Падляшша
гістарычны край на мяжы Беларусі з Польшчай From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Падля́шша, Падля́сьсе — гістарычны рэгіён на захадзе Вялікага Княства Літоўскага, а потым у складзе Кароны Каралеўства Польскага, які ахопліваў Дарагічынскую, Мельніцкую і Бельскую землі.

Назву рэгіёну (вядомая з XV ст.) выводзяць ад слова «палексяне» (polexiane) — назвы аднаго зь яцьвяскіх плямёнаў, ад выразу «зямля пад ляхамі» (то бок на мяжы з Польшчаю) або «зямля пад лесам» (адсюль лацінская назва Падляшша — Subsilvania).[1]
Remove ads
Гісторыя

Абшар Падляшша ў раньнім сярэднявеччы быў вельмі сьціпла заселены. Ад X ст. пачаўся працэс паступовага засяленьня гэтых зямель усходнаславянскімі плямёнамі, галоўным чынам уздоўж рэк Буга, Нурца і Нарава. Заходняславянскія пасяленьні сталі зьяўляцца тут ўпершыню ад XI ст., калі мазавецкія князі празь нейкі час займалі Дарагічын.
Праз усё XIII і пачатак XIV стагодзьдзяў Падляшша было месцам тэрытарыяльнага спору паміж Каралеўствам Польскім, Вялікім Княства Літоўскім і Галіцка-Валынскім княствам. У выніку шматлікіх збройных паходаў ранейшыя пасяленьні былі зьнішчаныя. Толькі ў XIV ст. пачаліся новыя хвалі асадніцтва. Ад захаду паміж Нарвай і Бугам пасяляліся тут прадстаўнікі дробнай мазавецкай шляхты, даходзячы да лініі Самулкі — Боцькі — Дарагічын. На ўсход ад гэтае лініі разьмяшчаліся буйныя маёнткі значнай шляхты, якія былі заселеныя пераважна русінамі, што паходзілі з ваколіцаў Дарагічына і Берасьця. Такі працэс засяляньня земляў над Бугам і Нарвай працягваўся да XVII—XVIII стагодзьдзяў. На поўначы Падляшша калянізацыя адбылася значна пазьней — ваколіцы Райгараду і Гонядзя сталі засяляцца толькі на пачатку XVI ст., калі гэтыя маёмасьці былі адданыя вялікім князям Міхалу Глінскаму, а ў 1509 годзе Мікалаю Радзівілу[2].
У 20—30 гады XIV ст. Падляшша разам зь Берасьцейшчынай было канчаткова ўлучанае ў склад Вялікага Княства Літоўскага Гедымінам[3]. У 1413 годзе ўсё Падляшша ўвайшло ў склад навастворанага Троцкага ваяводзтва і знаходзілася ў яго складзе да 1513 году, калі ўтварылася асобнае Падляска-Берасьцейскае ваяводзтва з сталіцай у Дарагічыне. Па адмністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе 1565—1566 гадоў ад ваяводзтва адлучылося Берасьцейскае ваяводзтва і Падляшша стала абхопліваць тры паветы з цэнтрамі ў Дарагічыне, Мельніку і Бельску. Згодна зь Люблінскай вуніяй Падляшша адлучалася ад Вялікага Княства Літоўскага і пераходзіла ў склад Каралеўства Польскага[4].
Remove ads
Насельніцтва
Народжаныя на Падляшшы беларускія гісторык Ігнат Даніловіч і мовазнаўца Міхал Баброўскі, дзеці ўніяцкіх сьвятароў, вызначалі сябе як ліцьвінаў[5]. У 1856 годзе Стэфан Куклінскі засьведчыў, што жыхары Падляшша ў сваёй мове (што, паводле гэтага жа аўтара, межавала з «мовай уласна беларускай, якая ў мясцовых жыхароў называецца „літоўскай“[6]») у тыя часы называлі «ліцьвінамі» носьбітаў гэтай амаль літаратурнай беларускай мовы: «…одзіонъ Панъ споткауши якоһось Лицьвина, што добрэ лhау, бы һэто ты кажэ јому: „а ну Михалку, Ондрей (чи якъ тамъ joho звали) золжи мнјѣ што-лѣнь“. — „А калиба һэта, Паночку, — кажэ Лицьвинъ, — нямаю цяпѣрь часу лhаци, ба пришла рыба да hаци, людзи нясуць, вьязуць, а я пабѣhу хучѣй хаць тарбинку набьяру“»[7]. У 1889 годзе адзначалася, што «і за Бугам, напрыклад у Седлецкай губэрні, беларуса іначай не назавуць, як ліцьвінам»[8]. Польскі этнограф Оскар Кольбэрг пры апісаньні Падляшша (1890 год) зазначаў, што жыхары яго паўночнай часткі «размаўляюць на дыялекце руска-літоўскім, набліжаным да беларускага, які тут проста называюць літоўскім»[9]. Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[10]. Таксама ў ваколіцах Беластоку яшчэ ў канцы XX ст. казалі пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцьвін — не чалавек!» або «Ліцьвін — то чортаў сын!»[11]. Увогуле, традыцыйнае называньне ва ўсходняй частцы Польшчы ліцьвінамі (польск. «Lićwini») мясцовых беларусаў адзначаецца і да нашага часу[12][13].
Remove ads
Галерэя
- Помнікі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры
- Мікольская царква, Бельск
- Царкоўная званіца, Бельск
- Прачысьценская царква, Гадышэва
- Барбарынская царква, Дарагічын
- Мікольская царква, Кляшчэлі
- Царкоўная званіца, Кляшчэлі
- Царква Сьвятых Кірылы і Мятода, Орля
- Мікольская царква, Тыкоцін
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads