Рудольф II Габсбург

From Wikipedia, the free encyclopedia

Рудольф II Габсбург
Remove ads

Рудольф II (па-нямецку: Rudolf II; 18 ліпеня, Вена, Аўстрыя — 20 студзеня 1612, Прага, Багемія) — кароль Нямеччыны (рымскі кароль) з 27 кастрычніка 1575 па 2 лістапада 1576 году, абраны імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі з 2 лістапада 1576 году, але ў апошнія гады фактычна пазбаўлены ўлады, кароль Багеміі з 6 верасьня 1575 па 23 траўня 1611 году (пад імем Рудольф II, каранацыя 22 верасьня 1575 году), кароль Вугоршчыны з 25 верасьня 1572 па 25 чэрвеня 1608 году, эрцгерцаг Аўстрыйскі з 12 кастрычніка 1576 году пад імем Рудольф V. Сын і пераемнік Максіміліяна II.

Хуткія факты імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, Каранацыя ...
Remove ads

Маладосьць

Выхоўваўся пры двары свайго стрыечнага дзядзькі караля Гішпаніі Філіпа II і зусім ня быў падобным на сваіх непасрэдных папярэднікаў; каталікі ўскладалі на яго вялікія надзеі, з прычыны таго, што ён вынес з Гішпаніі нянавісьць да гарэзіі й мог быць паслухмянай прыладай у руках езуітаў.

Асоба

Thumb
Партрэт Рудольфа II у вобразе бога Вэртумна, Джузэпэ Арчымбольда

Нямецкі гісторык Фолькер Прэс гаворыць пра яго:

«Ён валодаў глыбокім розумам, быў дальнабачным і разважлівым, меў моцную волю й інтуіцыю… Аднак яму быў уласьцівы такі сур’ёзны недахоп, як нясьмеласьць, прычынай якой была ягоная схільнасьць да дэпрэсіі. На гэтай глебе ў яго разьвілося імкненьне да ўцёкаў ад рэчаіснасьці, якое выяўлялася ў нерэальных плянах. Гішпанскія прыдворныя манеры падтрымлівалі ягонае імкненьне адгародзіцца ад сьвету, і палітычная пасіўнасьць станавілася ўсё больш характэрнай прыкметай ягонага кіраваньня».

Злуючыся на сваё бясьсільле, імпэратар імкнуўся адгародзіцца ад грамадзтва й аддацца мастацкім і акультным захапленьням; паступова ў яго разьвіваліся цялесныя й псыхічныя захворваньні. Улюбёнцамі імпэратара былі людзі нізкага паходжаньня, якія патуралі ягоным капрызам (Філіп Лянг, Геранім Махоўскі й іншыя. Часамі яму здавалася, што ён апантаны д’яблам[1].

Remove ads

Спрыяньне навукам і мастацтвам

У Праскім Градзе, дзе з 1583 году жыў Рудольф, імкнучыся пакінуць Вену, дзе не карыстаўся папулярнасьцю, ім была заснавана адна зь першых кунсткамэраў[2] — велічэзная калекцыя кнігаў, рукапісаў, карцін, манэтаў і ўсякіх рэдкасьцяў, пацярпела ад рабаваньняў падчас Трыццацігадовай вайны. Пад кіраўніцтвам мінэролягаў Рудольф сабраў таксама калекцыю каштоўных камянёў і мінэралаў розных рэгіёнаў. Рудольф згудяў вялікую ролю ў рэнэсансавай перабудове Прагі й асабліва Граду. Да свайго двару імпэратар, які гуляў ролю мэцэната, прыцягнуў навукоўцаў і дзеячаў мастацтва розных краінаў — пры ім у Празе працавалі астраномы Ёган Кеплер і Тыха Брагэ, мастакі Барталямэй Шпранглер і Джузэпэ Арчымбольда (аўтар знакамітага партрэта Рудольфа), скульптар Адрыян дэ Врыс.

Акультызм

Thumb
Загадкавы манускрыпт са збору Рудольфа II

Імпэратар займаўся таксама рознымі «акультнымі навукамі», у прыватнасьці, спрабаваў знайсьці філязофскі камень. У той час мяжа паміж астраноміяй і астралёгіяй, мінэралёгіяй і альхіміяй яшчэ была невыразнай. Рудольф II заступаўся за вандроўных альхімікаў, а ягоная рэзыдэнцыя ўяўляла цэнтар альхімічнай навукі таго часу. Імпэратара звалі нямецкім Гермэсам Трысмэгістам.

Да яго былі запрошаны ангельскія астролягі і альхімікі, як то Эдўард Келі й Джон Дзі (які ў 1584 і 1586 гадох жыў у Празе), якія займаліся таксама й цалкам сур’ёзнымі з сучаснага пункта гледжаньня пошукамі ў вобласьці матэматыкі й астраноміі. Альхімікам быў і вялікі астраном Тыха Брагэ, які працаваў пры ягоным двары й памёр у Празе. За 600 дукатаў Рудольф набыў знакаміты рукапіс Войніча.

Remove ads

Рэлігійная палітыка

Стаўшы імпэратарам, Рудольф II шэсьць гадоў не зьбіраў імпэрскага сойма, але павінен быў склікаць яго ў 1582 годзе, з прычыны неабходнасьці прасіць у імпэрыі дапамогі ў барацьбе супраць туркаў, а таксама з прычыны рэлігійных спрэчак. Рудольф II пачаў выкараняць пратэстанцтва ў Аўстрыі, Чэхіі й Вугоршчыне. У Аўстрыі амаль усё шляхецтва й усе гарады вызнавалі пратэстанцтва. З узыходжаньнем на сталец Рудольфа тутака пачалася моцная каталіцкая рэакцыя, а таксама барацьба абсалютызму з абласнымі соймамі й самакіраваньнем гарадоў. Тое ж адбылося й у Чэхіі. У 1583 годзе Рудольф перанёс імпэрскую рэзыдэнцыю ў Прагу, і разам зь ім прыбыло шмат фанатыкаў, а таксама езуіты. Пратэстанты сталі выцясьняцца з буйных і дробных пасадаў, а ў 1602 годзе была забаронена дзейнасьць таварыства Чэскіх братоў. Калі ў Асманскай імпэрыі была адваявана значная частка Вугоршчыны, Рудольф забараніў там усякае некаталіцкае веравызнаньне, што прывяло да паўстаньня.

Remove ads

Паўстаньне супраць Рудольфа й страта ўлады

Thumb
Асабістая карона Рудольфа II, пазьней карона Аўстрыйскай імпэрыі

У 1606 годзе брат імпэратара Матыяс склаў зь вугорцамі-паўстанцамі пагадненьне на ўмовах верацярімасьці, што прывяло да канфлікту з Рудольфам. Супраць імпэратара ў 1607 годзе была ўтворана канфэдэрацыя аўстрыйскіх і вугорскіх саслоўяў, а ў 1608 годзе да яе далучылася Маравія. Бачачы агульную незадаволенасьць, Рудольф II думаў прыцягнуць грамадзкую думку на свой бок вайной з туркамі.

З гэтай мэтай Рудольф да апошняга моманту зацягваў падпісаньне мірнага пагадненьня з Асманскай імпэрыяй, спрабуючы знайсьці падставы для ягонай дэнансацыі й аднаўленьня вайны супраць туркаў. Падобныя паводзіны выклікалі агульны рух саслоўяў Вугоршчыны, Аўстрыі й Маравіі супраць імпэратара, які захаваў у сваіх руках толькі адносны кантроль над Чэхіяй, Сылезіяй і Лужыцамі.

Усеагульнае паўстаньне працягвала, аднак, быць непазьбежным, і сваякі Рудольфа зьлічылі неабходным адняць у яго ўладу на карысьць ягонага брата Матыяса ў красавіку 1606 году, які зрабіў велічэзныя саступкі пратэстантам. Паводле дамовы 1608 году Рудольф II аддаў Матыясу Вугоршчыну, эрцгерцагства Аўстрыйскае і Маравію й абвясьціў яго сваім спадчыньнікам у Багеміі.

Дзеля ўтрыманьня за сабой чэхаў Рудольф II быў вымушаны падпісаць 9 ліпеня 1609 году складзены соймам акт, які атрымаў назву «граматы вялікасьці» (ням. Majestätsbrief), гэтак званы маестат[3]. На падставе гэтай граматы ўтраквісты і чэскія браты былі ўраўнаваныя ў правах з каталікамі. Чэхі-пратэстанты атрымалі права будаваць храмы, заводзіць вучэльні, мець свае сыноды й абіраць камітэт з 24 дэфэнсораў, па 8 ад кожнага з трох саслоўяў сойму. Камітэт павінен быў кіраваць дзеяньнямі кансысторыі, кіраваць справамі Праскага ўнівэрсытэта, зьбіраць войска, спаганяць падаткі на ягонае ўтрыманьне, а ў выпадку патрэбы — склікаць прадстаўнікоў пратэстанцкага насельніцтва дзеля нарадаў па агульным справам.

Рудольф II прыдумляў сродкі адняць у Матыяса аддадзеныя яму зямлі, інтрыгаваў супраць яго, але ўсёткі павінен быў адрачыся ад чэскай кароны. 23 траўня 1611 году Матыяс быў каранаваны, а Рудольфу далі пэнсію й захавалі за ім зьнешнюю пашану. Пазбаўлены ўлады, зьнясілены хваробай і вар’яцтвам, бо хварэй на сыфіліс трэцяй ступені, Рудольф II памёр 20 студзеня 1612 году, не пакінуўшы законнага нашчадзтва, з тае прычыны, што ня быў жанаты. З шасьцёх незаконнанароджаных нашчадкаў Рудольфа (ад Кацярыны Страда, дачкі імпэратарскага антыквара) старэйшы, Юліюс Цэзар Аўстрыйскі, атрымаў у спадчыну псыхічную хваробу бацькі й памёр у няволі пасьля таго, як з асаблівай жорсткасьцю забіў сваю палюбоўніцу.

Рудольф быў пахаваны ў праскім саборы Сьвятога Віта. Ён быў апошнім манархам, пахаваным у Чэхіі.

Remove ads

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads