Беларускія народныя казкі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Беларускія казкі — творы вуснай творчасьці беларускага народу, папулярны фальклёрны жанр, перадаваны з пакаленьня ў пакаленьне.

Народныя казкі маюць павучальны характар, звычайна маюць пэўную мараль: любоў да роднай зямлі, роднай хаты, сям’і, праслаўленьне мудрасьці, мужнасьці, кемьлівасьці, асуджэньне здрайцаў, гультаёў, прыгнятальнікаў простага люду. Таксама прысутныя гумарыстычныя і сатырычныя творы, якія не нясуць выразнага пэдагагічнага характару. Таксама ў народных казках могуць знайсьці адлюстраваньне пэўныя гістарычныя падзеі.
Remove ads
Характарыстыка
Беларускія казкі маюць падабенства на казачны эпас славян, асабліва бліжэйшых суседзяў, рускіх і ўкраінцаў[1], але яны маюць свае адметныя рысы, ствараючы суцэльную прастору пэрсанажаў, тэм і сюжэтаў. Ім уласьцівыя глыбокая народная мудрасьць, высокая паэтычнасьць вобразаў, нязломная і сьветлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасьці, маральная цнатлівасьць і чысьціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасьць зьместу, займальнасьць апавяданьня[2].
Асноўным адрозьненьнем беларускіх казак зьяўляецца моцная міталягічная аснова. Яны данесьлі да нас шматлікія рысы побыту і сьветаўспрыманьня ранейшых часоў, якія былі страчаны ў фальклёры іншых славянскіх народаў[3].
Каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак ня маюць аналягаў у міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў[3].
Некаторыя жанры ў беларусаў куды багацейшыя, чым у суседзяў: да прыкладу, у беларускім рэпэртуары каля 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім — 196, а ў расейскім — 56[4].
Адметная асаблівасьць беларускага казачнага эпасу — казкі аб гераічных волатах-асілках, якія перамагаюць розных пачвар («Каваль-волат», «Удовін сын»). Да больш позьніх ставяцца казкі сацыяльна-бытавыя («Пану навука», «Мужык і пан», «Зайздросны поп»). Многія беларускія казкі, асабліва бытавыя, працятыя жыцьцярадасным гумарам[5].
Remove ads
Клясыфікацыя
Умоўна беларускія казкі можна падзяліць на тры асноўныя групы[2]:
- Казкі пра жывёл
- Чарадзейныя або мітычныя казкі
- Бытавыя казкі, аповяды і анекдоты
Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца сваімі асаблівасьцямі зьместу, сыстэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстраваньня рэчаіснасьці[1]. Менш пашыраны казкі кумулятуўныя, авантурныя, навелістычныя, дакучныя[6].
Казкі пра жывёл
Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжаньні, зьмястоўнай сутнасьцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх раньніх формаў першабытнага сьветапогляду, як анімізм (адушаўленьне) і антрапамарфізм (ачалавечваньне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму[2]. Па сваім зьмесьце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэньнем чалавечага і жывёльнага элемэнта[2]. Беларускія казкі аб жывёлах на думку многіх аўтарытэтных дасьледчыкаў, багатыя, разнастайныя, вылучаюцца высокім паэтычным майстэрствам і ўпрыгожваюць казачны эпас усходніх славян[7].
Паводзіны жывёл у казках атаясамліваюцца зь дзейнасьцю чалавека, гэтыя казкі часткова адлюстравалі ў сабе розныя эпохі гістарычнага разьвіцьця ўсходніх славян наогул і беларускага народу ў прыватнасьці[8].
Чарадзейныя казкі
Чарадзейныя казкі па сваім паходжаньні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зьмесьце — гэта мары і спадзяваньні людзей на лепшае жыцьцё ў будучым, іх імкненьні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі — заваёўнікамі[2]. У аснове многіх чарадзейных казак ляжыць сацыяльны канфлікт, які адлюстраваў спрадвечнае жаданьне працоўных пазбавіцца ад эксплюатацыі[1]. У казачным эпасе беларускага народу колькасна пераважаюць чарадзейныя казкі, у якіх дзейнічаюсь героі, здольныя на незвычайныя ўчынкі, нярэдка яны разам з памочнікамі перамагаюць злосных пачвар[6]. У гэтых казках выяўляюцца мары чалавека пра лепшае жыцьцё[6].
Існуе шэраг чарадзейных казак, дзе распавядаецца пра пераўтварэньні чалавека ў жывёл («Аб ведзьме, што мужыка ў сабаку перакінула», «Пра ахотніка», «Казачнік і пасельнік»). Дасьледчыкі лічаць такі пласт казак адным з самых старажытных і зьвязваюць яго з татэмічнымі ўяўленьнямі людзей[9].
Да нашага часу дайшло шмат беларускіх казак і песень, якія захавалі вобразы і сюжэты былін. У распаўсюджанай беларускай казцы «Іванка Прасьцячок» бачныя сьляды быліннага сюжэту. Як і Ільля Мурамец, Іванка Прасьцячок седзьма сядзеў на печы трыццаць тры гады. Яго вылечваюць тры старцы, пасьля чаго ён ідзе змагацца супраць памешчыкаў, прыгнятальнікаў беларускага народу. Служэньню грамадзкаму абавязку і заняволенай радзіме падпарадкаваныя ўсе дзеяньні Іванкі Прасьцячка. У казцы выкарыстоўваюцца былінныя прыёмы гіпэрбалізацыя для адлюстраваньня адвагі і волатаўскай адвядзі героя[10].
Сацыяльна-бытавыя казкі
Сацыяльна-бытавыя казкі маюць больш позьняе паходжаньне. У іх адлюстраваны рост класавай сьвядомасьці працоўных, барацьба супраць сацыяльнай няроўнасьці[6]. Сярод сацыяльна-бытавых казак асабліва трэба вылучыць пласт антыпанскіх і антыцаркоўных казак. Адмоўным пэрсанажам баларускіх антыпрыгоньніцкіх казак амаль заўсёды зьяўляецца пан-чужаземец[2]. Прадметам сатырычнага адлюстраваньня ў антыклерыкальных казках часьцей за ўсё зьяўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасьць, прагавітасьць і нахабства, паразітызм і амаральнасьць[2]. Уласна бытавыя казкі малююць селяніна ў яго паўсядзённым жыцьці, услаўляюць працавітасьць, глыбокі розум, дасьціпнасьць і сьціпласьць простата чалавека, асуджаюць гультайства, прагнасьць, зайздрасьць і іншыя заганы. Многія побытавыя казкі — гумарыстычныя, жартоўныя творы[1]. Сацыяльна-бытавыя казкі ахопваюць шырокае кола сацыяльных праблем: цяжкае жыцьцё прыгоннага сялянства, антаганістычныя супярэчнасьці ў класавым грамадзтве, высьмейваюцца эксплюатацыя працоўных, выкрываецца рэакцыйная сутнасьць царквы, крытыкуюцца людзкія заганы і недахопы[6].
Па асаблівасьцях адлюстраваньня рэчаіснасьці, па характары мастацкай выдумкі да сацыяльна-бытавых казак набліжаюцца авантурна-навелістычныя[1].
Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высьмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары, напрыклад, непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасьць, зайздрасьць, дурнота, імкненьне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Такія творы адлюстроўваюць этычныя і маральныя погляды народу[2]. Бытавыя казкі сьцьвярджалі ідэал народнага героя — сьмелага, мудрага, дасьціпнага і рашучага[6].
Remove ads
Пэрсанажы
- Асілкі: Вярнідуб, Вярнігар, Гарыня, Мікула Селянінавіч, Медзьвядзюк[11], Кацігарошак;
- Адмоўныя героі: Паганы цмок, Паны;
- Знаходлівыя героі: Жыхарка і Несьцерка.
Публікацыі і вывучэньне
Зьбіраньне, публікацыя і вывучэньне беларускіх казак, песень і іншых жанраў фальклёру ставіцца да канца XVIII стагодзьдзя. У першай палове XIX стагодзьдзя выходзіць з друку шэраг каштоўных зборнікаў беларускага фальклёру. Шырокае зьбіраньне, публікацыя і дасьледаваньне беларускага фальклёру пачынаецца ў другой палове XIX стагодзьдзя. У 1868 М. Дзьмітрыеў ў Горадні выдае каштоўны зборнік «Досьвед зьбіраньня песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю». Праз год ім выдаецца ў Вільні «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю»[10].
Шмат зрабіў у галіне збору і публікацыі беларускага фальклёру І. Насовіч. З 1886 году сталі выходзіць зборнікі беларускага фальклёру Е. Р. Раманава пад агульнай назвай «Беларускі зборнік» (9 выпускаў), куды ўвайшлі 1200 народных песень і 321 казка, сотні прыказак, загадак, замоў. Гэта першы зьбіральнік, які сам асабіста запісваў беларускі фальклёр[10].
Другім буйным зьбіральнікам беларускага фальклёру, у тым ліку і казак, быў П. Шэйн, які выдаў зборнік у чатырох кнігах пад агульнай назвай «Матэрыялы для вывучэньня побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю»[10].
Зьбіраньнем і вывучэньнем беларускіх казак займаліся Е. Раманаў, А. Пыпін, А. Весялоўскі, А. Лабада, У. Мілер[10], М. Федароўскі, А. Сержпутоўскі, П. Бяссонаў, П. Шэйн, М. Нікіфароўскі, З. Радчанка, У. Вярыга, А. Шлюбскі і іншыя.
Толькі ў дарэвалюцыйны час выдадзена каля ста зборнікаў беларускага фальклёру, безумоўна, гэта нязначная частка таго, што існавала ў народзе.
Remove ads
Ацэнкі
Вядомы казказнаўца С. Саўчанка казаў:
![]() |
…мы можам сьмела сьцьвярджаць, што па жывасьці і хараству апавяданьня беларускія казкі ня маюць сабе роўных | ![]() |
Беларускія казкі патрапілі ў знаныя зборнікі рускіх казак А. Афанасьева, у «Bajarz polski» А. Глінскага і атрымалі ў фалькларыстаў высокую ацэнку. Яны папулярныя ня толькі ў суседзяў, напрыклад, з 1966 па 1980 г. у Нямеччыне зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове «Belorussische Volksmarchen» перавыдаваўся дзесяць разоў[12] Са 122 казак, якія ўвайшлі ў зборнік, 36 зьяўляюцца перакладам упершыню апублікаваных беларускіх казак, запісаных вядомым спэцыялістам па казках Л. Барагам. Ён таксама зьяўляецца аўтарам падрабязнага навуковага камэнтарыя да казачных тэкстаў і пасьляслоўя да гэтага збору[13][14].
Remove ads
Праект «Беларускія народныя казкі для дзетак»
17 лістапада 2010 году ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі адбылася прэзэнтацыя кнігі «Народныя казкі для дзетак».
Знойдзеныя ў розных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь Алегам Хаменкам старадаўнія беларускія казкі былі бязвыплатна перададзены ЮНІСЕФ[15].
На паштовых марках
Беларускія народныя казкі зьяўляюцца папулярнай тэматыкай паштовых марак Беларусі[16]. Зрэшты, выявы з пэрсанажамі беларускіх казак сустракаюцца таксама і на марках іншых краінаў.
- «Сіняя сьвіта навыварат шыта» на паштовай марцы Беларусі, 2001
- «Ох і залатая табакерка» на паштовай марцы Беларусі, 2001
- «Курачка Раба» на паштовай марцы Ўкраіны, 2002
- Кацігарошак на паштовай марцы Ўкраіны, 2004
- Казка «Музыка-чарадзей» на паштовай марцы СССР, 1988
- «Ліса, заяц і певень». Паштовая марка СССР, 1961
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads