Оламаўц
места ў Оламаўцкім краі Чэхіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
О́ламаўц (па-чэску: Olomouc, па-нямецку: Olmütz, па-лацінску: Eburum альбо Olomucium) — горад у Чэхіі, цэнтар Оламаўцкага краю. Горад Оламаўц знаходзіцца ва ўсходняй частцы Чэхіі, у цэнтры гістарычнага рэгіёну Маравія на абодвух берагах ракі Моравы. У горадзе жыве каля ста тысяч жыхароў, шчыльнасьць насельніцтва складае 993 жыхары на км². Акрамя таго ў Оламаўцы жыве больш за дзесяць тысяч студэнтаў Унівэрсытэту Палацкага і іншых навучальных установаў. Оламаўц заснаваны ў 1253 годзе. У свой час ён быў сталіцай Мараўскай дзяржавы.
Remove ads
Гісторыя
Ужо ў VII стагодзьдзі тут паўстала паселішча славянаў пад назовам Повэл, якое лічылася адным з трох найважнейшых мараўскіх населеных пунктаў раньняга Сярэднявечча. У пачатку IX стагодзьдзя паселішча было заваяванае і цалкам зьнікла[3]. Новае паселішча, дзе жыў вялікамараўскі кіраўнік, перажыло паразу Вялікай Маравіі, якое адбылося блізу 907 году, і паступова стала сталіцай правінцыі Маравія.
Оламаўцкае біскупства паўстала ў 1063 годзе. Стагодзьдзямі пазьней, у 1777 годзе, яно быў пераведзенае ў ранг арцыбіскупства. У 1141 годзе пры біскупе Індржыху Здыку рэзыдэнцыя біскупа была перанесеная з касьцёла Сьвятога Пятра, які пасьля быў зьнішчаны, у касьцёл Сьвятога Вацлава. Біскупскі палац быў пабудаваны ў раманскім архітэктурным стылі. Біскупства набыло вялікія зямельныя надзелы, асабліва ў паўночнай Маравіі, стаўшы адным з самых заможных у гэтым рэгіёне. Оламаўц стаў адным з найважнейшых паселішчаў у Маравіі, рэзыдэнцыяй ураду Пржамыславічаў. У 1306 годзе кароль Вацлаў III спыніўся тут па дарозе ў Польшчу. Ён зьбіраўся пазмагацца з Уладзіславам I Лакеткам за правы на польскую карону, але быў забіты[4]. Зь ягонай сьмерцю ўся дынастыя Пржамыславічаў зьнікла.

Горад афіцыйна паўстаў у сярэдзіне XIII стагодзьдзя і стаў адным з найважнейшых гандлёвых і ўрадавых цэнтраў рэгіёна. У Сярэднявеччы ён быў найбуйнейшым горадам у Маравіі і канкураваў з Брно за статус сталіцы, але канчаткова саступіў яго пасьля таго, як швэды захапілі горад і ўтрымлівалі яго восем гадоў з 1642 па 1650 гады. У 1235 годзе манголы ўварваліся ў Эўропу, у тым ліку пасьля бітвы пры Лягніцы ў Польшчы зьдзейсьнілі набегі на Маравію, але былі разьбітыя ля ўмацаванага Оламаўца[5]. Пасьля гэтага манголы ўварваліся і разграмілі Вугоршчыну[6]. У 1454 годзе горад выгнаў габрэяў за час хвалі антысэмітызму. Другая палова XV стагодзьдзя лічыцца пачаткам залатога веку Оламаўца. Тут адбылося некалькі каралеўскіх сустрэчаў, гэтак у 1469 годзе ў месьце Мацьяша Корвіна быў абраны каралём Багеміі. У 1479 годзе тут сустрэліся два каралі Багеміі, як то Ўладзіслаў II і Мацьяш Корвін, дзе склалі пагадненьне, вядомае як Оламаўцкі мір 1479 году, аб падзеле краіны.
У 1740 годзе горад быў захоплены і ненадоўга ўтрымліваўся прусамі. Оламаўц быў умацаваны Марыяй Тэрэзіяй за час войнаў з Фрыдрыхам Вялікім, які беспасьпяхова трымаў аблогу места цягам сямі тыдняў у 1758 годзе. У 1848 годзе Оламаўц стаў месцам адрачэньня імпэратара Фэрдынанда. Праз два гады аўстрыйскія і нямецкія дзяржаўныя дзеячы зладзілі ў месьце канфэрэнцыю, на якой пагадзіліся аднавіць Германскую канфэдэрацыю. У 1746 годзе ў горадзе паўстала першае навуковае таварыства на землях, якія кіраваліся аўстрыйскімі Габсбургамі. У значнай ступені праз свае царкоўныя сувязі з Аўстрыяй, у прыватнасьці з Зальцбургам, горад быў пад уплывам нямецкай культуры з часоў Сярэднявечча. Германізацыя горада, верагодна, была вынікам касмапалітычнага характару гораду.

Не зважаючы на гэтыя ўплывы, чэская мова дамінавала, асабліва ў царкоўным жыцьці цягам XVII і XVIII стагодзьдзяў. Калі кампазытар і музыка аўстрыйскага паходжаньня Філіп Рытлер заняў пасаду ў Вацлаўскай катэдры ў другой палове XVII стагодзьдзя, ён палічыў неабходным вывучыць чэскую мову. З працяглым дамінаваньнем Габсбургаў і міграцыяй этнічных немцаў у гэты рэгіён выкарыстаньне чэскай мовы скарацілася. Да XIX стагодзьдзя колькасьць этнічных немцаў у горадзе была ў тры разы вышэйшая за колькасьць чэхаў[7]. Горад захоўваў свае абарончыя гарадзкія сьцены амаль да канца XIX стагодзьдзя, што было павязанае з тым, што на думку кіраўнікоў зь мескай рады, знос сьценаў дазволіў бы пашырыць горад і прыцягнуць больш чэхаў з суседніх вёсак, але ўлады аддавалі перавагу захаваньня нямецкаму ўплыву ў горадзе. Пашырэньне адбылося ўжо па Першай сусьветнай вайне і стварэньні Чэхаславаччыны. У 1919 годзе Оламаўц далучыў да сябе два суседнія гарады і 11 навакольных вёсак, атрымаўшы новую прастору для дадатковага росту і разьвіцьця.
Падчас абедзьвюх сусьветных войнаў узьнікла сур’ёзная напружанасьць паміж этнічнымі чэхамі і немцамі. За часам Другой сусьветнай вайны горад быў пад нямецкай акупацыяй, і большасьць этнічных нямецкіх жыхароў перайшлі на бок нацыстаў. Гарадзкая рада, якой кіравалі немцы, перайменавала галоўны пляц у гонар Адольфа Гітлера. У Крышталёвую ноч 10 лістапада 1938 году мяшчане зьнішчылі сынагогу. Горад быў вернуты Чэхаславаччыне, хоць і з усталяваным савецкім урадам камуністычным рэжымам, які заставаўся ва ўладзе да падзеньня камунізму ў 1980-х гадах.
Remove ads
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads