Бярозаўскае гета
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Бяро́заўскае ге́та — жыдоўскае гета ў Бярозе, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі.
Стварэньне
Немцы ўвайшлі ў Бярозу 23 чэрвеня 1941 року, наступным днём пасьля пачатку ўварваньня ў СССР. 26 чэрвеня была спаленая сынагога разам з вакольнымі хатамі. Усіх жыдоў нацысты сагналі ў гета, створанае на вуліцах Вуглянскай і 3-га Траўня[1]. Сюды былі зьвезеныя і жыды з вакольных вёсак.
Празь некалькі дзён былі створаныя юдэнрат і жыдоўская паліцыя для кантролю і арганізацыі выкананьня акупацыйных загадаў. Усіх жыдоў абавязалі здаць каштоўнасьці і насіць на кожнай руцэ, на грудзях і сьпіне жоўтыя зоркі[1].
У пачатку ліпеня 1942 гета было падзеленае на дзьве часткі[2][3]. У гета «A» зьмясьцілі так званых «карысных» жыдоў, чыя праца магла быць патрэбная нацыстам. У гета «B» загналі ўсіх астатніх.
У геце дзейнічала падпольная група, некаторыя чальцы якой здолелі ўратавацца і часткова далучыліся да партызанскіх атрадаў[3]. Некаторыя зь мяшканцаў гета «A» ўцякалі таксама ў Пружанскае гета[2].
Remove ads
Ліквідацыя
28 жніўня 1941 былі расстраляныя каля 100 жыдоў[3]. Яшчэ каля 1 000 вязьняў гета «B» 15 ліпеня 1942 року зьнішчылі ля вёскі Бронная Гара. Агулам за час акупацыі тут былі забітыя более за 50 000 чалавек, прывезеных з гета Берасьцейскай вобласьці.
Ранкам 15 кастрычніка 1942 гета «A» было акружанае эсэсаўцамі. Зразумеўшы, што гітлераўцы намераныя вынішчыць гета, жыды сабралі апошнія каштоўнасьці, аднесьлі іх да краўца Абрама Грынбэрга і падпалілі ягоную хату, каб нічога не пакінуць акупантам. Частка чальцоў юдэнрату вырашылі не чакаць і скончылі жыцьцё самагубствам[1][2].
Паліцаі загналі жыльцоў гета ў машыны і пазвозілі да вёскі Смалярка за пяць кілямэтраў ад Бярозы, дзе тых прымушалі распранацца і расстрэльвалі да заходу сонца. На працягу 15—16 кастрычніка ў раёне Смаляркі было расстраляна каля 1800 жыдоў.
Агулам у Бярозаўскім гета на працягу ягонага існаваньня загінулі болей за 8000 чалавек[4].
Remove ads
Памяць
На адным зь месцаў масавых забойстваў жыхароў Бярозы ўсталяваны абэліск[5].
Ва ўрочышчы Смалярка ўсталяваны помнік вязьням гета, расстраляным у 1942 року[6].
Крыніцы і заўвагі
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads