Пльзень
места ў Чэхіі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Пльзень, Плзэнь альбо Пільзна (па-чэску: Plzeň, па-нямецку: Pilsen, па-польску: Pilzno) — места ў заходняй Багеміі ў Чэхіі. Сталіца Пльзенскага краю (вобласьці) і чацьверты па колькасьці насельніцтва горад у Чэхіі. Пльзень знаходзіцца за 90 км ад Прагі на зьліцьці чатырох рэк (Радбузы, Мжэ, Углавы і Уславы), якія ўтвараюць раку Бэроўнку. Пльзень зьяўляецца радзімай Пэтра Чэха.
Remove ads
Гісторыя

Першая пісьмовая згадка пра Пльзенскі замак датуецца 976 годам. Горад Новы Пльзень быў закладзены побач у 1295 годзе каралём Вацлавам II. Старое паселішча тады стала вядома як Стары Пльзень, а Новы Пльзень пачало называцца наўпрост як Пльзень. Ён хутка стаў важным горадам на гандлёвых шляхах, якія вялі з Багеміі ў Нюрнбэрг і Рэгенсбург. Першая пісьмовая згадка пра піваварства датуецца 1307 годам. У XIV стагодзьдзі ў горадзе жыло блізу 3 тысяч жыхароў на плошчы 20 га, што рабіла яго трэцім паводле велічыні горадам у Багеміі пасьля Прагі і Кутнай Горы[2]. Падчас гусіцкіх войнаў ён быў цэнтрам каталіцкага супраціву гусітам. Пракоп Вялікі тройчы беспасьпяхова абложваў места, а горад далучыўся да лігі каталіцкіх баяраў супраць караля Іржы з Подзебрадаў. У 1470-х і 1480-х гадах у горадзе зьявілася першая друкарня ў Багеміі. Першай кнігай, надрукаванай тут, і таму найстарэйшай кнігай у Багеміі, ёсьць «Статута» працы Арнаштам з Пардубіцаў, якая была надрукавана ў 1476 годзе[2].
Імпэратар Рудольф II зрабіў Пльзень сваёй рэзыдэнцыяй, дзе жыў з 1599 па 1600 гады. За часам Трыццацігадовай вайны горад быў узяты Эрнстам фон Мансфэльдам у 1618 годзе пасьля аблогі, вядомай як бітва пры Пльзэне. Імпэрскія войскі адбілі яго толькі ў 1621 годзе. Альбрэхт фон Валенштайн зрабіў яго сваёй зімовай рэзыдэнцыяй у 1633 годзе. Абвінавачаны ў здрадзе і страце падтрымкі свайго войска, ён уцёк зь места 23 лютага 1634 году ў Эгер, дзе праз два дні быў забіты. У апошнія гады вайны гораду ўсё больш пагражалі швэды. Камандзір гораду Ян ван дэр Кроон умацоўваў Пльзень з 1645 па 1649 гады. Швэдзкія войскі мінулі гораду ў 1645 і 1648 гадах, не атакуючы яго. Мяшчане і жыхары ўсяго рэгіёну застаюцца зацятымі каталікамі, не зважаючы на гусіцкія войны[3]. З канца XVII стагодзьдзя архітэктура места трапіла пад уплыў стылю барока.

У другой палове XIX стагодзьдзя Пльзень, які ўжо быў важным гандлёвым цэнтрам Багеміі недалёка ад баварскай мяжы, пачаў хутка індустрыялізавацца. У 1869 годзе Эміль Шкода заснаваў заводы «Шкода», якія сталі найважнейшай і самай уплывовай машынабудаўнічай кампаніяй у краіне і найважнейшым пастаўніком зброі для аўстра-вугорскай арміі. Да 1917 году на заводах «Шкода» працавала больш за 30 тысяч рабочых. Пасьля 1898 году другім паводле велічыні працадаўцам стала чыгуначная майстэрня Нацыянальных чыгунак, дзе працавала каля 2 тысяч супрацоўнікаў, то бок гэта была найбуйнейшая рамонтная майстэрня ва ўсёй Аўстра-Вугоршчыне. Паміж 1861 і 1877 гадамі быў завершаны Пльзеньскі чыгуначны вузел, а ў 1899 годзе ў горадзе пачала працаваць першая трамвайная лінія. Уздым прамысловасьці меў два важныя наступствы, як то рост мясцовага чэскага насельніцтва і гарадзкой беднаты. Пасьля 1868 году быў абраны першы чэскі мэр места.
Пасьля здабыцьця Чэхаславаччынай незалежнасьці ў 1918 годзе этнічная нямецкая меншасьць з навакольнай сельскай мясцовасьці спадзявалася на аб’яднаньне з Аўстрыяй і была незадаволеная ўлучэньнем у склад Чэхаславаччыны. Пасьля Мюнхэнскага пагадненьня ў 1938 годзе Пльзень стаў памежным горадам. Падчас нямецкай акупацыі з 1939 па 1945 гады завод «Шкода» ў Пльзене быў вымушаны пастаўляць узбраеньне для Вэрмахта, таму Чэхія фактычна зрабіла важкі ўнёсак у танкавую вытворчасьць Райху. Нацысты кіравалі ў горадзе турмой гестапа[4] і лягерам прымусовых работ у раёне Карлаў[5]. Паміж 17 і 26 студзеня 1942 году большасьць габрэяў гораду, то бок больш за 2 тысячы чалавек, была дэпартаваная нацыстамі ў канцэнтрацыйны лягер у Тэразін.
У красавіку 1945 году, калі Другая сусьветная вайна набліжалася да канца, Пльзень моцна бамбаваўся авіяцыяў хаўрусных сілаў антыгітлераўскай кааліцыі. 17 красавіка бамбавікі брытанскіх Каралеўскіх ВПС пацэлілі ў гарадзкі вакзал, імкнучыся парушыць лягістыку нямецкай арміі. Атака прывяла да значных ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і шырокамаштабных разбурэньняў жылых раёнаў. Усяго празь некалькі дзён, 25 красавіка, 8-я паветраная армія ЗША распачала маштабнае бамбаваньне завода Шкоды ў Пльзені. Гэтая апэрацыя стала апошняй місіяй цяжкіх бамбаваньняў 8-й паветранай арміі супраць прамысловых аб’ектаў у Эўропе. Налёты зрабілі значную шкоду інфраструктуры гораду. Гэтыя напады былі часткай апошніх намаганьняў хаўрусьнікаў у справе падрыву вайсковага патэнцыялу нацысцкай Нямеччыны[6]. 6 траўня 1945 году, то бок у апошнія дні перад заканчэньнем Другой сусьветнай вайны ў Эўропе, Пльзень была вызваленая ад нацыстаў 16-й бранятанкавай дывізіяй Трэцяй арміі ЗША генэрала Джорджа Патана. У вызваленьні гораду таксама бралі ўдзел часткі 97-й і 2-й пяхотных дывізіяў пры падтрымцы польскай брыгады Сьвятога Крыжа.
Пасьля чэхаславацкага дзяржаўнага перавароту 1948 году ўрад у 1953 годзе распачаў грашовую рэформу, якая выклікала хвалю незадаволенасьці, у тым ліку Пльзеньскае паўстаньне. 1 чэрвеня 1953 году больш за 20 тысяч чалавек, перадусім рабочыя завода «Шкода», пачалі пратэст. Незадаволеныя людзі ўварваліся ў ратушу і павыкідалі з вокнаў камуністычныя сымбалі, мэблю і іншыя прадметы. Гэты пратэст быў здушаны.
Remove ads
Глядзіце таксама
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads