксама абслугоўваньня электрасеткі.
- «Ігніціс аднаўляльнікі». Заснаваны 14 студзеня 2019 году. Меў 22 даччыныя прадпрыемствы ў Летуве, па 11 — у Латвіі і Эстоніі, а таксама 8 — у Польшчы, якім належалі ветравыя і сонечныя элекстрастанцыі[6]. У 2024 годзе наймаў 276 чалавек, меў 1,659 млрд эўра сродкаў і прынёс 85 млн эўра выручкі[7].
- «Ковенская кагенэрацыйная электрастанцыя» (51% паёў; Бірулішкі, Ковенскі раён). Заснаваная 27 лютага 2015 году. Перапрацоўвала побытавыя і прамысловыя адкіды пасьля другаснага сартаваньня ў цеплавую і электраэнэргію. Забясьпечвала палову патрэбаў Коўны ў цеплыні. У 2024 годзе наймала 43 чалавек, мела 172 млн эўра сродкаў і прынесла 54 млн эўра выручкі[8].
- «Віленская кагенэрацыйная электрастанцыя». Заснаваная 26 лютага 2015 году. Вырабляла цяпло і электраэнэргію. Забясьпечвала 40 % патрэбаў Вільні ў ацяпленьні. Энэргаблёк адкідаў меў кацёл, у якім спальвалі побытавыя адкіды пасьля сартаваньня. Энэргаблёк біяпаліва меў 2 катлы. У 2024 годзе наймала 126 чалавек, мела 423 млн эўра сродкаў і прынесла 89 млн эўра выручкі[9].
- «Апэратар разьмеркаваньня энэргіі» («АРЭ»). Заснаваны ў сьнежні 2015 году. Разьмяркоўваў электраэнэргію і прыродны газ. Падлучаў да электрасеткі і газаправодаў новых спажыўцоў. Абслугоўваў 1,9 млн побытавых пакупнікоў і прадпрыемстваў у Летуве. Абслугоўваў звыш 130 000 км паветраных і (падземных) кабэльных лініяў электраперадачы (ЛЭП), а таксама звыш 9000 км разьмеркавальных газаправодаў. У 2024 годзе наймаў 2620 чалавек, мела 2,416 млрд эўра сродкаў і прынёс 703 млн эўра выручкі[10].
- ЗАТ «Ігніціс». Заснаваны 22 верасьня 2014 году. Забясьпечваў электраэнэргіяй і прыродным газам звыш 1,4 млн пакупнікоў у Летуве. Разбудоўваў электрастанцыі на аднаўляльнай энэргіі і сетку зарадных станцыяў для электрамабіляў, а таксама прапаноўваў абсталяваньне для ацяпленьня. Меў даччыныя прадпрыемствы пастаўкі энэргіі ў Латвіі, Эстоніі і Польшчы. У 2024 годзе наймаў 450 чалавек, меў 479 млн эўра сродкаў і прынёс 1,227 млрд эўра выручкі[11].
- «Ігніціс вытворчасьць». Заснаваны 28 жніўня 2008 году. Загадваў такімі найбольшымі вытворцамі электраэнэргіі ў Летуве, як Кронская гідраакумулявальная электрастанцыя (Кашадарскі раён, Ковенскі павет), камбінаваная парагазавая электрастанцыя «Электрэнскі комплекс» (Віленскі павет) і «Ковенская гідраэлектрастанцыя» на Нёмане. Забясьпечваў суладнасьць энэргасыстэмы Летувы з Сынхроннай сеткай мацерыковай Эўропы. У 2024 годзе наймаў 405 чалавек, меў 657 млн эўра сродкаў і прынёс 346 млн эўра выручкі[12].

- «Цэнтар паслугаў холдынгу Ігніціс». Заснаваны 14 сьнежня 2018 году. Загадваў закупкамі, бухгальтарскім улікам, кадравым падборам і весткавымі паслугамі. У 2024 годзе наймаў 677 чалавек, меў 43 млн эўра сродкаў і прынёс 51 млн эўра выручкі[13].
- «Аптымізацыя вытворчасьці». Заснаваная 14 сьнежня 2018 году. Гандлявала электраэнэргіяй і іншымі відамі энэргарэсурсаў, а таксама плянавала іх вытворчасьць. У 2024 годзе наймала 9 чалавек, мела 600 тыс. эўра сродкаў і прынесла 1,1 млн эўра выручкі[14].
- «Агенцтва электронных плацяжоў». Заснаванае 30 жніўня 2003 году. Збірала аплату за электраэнэргію, прыродны газ, водазабесьпячэньне, ацяпленьне, рамонт дома, сувязь, вываз сьмецьця і ахову ў побытавых спажыўцоў праз вэб-бачыны. У 2024 годзе наймала 7 чалавек, мела 1,8 млн эўра сродкаў і прынесла 900 тыс. эўра выручкі[15].
- «Кіраваньне транспартам». Заснаванае 15 лютага 2018 году. Наймала, здавала ў лізінг і рамантавала самаходы. У 2024 годзе наймала 11 чалавек, мела 13,8 млн эўра сродкаў і прынесла 5,6 млн эўра выручкі[16].
Remove ads
Пайшчыкі
На 2025 год асноўнымі пайшчыкамі «Ігніцісу» былі:
- Міністэрства фінансаў Летувы — 75 %;
- установы — 15 %;
- дробныя ўкладнікі — 10 %[17].
Ад 7 кастрычніка 2020 году 25 % паёў знаходзілася ў вольным абарачэньні на фондавай біржы «Насдак Вільні», а таксама ў выглядзе глябальных дэпазытарных расьпісак (ГДР) на Лёнданская фондавай біржы (Ангельшчына)[18].
Мінуўшчына
31 жніўня 1988 году Міністэрства энэргетыкі і электыфікацыі СССР ухваліла Загад № 406, якім пераўтварыла Галоўную вытворчую ўправу энэргетыкі і электрыфікацыі Летувіскай ССР у Вытворчае аб'яднаньне энэргетыкі і электрыфікацыі Летувіскай ССР. 13 сакавіка 1990 году Вярхоўны Савет Летувы зацьвердзіў Пастанову № 18 «Аб статусе прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў саюзнага і саюзна-рэспубліканскага падпарадкаваньня, разьмешчаных на тэрыторыі Летувы». Паводле Пастановы, вытворчае аб'яднаньне перадалі Ўраду Летувы пад назвай «Летувіская энэргетыка». 26 сакавіка 1991 году міністар энэргетыкі Летувы падпісаў новы Статут, паводле якога «Летувіскую энэргетыку» пераўтварылі ў дзяржаўнае прадпрыемства «Летувіская дзяржаўная энэргетычная сыстэма». 27 сакавіка 1991 году прадпрыемства атрымала ўлік у Віленскім гарадзкім рэестры прадпрыемстваў[19].
31 сакавіка 1992 году Загадам № 21 «Аб зьмяненьні структуры кіраваньня "Летувіскай дзяржаўнай энэргетычнай сыстэмай"» да Службы электратэхнікі далучылі Службу электрычных сетак і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. 11 жніўня 1995 году Міністэрства энэргетыкі Летувы ўхваліла Загад № 176 «Аб рэарганізацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Летувіская дзяржаўная энэргетычная сыстэма» («ЛДЭС») ў акцыйнае таварыства». 14 верасьня 1995 году Загадам № 40 па «ЛДЭС» яе пераўтварылі ў АТ спэцыяльнага прызначэньня «Летувіская энэргія». 4 сьнежня 1995 году яе зарэгістравалі за № АБ-95-1683. Супрацоўнікам прадпрыемства перадалі 9 % паёў. 8 красавіка 1997 году ўхвалілі Закон № 182 «Аб рэарганізацыі АТ спэцпрызначэньня "Летувіская энэргія" і перадачы цеплаэнергетычнай галіны мясцоваму самакіраваньню». У выніку са складу прадпрыемства вылучылі Віленскую і Ковенскую электрастанцыі, Клайпедзкае, Шавельскае, Панявескае і Аліцкае павятовыя падразьдзяленьні цеплазабесьпячэньня, а таксама Мажэйкаўскую раённую сетку цеплазабесьпячэньня. У складзе «Летувіскай энэргіі» засталіся лініі электраперадачы (ЛЭП), Летувіская (Электрэны) і Мажэйкаўская электрастанцыі, Ковенская і Кронская гідраэлектрастанцыі[19]. У 1997 годзе швэдзкае прадпрыемства «Ватэнфал» (Сольна) набыло 5 % паёў «Летувіскай энэргіі».
29 сакавіка 2000 году зацьвердзілі Загад № 37 «Аб спыненьні дзейнасьці філіі «Тэна» і зьмяненьнях у арганізацыі працы таварыства», у выніку якога да 1 кастрычніка «Тэна» спыніла мантажную дзейнасьць. 6 лістапада 2000 году ўхвалілі Загад № 222 «Аб стварэньні павятовыых падразьдзяленьняў сеткі электраперадачы», паводле якога стварылі Віленскае, Ковенскае, Клайпедзкае, Шавельскае і Ўцянскае падразьдзяленьні. 18 траўня 2000 году Сойм Летувы ўхваліў Закон № 1693 «Аб рэарганізацыі АТСП "Летувіская энэргія"». 16 кастрычніка 2001 году Сойм Летувы ўхваліў Пастанову № 551 «Аб разьмеркаваньні статутнага капіталу і абавязкаў, прадугледжаных праектам рэарганізацыі АТСП "Летувіская энэргія", між новастворанымі акцыйнымі таварыствамі». У выніку асобнымі прадпрыемствамі сталі «Летувіская электрастанцыя», «Мажэйкаўская электрастанцыя», «Усходнія разьмеркавальныя сеткі» (Вільня) і «Заходнія разьмеркавальныя сеткі» (Вільня). Праз гэта «Летувіская энэргія» засталася толькі пастаўніком электраэнэргіі[19].

28 жніўня 2008 году «Летувіская энэргія» ўвайшла ў склад «Летувіскай электрычнай арганізацыі» («ЛЭА»), дзе 62 % паёў меў Урад Летувы, а рэшту — прыватны холдынг «Віленскі гандаль», якому належалі «Заходнія разьмеркавальныя сеткі». У 2010 годзе «ЛЭА» пераўтварылі ў «Вісагінскую атамную электрастанцыю» пасьля продажу дзяржаве долі «Віленскага гандлю» ў выглядзе «Заходніх разьмеркавальных сетак». У 2013 годзе, пасьля рэфэрэндуму супраць АЭС, «Вісагінскую АЭС» перайменавалі ў «Летувіскую энэргію», а цяпер аднайменнае даччынае прадпрыемства — у «Летувіскую энэргавытворчасьць». У 2017 годзе сукупная выручка дасягнула 1,1 млрд эўра. У 2018 годзе на прадпрыемствах «Летувіскай энэргіі» працавала 2500 чалавек. 5 верасьня 2019 году холдынг перайменавалі ў «Ігніціс». 7 кастрычніка 2020 году 25 % яго паёў разьмясьцілі на фондавай біржы «Насдак Вільні» і «Лёнданскай фондавай біржы»[20].
Кіраўнікі
- Марыюс Грыневічус (2008—2009)
- Шарунас Васіляўскас (2009—2011)
- Рымантас Вайткус (2011—2013)
- Далюс Місюнас (2013—2017)
- Дарыюс Майкшценас (ад 2018 году)
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads