Дортмунд
горад у Нямеччыне From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
До́ртмунд (па-нямецку: Dortmund) — горад зямельнага падпарадкаваньня на захадзе Нямеччыны, у фэдэральнай зямлі Паўночны Райн — Вэстфалія. Насельніцтва 601 343 чалавекі (2023). Гэта трэці паводле велічыні горад свайго рэгіяну пасьля Кёльну і Дусэльдорфу, а таксама дзявяты горад у Нямеччыне агулам. Горад уважаецца таксама другім паводле велічыні, дзе ўжываюць ніжненямецкі дыялект пасьля Гамбургу.
Remove ads
Гісторыя

На поўдні сучаснага Дортмунда месьціцца было гарадзішча Зыгібург, якое стаіць ля ракі Рур пры ейным утоку ў раку Леннэ. Зараз на месцы Зыгібурга стаяць руіны пазьнейшага замка Гогэнсыбург. Як мяркуецца, гарадзішча мае саксонскае паходжаньне, але археалягічных і дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму бракуе. Падчас Саксонскіх войнаў ён быў узяты франкамі, ачоленымі Карлам Вялікім, у 772 годзе, але праз два гады адваяваны саксамі. У 77 годзе быў ізноў узяты і ўмацаваны Карлам Вялікім. Археалягічныя знаходкі сьведчаць аб тым, што Зыгібург быў заселены ў эпоху нэаліту[3]. Першы раз Дортмунд быў згаданы ў афіцыйных дакумэнтах прыкладна ў 882 годзе як Тротмані. У 1005 годзе тут ладзіўся царкоўны сабор, а ў 1016 годзе зьбіраўся імпэрскі сойм[4].
Пасьля таго, як горад быў зьнішчаны пажарам, імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых I Барбароса адбудаваў яго наноў у 1152 годзе і жыў у ім сярод іншых месцаў цягам двух гадоў. У 1267 годзе ўпершыню згадваецца царква сьвятой Марыі ў Дортмундзе, а праз тры гады ў 1270 годзе — царква сьвятога Райнальда. Спалучэньне добрай сеткі шляхоў, наяўнасьці рынкавага пляцу і статусу адміністрацыйнага цэнтру зрабіла Дортмунд важным цэнтрам у Вэстфаліі. У 1293 годзе ён стаў імпэрскім вольным горадам і адным зь першых гарадоў у Эўропе з афіцыйным правам на браварства[5]. Цягам XII—XIV стагодзьдзяў места зважалася адным з галоўных гарадоў Ганзейскага зьвязу.

Напярэдадні 1344 году ангельскі кароль Эдўард III нават запазычыў грошы ў заможных дортмундзкіх купецкіх сем’яў Бэрсворт і Клепінг, прапанаваўшы каралеўскую карону ў якасьці закладу. У 1388 годзе граф Марк аб’яднаў свае сілы з арцыбіскупам Кёльну і паспрабаваў захапіць гораду. Пасьля доўгай аблогі, якая доўжылася 18 месяцаў, адбыліся мірныя перамовы, зь якіх Дортмунд выйшаў пераможцам. У 1400 годзе рэзыдэнцыя першага Фэмічнага суда знаходзілася ў Дортмундзе, на плошчы між дзьвюма ліпамі. З ростам уплыву Кёльну ў XV стагодзьдзі рэзыдэнцыя была перанесена ў Арнсбэрг у 1437 годзе. Пасьля таго, як Кёльн быў выключаны з Ганейскага зьвязу паводле вынікаў ангельска-ганзейскай вайны (1470—1474), Дортмунд стаў сталіцай Райнска-Вэстфальскай і Нідэрляндзкай акругаў зьвязу. У 1543 годзе ў месьце адкрылася гарадзкая гімназія, якая стала адной з найстарэйшых школаў у Эўропе[5]. У 1661 годзе землятрус спрычыніў разбурэньне царквы сьвятога Райнальда. Згодна з заключнай рэзалюцыяй імпэрскай дэпутацыі 1803 году Дортмунд быў далучаны да княства Насаў-Аранж-Фульда, у выніку чаго ён страціў статус вольнага імпэрскага гораду.
Падчас індустрыялізацыі Прусіі Дортмунд стаў буйным цэнтрам здабычы вугалю і сталі. Горад пашырыўся, а ягонае насельніцтва павялічылася з 57 742 чалавек у 1875 годзе да 379 950 чалавек у 1905 годзе. Таксама зьявіліся новыя жылыя раёны, якія паўсталі менш чым за 10 гадоў. У 1920 годзе Дортмунд быў адным з цэнтраў супраціву Капаўскага путчу, то бок правага вайсковага перавароту, зьдзейсьненага супраць ураду, які быў ачолены на той час сацыял-дэмакратамі. Падчас паўстаньня ў Руры радыкальныя рабочыя сфармавалі 50-тысячную Рурскую Чырвоную Армію ў надзеі стварыць урад савецкага тыпу. Яны былі разьбітыя ўрадавымі войскамі і часткамі Фрайкорпсу са значнымі стратамі[6]. 11 студзеня 1923 году францускія і бэльгійскія войскі акупавалі Рур. Прэм’ер-міністар Францыі Раймон Пуанкарэ такім чынам рэагаваў на невыкананьне Нямеччынай патрабаваньняў Вэрсальскага дагавора аб рэпарацыях[7]. Акупацыя ўсьцяж трывала да жніўня 1925 году. За гітлераўскі час Старая сынагога, якая адчыніла свае дзьверы ў 1900 годзе, была зьнішчаная ў 1938 годзе. Здольная зьмясьціць 1300 вернікаў, гэта быў адзін з найбуйнейшых габрэйскіх малітоўных дамоў у Нямеччыне.
Remove ads
Эканоміка

Дортмунд адаптаваўся да новай рэчаіснасьці пасьля краху сваёй стагадовай сталеліцейнай, вугальнай і броварнай прамысловасьці. Рэгіён перайшоў на разьвіцьцё высокія тэхналёгіі, робататэхніку, біямэдычныя тэхналёгіі, мікрасыстэмныя тэхналёгіі, інжынэрыю, турызм, фінансы, адукацыю і паслугі, і таму ўважаецца за адзін з самых дынамічных гарадоў новай эканомікі ў Нямеччыне. У 2009 годзе Дортмунд быў клясыфікаваны як вузлавы горад у Індэксе інавацыйных гарадоў, апублікаваным на 2thinknow[8].
Шмат малых і сярэдніх прадпрыемстваў дагэтуль базуюцца ў Дортмундзе і ягоных ваколіцах. У Дортмунде таксама працуе шэраг сярэдніх кампаніяў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў[9], многія зь якіх павязаныя зь мясцовым тэхнічным унівэрсытэтам, дзякуючы стварэньню першага тэхналягічнага цэнтру Нямеччыны пад назовам Тэхналёгіяпарк-Дортмунд, які быў зафундаваны ў 1980-х гадах. У гэтым тэхналягічных парку зарэгістраваныя блізу 280 кампаніяў, такіх як Boehringer Ingelheim і Verizon Communications, а ашгулам тут працуюць больш за 8500 супрацоўнікаў. Такім чынам, ён уважаецца адным з самых пасьпяховых тэхналягічных паркаў у Эўропе. Места шчыльна супрацоўнічае з навукова-дасьледчымі інстытутамі, прыватнымі ўнівэрсытэтамі і кампаніямі ў камэрцыялізацыі навуковых ініцыятываў. Акрамя таго, у Дортмундзе налічваецца 680 кампаніяў, якая працуюць у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, а колькасьць супрацоўнікаў сягае 12 тысячаў, што робіць горад адным з найбуйнейшых цэнтраў праграмнага забесьпячэньня ў Нямеччыне. Два з 10 найбуйнейшых дастаўцаў ІТ-паслугаў у Нямеччыне месьціцца ў Дортмундзе, як то — adesso SE і Materna Group.
У Дортмундзе месьцяцца сядзібы многіх страхавых кампаній, як то Signal Iduna, Continentale Krankenversicherung, BIG direkt і Volkswohl Bund. У апошнія гады тут добра павялічыўся сэктар паслугаў і высокатэхналягічная галіна.
Гандаль

Вэстэнгельвэг уважаецца за папулярнае месца для закупаў. У 2013 годзе гэта была самая наведвальная гандлёвая вуліца Нямеччыны, якую за гадзіну праходзіла амаль 13 тысяч чалавек[10]. У Сярэднявеччы Дортмунд быў адзіным свабодным імпэрскім горадам у Вэстфаліі, бо ўжо тады лічыўся важным гандлёвым цэнтрам. Сёньня тут ёсьць некаторыя з самых вядомых крамаў і ўнівэрмагаў краіны. Вэстэнгэльвэг мае адную з самых высокіх арэндных ставак за гандлёвыя і офісныя памяшканьні ў Паўночным Райне — Вэстфаліі[11].
Вядомымі гандлёвымі цэнтрамі места ёсьць Тыр-Галерэя, Галерэя-Каўфгаф і Карштат, дзе месьцяцца буйныя крамы моднага адзеньня. Цягам месяца перад Калядамі ў пашыранай пешаходнай зоне ладзіцца Дортмундзкі калядны кірмаш, адзін з найбуйнейшых і найстарэйшых калядных кірмашоў краіны. З больш чым 3,5 мільёнамі наведвальнікаў і 300 шапікамі вакол гіганцкай каляднай яліны вышынёю 45 мэтраў, гэта адзін з самых наведвальных і папулярных кірмашоў у сьвеце[12]. Непадалёк ад канцэртнай залі Дортмунду месьціцца раён Брукштрасэнфіртэль, дзе пераважна адпачывае моладзь. Жыхары места называюць вуліцу Брукштрасэ, якая месьціцца ў гэтым раёне, «Вуліцаю памідораў фры». Яна ператварылася на сучасную гандлёвую прамэнадную вуліцу, арыентаваную на маладую аўдыторыю.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
