Ружанскае гета

нацысцкае гета ў часе Другой сусьветнай вайны From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Ружа́нскае ге́та — жыдоўскае гета ў Ружанах, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі.

На пачатку XX стагодзьдзя з 5000 насельнікаў Ружанаў 4000 складалі жыды. Яны жылі ў цэнтры мястэчка ў камяніцах, займаліся вырабам тавараў на продаж, пашывам адзежы, абутку, гандлем; трымалі некалькі гарбарняў. Беларусы ж жылі на «канцах» (ускраінах) і займаліся пераважна сельскай гаспадаркай. Акрамя таго, жыды здаўна насялялі суседнія вёскі Паўлава і Канстанцінава[1].

З пачаткам нямецкай акупацыі Польшчы ў Ружаны прыбылі яшчэ прыкладна 1500 жыдоў-уцекачоў[2] зь Беластоку, Варшавы ды іншых местаў, акупаваных нацыстамі.

24 чэрвеня нацысцкімі войскамі ўвайшлі ў Ружаны, нязначная частка жыдоўскай моладзі пасьпела пакінуць мястэчка з адыходам савецкіх войскаў[3]. Сынагогі адразу ж былі зачыненыя (драўляныя — разбураныя) і пачаліся рабаваньні жыдоўскага насельніцтва. У ліпені на ружанскіх жыдоў была накладзеная кантрыбуцыя ў памеры 10 кг золата і 20 кг срэбра[4], былі ўведзеныя шматлікія абмежаваньні, у тым ліку абавязак насіць на правым рукаве белую павязку з надпісам «jude»[5][2]. 12 ліпеня немцы забілі 12 прадстаўнікоў жыдоўскай інтэлігенцыі; 14 ліпеня — яшчэ 17 жыдоў (сярод іх 3 жанчыны) і аднаго паляка па абвінавачаньні ў тым, што яны камуністы[5][4][6].

Для кантролю выкананьня ўласных загадаў немцы стварылі юдэнрат, першым абавязкам якога стала рэгістрацыя жыдоўскага насельніцтва[5]. Кіраўніком юдэнрату стаў 75-гадовы лідэр грамады Эпштайн[6].

У пачатку кастрычніка 1941 року, неўзабаве пасьля Ём-Кіпуру, было створанае гета, куды перасялілі таксама жыдоў з суседніх вёсак[4] Паўлава і Канстанцінава. Гета не было агароджанае і не ахоўвалася, аднак ягоныя межы было забаронена пакідаць, а зь дзявятай гадзіны вечара дзейнічала камэнданцкая гадзіна, за парушэньне якое каралі сьмерцю[2]. Насельнікаў гета выкарыстоўвалі для прымусовае працы па капаньні траншэяў, рамонце дарог, будынкаў[5][2].

2 лістапада 1942 року нямецкія падразьдзяленьні супольна з атрадамі беларускай паліцыі акружылі гета, ягоных насельнікаў пагналі пешкі ў Ваўкавыск[4]. Частка зь іх была расстраляная яшчэ ў дарозе — тыя, хто ня мог працягваць шлях (збольшага старыя, хворыя і дзеці)[5]. Напрыканцы лістапада астатнія былі дэпартаваныя ў лягер сьмерці Трэблінка[5][3][4].

Некалькі дзясяткаў маладых жыдоў пасьпелі ўцячы падчас ліквідацыі гета, аднак пазьней былі спайманыя і расстраляныя. Выратаваліся толькі тры-чатыры чалавекі[1].

На братэрскай магіле жыдоў і савецкіх ваеннапалонных у Ружанах, у якой пахаваныя 3000—4000 чалавек, у 1965 року ўсталяваны абэліск[7].

Remove ads

Крыніцы і заўвагі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads