Ўілт Чэмбэрлен
баскетбаліст ЗША From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Ўі́лтан Но́рман «Ўілт» Чэмбэрле́н (па-ангельску: Wilton Norman «Wilt» Chamberlain; 21 жніўня 1936 — 12 кастрычніка 1999) — амэрыканскі баскетбаліст, які гуляў на пазыцыі цэнтравога. Уважаецца адным з самых выдатных гульцоў у гісторыі баскетболу. Двухразовы чэмпіён НБА (1967, 1972) ды чатырохразовы самы каштоўны гулец у 1960 і 1966—1968 гадах. Дзесяць разоў уваходзіў у сымбалічныя зборныя паводле вынікаў сэзону. Уваходзіць у склад 50 найлепшых гульцоў за ўсю гісторыю асацыяцыі ды 7 год запар быў самым выніковым гульцом сэзону з 1960 па 1966 гадоў. У сэзоне 1961—1962 гадоў усталяваў тры рэкорды, назьбіраўшы 100 пунктаў за адну гульню, 35 трапляньняў з гульні бяз пудлаў і 4029 пунктаў за 80 гульняў. 11 год запар быў найлепшым паводле падбораў у НБА. Таксама яму належыць рэкорд паводле самай вялікай колькасьці падбораў за ўсю гісторыю НБА — 55 падбораў за адну гульню.
Згуляў адну з галоўных роляў у фільме «Конан-руйнач».
Remove ads
Кар’ера
Пасьля расчараваньня ў студэнцкім баскетболе Чэмбэрлен пастанавіў сабе стаць прафэсійным гульцом, перш чым скончыў выпускны год. Аднак, у той час НБА не брала гульцоў да таго часу, пакуль яны ня скончаць выпускную клясу. Таму Чэмбэрлену было забаронена ўступаць у НБА цягам году, і ён у такім разе пачаў згуляць у «Гарлем Глоўбтротэрз» у 1958 году, за што атрымаў велізарную для таго часу суму ў 50 тысяч даляраў.

24 кастрычніка 1959 году Чэмбэрлен нарэшце дэбютаваў у НБА, выступаючы за «Філадэлфію Ўорыярз». Баскетбаліст адразу ж стаў самым высокааплатным гульцом НБА, падпісаўшы кантракт на суму ў 30 тысяч даляраў. Каманда складалася з Тома Гола і Пола Арызіна, якія былі ўлучаныя ў Залу славы баскетболу, а таксама Эрні Бэка і ягонага старога суперніка, Гая Роджэрза. Уся пачатковая пяцёрка складалася з жыхароў Філадэлфіі. У сваім першым матчы у НБА супраць «Нью-Ёрк Нікс» навак назьбіраў 43 пункты і зрабіў 28 падбораў[9]. У сваім першым сэзоне НБА Чэмбэрлен зьбіраў у сярэднім 37,6 пунктаў і рабіў 27 падбораў, пераканаўча пераўзвысіўшы папярэдні рэкорд рэгулярнага сэзону. Усяго за 56 гульняў ён назьбіраў 2102 пункты, тым самым перакрэсьліўшы папярэдні рэкорд Боба Пэтыта. Агулам Чэмбэрлен абнавіў восем рэкордаў НБА і быў названы самым каштоўным гульцом рэгулярнага чэмпіянату ды стаў навічком году ў тым сэзоне. «Ўорыярз» прабіліся ў плэй-оф НБА 1960 году і перамаглі «Сырак’юз Нэшнэлз», тым самым, арганізаваўшы сустрэчу з чэмпіёнамі Ўсходняга дывізіёну, клюбам «Бостан Сэлтыкс». Бостанцы аказаліся мацней за сваіх супернікаў.
У наступным сэзоне спартовец перасягнуў статыстыку пачатковага сэзону, зьбіраючы ў сярэднім 38,4 пунктаў і робячы 27,2 падбораў за гульню. Ён стаў першым гульцом, які пераадолеў бар’ер у 3000 пунктаў за сэзон. Чэмбэрлен быў настолькі дамінуючым у камандзе, што зьбіраў амаль 32% пунктаў сваёй каманды і рабіў 30,4% усіх падбораў[10]. У сэзоне 1962 году ён зьбіраў у сярэднім 50,4 пунктаў і рабіў 25,7 падбораў за гульню[11]. 2 сакавіка 1962 году ў Гэршы штату Пэнсыльванія ў сустрэчы супраць «Нью-Ёрк Нікс» баскетбаліст паклаў на свой рахунак 100 пунктаў. Чэмбэрлен у той дзень зрабіў 36 дакладных двухпунктавых кідкоў з 63 спробаў і рэалізаваў 28 штрафных кідкоў з 32 мажлівых. У плэй-оф НБА 1962 году «Ўорыярз» зноў сустрэліся з «Бостан Сэлтыкс» у фінале Ўсходняга дывізіёну. Гэтую каманду Боб Коўзі і Біл Расэл называлі найвялікшым складам «Сэлтыкс» усіх часоў[12]. У 7-й гульні, у якой разгарнулася вострая барацьба, абаронца «Сэлтыкс» Сэм Джонз зьдзейсьніў вырашальны кідок за дзьве сэкунды да канца гульні, тым самым, здабыўшы перамогу ў сэрыю для бостанцаў[12].
У сэзоне 1962—1963 гадоў каманда пераехала ў Сан-Францыска, стаўшы «Сан-Францыска Ўорыярз». У новам месца справы былі благімі, не зважаючы на выхад у фінал НБА, дзе каманда саступіла «Бостан Сэлтыкс» зь лікам 4:1[13]. Пагоршыўся фінансавы стан каманды, таму кіраўніцтва клюбу пастанавіла прадаць Чэмбэрлена ў «Філадэлфію Сэвэнці Сыксэрз». У новай камандзе была пэўная напруга, бо Гэл Грыр быў бясспрэчным лідэрам дружыны і не жадаў саступаць сваё месца, а Лусіюс Джэксан быў таленавітым цэнтравым і быў вымушаны стаць цяжкім форвардам, бо Чэмбэрлен заняў месца цэнтравага. Тым ня менш, цягам сэзону ўсе тры гульцы здолелі згуляцца[14]. Статыстыка Чэмбэрлена працягвала быць выбітнай, то бок атлет зьбіраў 34,7 пунктаў у другой палове сэзону[11]. Каманда трапіла ў фінал НБА, дзе саступіла «Бостан Сэлтыкс» у сямі матчах. Паводле словаў гульца, менавіта тады людзі пачалі называць яго бясшчасным[15].
Перад пачаткам сэзону 1966—1967 гадоў новым трэнэрам стаў суворы Алекса Ганума. На шумным зборы ў распранальні, ён закрануў некалькі ключавых момантаў, якія ён назіраў у мінулым сэзоне, і некаторыя зь іх паставілі Чэмбэрлена ў неспрыяльнае становішча. Форвард, Білі Канінггэм, заўважыў, што Ганум «ніколі не адступаў» і «ставіўся так, што было бачна хто тут быў галоўным». Зрабіўшы гэта, ён атрымаў павагу ад Чэмбэрлена[16]. Стасоўна да баскетболу, ён пераканаў яго зьмяніць свой стыль гульні, больш канцэнтруючыся на абароне[15]<ref«Wilt’s spirit was larger than life». ESPN.</ref>. Ягоная эфэктыўнасьць у гэтым сэзоне была адлюстраваная сэрыяй з 35 закінутых мячоў цягам чатырох гульняў у лютым[17]. За гэтыя подзьвігі Чэмбэрлен атрымаў сваю трэцюю ўзнагароду самага каштоўнага гульца. Зьмяніліся адносіны Чэмбэрлена і да сваіх сябраў па камандзе, бо яны сталі больш прыязнымі. У фінале канфэрэнцыі філадэлфійцы перамаглі «Бостан Сэлтыкс», а ў фінале быў пераможаны «Сан-Францыска Ўорыярз». Такім чынам, Чэмбэрлен упершыню стаў чэмпіёнам НБА. У новым сэзоне Чэмбэрлен працягваў канцэнтравацца на каманднай гульні, зьбіраючы 24,3 пунктаў і робячы 23,8 падбораў цягам сэзону[11]. Гулец атрымаў чацьвертую ўзнагароду самага каштоўнага гульца, але каманда ў плэй-оф саступіла «Бостан Сэлтыкс».

Пасьля гэтага баскетбаліст папрасіўся на абмен у «Лос-Анджэлес Лэйкерз». Уладальнік гэтай каліфарнійскай франшызы Джэк Кент Кук склаў з Чэмбэрленам беспрэцэдэнтную дамову, заплаціўшы яму 250 тысяч даляраў пасьля выплаты падаткаў. Чэмбэрлен прыяднаўся да каманды, у якой гулялі форвард Залы славы, Элджын Бэйлар, абаронца Залы славы, Джэры Ўэст, ды яшчэ шэраг выдатных гульцоў. Адзначалася, што Чэмбэрлену было цяжка прыстасоўвацца і адаптавацца, бо ён ня быў ані прыроджаным лідэрам, ані заўзятым пасьлядоўнікам[18]. Знаходзячыся ў сяброўскіх адносінах з Джэры Ўэстам, ён часта спрачаўся з капітанам каманды Элджынам Бэйларам. Аднак, найвялікшай праблемай былі ягоныя напружаныя адносіны з трэнэрам. У першым сэзоне ў новым месцы Чэмбэрлен часам сядзеў на лаве запасных, чаго раней зь ім не было, але статыстыка ўсё яшчэ была добрай. Каманда прасунулася ў фінал НБА, але ў драматычнай сэрыі зазнала паразу ад «Бостан Сэлтыкс». Сам гулец у апошняй сустрэчы пашкодзіў калена і ня здолеў дапамагчы камандзе ў апошніх хвілінах матчу.
У рэгулярным сэзоне 1969—1970 гадоў баскетбаліст сур’ёзна траўмаваў калены, але вярнуўся на пляцоўку. Тым ня менш, хуткасьць і спрытнасьць гульца зьнізіліся. З новым трэнэрам Білам Шэрманам баскетбаліст быў пераўтвораны ў абаронцу. Ужо ня будучы галоўным бамбардзірам, Чэмбэрлен быў прызначаны новым капітанам «Лэйкерз». Дзякуючы канцэнтрацыі на абароне, «Лэйкерз» пачалі беспрэцэдэнтную сэрыю перамог з 33 гульняў на шляху да тагачасных рэкордных 69 перамог у рэгулярным сэзоне. У фінале НБА 1972 году каманда зноў сустрэлася зь «Нью-Ёрк Нікс». У адной з сустрэчай сэрыі гулец зламаў руку, але працягнуў гуляць. Для таго, каб ён мог працягнуць гуляць у пятым матчы, рукі Чэмбэрлена былі спакаваныя ў тоўстыя накладкі. У выніку баскетбаліст быў названы самым каштоўным гульцом фіналу НБА[11], і захапляўся тым, што дамінаваў над «Нікс» у пятай гульні, быўшы траўмаваным[19]. Праз год фінал НБА паўтарыўся, але ўжо з дамінаваньнем нью-ёркцаў, якія сталі пераможцамі турніру. У апошняй пятай гульні Чэмберлэн зрабіў слэм-данк за адну сэкунду да заканчэньня матчу. Гэта быў апошні ягоны кідок у кар’еры НБА.
У 1973 годзе «Сан-Дыега Канкістадорз» зь іншай Амэрыканскай баскетбольнай асацыяцыі падпісалі кантракт з Чэмбэрленам, які мусіў быў быць гульцом-трэнэрам, маючы заробак у 600 тысяч даляраў[20]. Аднак «Лэйкерз» падалі пазоў у суд на сваю былую зорку і пасьпяхова перашкодзілі яму гуляць[15]. Баскетбаліст, пераважна, пакідаў абавязкі трэнэра свайму памочніку, а сам нават прапускаў гульні дзеля раздачы аўтографаў на прэзэнтацыі сваёй кніжкі[20]. Па сэзоне Чэмбэрлен сышоў з прафэсійнага баскетболу.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads