Жанчыны ў белым
кубінскі апазыцыйны рух From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
„Жанчы́ны ў бе́лым“ (па-гішпанску: Damas de Blanco) — кубінскі грамадзкі рух, заснаваны ў 2003 року пасьля хвалі рэпрэсіяў, вядомай як „Чорная вясна“. Пачынаўся як штонядзельныя шэсьці ў белых вопратках (сымбаль чысьціні і цноты) жонак ды іншых сваякоў зьняволеных кубінскіх дысыдэнтаў. Рух пратэстуе супраць таталітарызму кубінскага рэжыму, перасьледу праваабаронцаў, турэмнага зьняволеньня шматлікай колькасьці палітвязьняў.

У 2005 року рух Эўрапейскі парлямэнт узнагародзіў рух „Жанчын у белым“ прэміяй „За свабоду думкі“ імя Сахарава.
Remove ads
Утварэньне
У часе „Чорнай вясны“ 2003 року кубінскія ўлады арыштавалі, безсудова катавалі ды зьняволілі 75 праваабаронцаў, незалежных журналістаў ды бібліятэкараў на турэмныя тэрміны да 28 гадоў[1] за патрабаваньне правядзеньня рэфэрэндуму наконт увядзеньня свабодных выбараў, свабоды прэсы, слова і веравызнаньня. Дзяржава абвінаваціла ўсіх у „дзейнасьці супраць незалежнасьці ці тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы“, у тым ліку прыналежнасьці да „нелегальных арганізацый“, прыняцьці грошай ад сэкцыі інтарэсаў ЗША ў Гаване(en), „рабаўніцтвах“, „тэрарыстычнай дзейнасьці“ і супрацоўніцтве з замежнымі СМІ.
На думку Камітэту па абароне журналістаў, „Чорная вясна“ парушыла самыя падставовыя нормы міжнароднага права, улучна з артыкулам 19 Міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правох, які гарантуе кожнаму чалавеку права на „пошук, атрыманьне і распаўсюд інфармацыі ды ідэяў любых відаў, незалежна ад межаў, як вусна, так і пісьмова ці друкавана, у мастацкай форме альбо на любым іншым носьбіце па сваім выбары“[2].
Праз два тыдні пасьля прысудаў сваякі зьняволеных склалі ядро руху, лідэркай якога стала Ляўра Палян († 14.10.2011)[3]. Жанчыны пачалі штонядзельныя малітвы за вязьняў ля касьцёлу сьвятой Рыты ў Гаване. Пасьля кожнай імшы яны ладзілі шэсьце ад касьцёлу да найбліжэйшага парку, прычым кожная з жанчын несла фота свайго зьняволенага сваяка з колькасьцю гадоў турмы. Белую вопратку апраналі ў 1970-я рокі аргентынскія Маці з плошчы Траўня, якія такім чынам дамагаліся ад хунты інфармацыі пра сваіх зьніклых дзяцей.
Remove ads
Дзейнасьць
Кубінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што рух „Жанчын у белым“ фінансуецца з ЗША, а сапраўдныя намеры ўдзельніц — разбурэньне дасягненьняў кубінскай рэвалюцыі[4]. Будзь-якія доказы датычнасьці ЗША да стварэньня „Жанчын у белым“ адсутнічаюць, аднак існуюць прадстаўленыя WikiLeaks дакумэнты, якія сьведчаць пра актыўнае супрацоўніцтва зь імі Аддзелу інтарэсаў ЗША ў Гаване і пра запыт сродкаў на дапамогу руху[5].
Акцыі руху рэгулярна сканчаюцца разгонамі і арыштамі[6]. На Вербную нядзелю 2005 року адбыўся напад на пратэстоўцаў 150 удзельніц праўрадавай Фэдэрацыі кубінскіх жанчын.
У сакавіку 2010 року паліцыя затрымала каля 30 удзельніц руху, якія йшлі маршам у падтрымку маці зьняволенага Арлянда Сапаты Тамаё(d), што загінуў падчас галадаваньня[7].
30 лістапада 2010 року прадстаўніца руху Івона Мальеса Галяна з мужам Ігнасыё Мартынэсам Мантэхам былі арыштаваныя за тое, што трымалі плякат „Спыніць голад, пакуты і беднасьць на Кубе“[8]. Разам зь імі была затрыманая Ізабэль Гайдзі Альварэс Маскеда, якая спрабавала перашкодзіць арышту. Іх зьмясьцілі ў турму без прад’яўленьня абвінавачваньняў, што адразу асудзілі шматлікія праваабарончыя групы, у тым ліку і Кубінская камісія правоў чалавека і нацыянальнага прымірэньня. 20 студзеня 2011 року, на 52-і дзень зьняволеньня, усе трое былі вызваленыя празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як Міжнародная амністыя прызнала іх „вязьнямі сумленьня“.
Да 2010 року камуністычныя ўлады вызвалілі 23 з 75 зьняволеных, асуджаных на працяглыя тэрміны зьняволеньня пасьля „Чорнай вясны“ — пераважна з прычыны кепскага стану здароўя. 4 траўня 2010 ў акцыі пратэсту „Жанчын у белым“ узяў удзел архібіскуп Гаваны кардынал Хаймэ Люкас Артэга і Аляміна. У гэтым жа месяцы дзякуючы пасярэдніцтву каталіцкай царквы былі вызваленыя яшчэ 52 вязьні, большасьць зь якіх былі вымушаныя эміграваць.
У сакавіку 2011 року кубінскія ўлады вызвалілі апошніх з 75 палітвязьняў[9]. Аднак рух жанчынаў працягнуў праваабарончую дзейнасьць, нягледзячы на затрыманьні, дыскрымінацыю дзяцей, праблемы з працай.
У студзені 2012 року „Жанчыны ў белым“ удзельнічалі ў посьце салідарнасьці з зьняволеным дысыдэнтам Вільмарам Вільярам Мэндосам, які абвясьціў галадаваньне і пазьней памёр ад зьнясіленьня[10].
16—17 сакавіка 2012 року каля 70 удзельніц руху на чале зь лідэркай Бэртай Солер былі арыштаваныя па дарозе ў касьцёл ці пасьля імшы. 19 сакавіка ўсе былі вызваленыя без прад’яўленьня абвінавачваньняў[4], аднак з папярэджаньнямі ад таемнай паліцыі пра цяжэйшыя наступствы ў выпадку далейшых пратэстаў. Такім чынам улады ізалявалі „Жанчын у белым“ на час візыту папы рымскага Бэнэдыкта XVI[11].
21 сакавіка Міжнародная амністыя прызнала вязьнямі сумленьня ўдзельніцу руху Ясьмін Канеда Рывэрон і ейнага мужа Юсмані Рафаэля Альварэса Эсморы, арыштаваных у студзені пасьля канфлікту з прадстаўніком камуністычнай партыі і абвінавачаных у „гвалце з службовай асобы“. 5 красавіка сямейная пара была вызваленая пад заклад[12].
9 сьнежня 2012 року кубінская паліцыя зноўку арыштавала з прымяненьнем гвалту каля 100 „Жанчын у белым“, сарваўшы сьвяткаваньне Дня правоў чалавека[13].
У студзені 2015 року дзякуючы дзейнасьці „Жанчын у белым“ былі вызваленыя 53 палітвязьні[14].
19 сакавіка 2016 року перад прыездам на Кубу прэзыдэнта ЗША Барака Абамы кубінскія ўлады арыштавалі на шэсьці больш як 50 „Жанчын у белым“.
Remove ads
Прэмія Сахарава
У 2005 прэмія Сахарава за свабоду думкі была ўручаная некалькім ляўрэатам: „Рэпартэрам бязь межаў“, нігерыйскай праваабаронцы Хауве Ібрагім ды „Жанчынам у белым“. Для атрыманьня ўзнагароды былі выбраныя пяць прадстаўніц руху: Ляўра Палян, муж якой Эктар Масэда атрымаў 20-гадовы вырак; Мірыям Лэйва, муж якой Оскар Эсьпіноза Чэпэ быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы; Бэрта Солер, муж якой Анхель Моя Акоста атрымаў 20-гадовы вырак; Лёйда Вальдэс, муж якой Альфрэда Фэліпэ Фуэнтэс атрымаў 26-гадовы вырак; Хулія Нуньес, муж якой Адольфа Фэрнандэс Сайнс атрымаў 15-гадовы вырак. Аднак кубінскі ўрад ня выпусьціў лідэрак руху на цырымонію ўзнагароджаньня прэміі ў Страсбуры[15]. У 2013 року Бэрта Солер змагла выехаць за мяжу і атрымаць узнагароду.
Глядзіце таксама
- Цэнзура на Кубе
- Правы чалавека на Кубе
- Жанчыны ў чорным
- Маці з плошчы Траўня
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads