Беларуская фанэтыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Фанэты́чная сыстэ́ма белару́скае мо́вы — гукавы лад беларускае літаратурнае мовы.
Апісаньне
Фанэтычная сыстэма сучаснай беларускай мовы складаецца прынамсі з 44 гукаў: 5 галосных і 39 зычных, зычныя пры гэтым таксама могуць быць гемінаванымі. Не існуе дакладнае згоды наконт колькасьці гукаў у беларускай мове: так, напрыклад, паводле іншых дасьледаваньняў беларуская мова можа ўлучаць 6 галосных і 39 зычных гукаў, часам у склад асноўнага гукавага складу ўключаюць толькі 32 зычныя, тады як астатнія 7 адзначаюць у якасьці рэдкіх.
Шматлікія з зычных могуць утвараць пары, якія адрозьніваюцца толькі паводле прыкметы паляталізацыі (цьвёрдыя і мяккія, для пазначэньня мяккасьці апошніх у IPA выкарыстоўваецца сымбаль ʲ). У некаторых з такіх параў месца артыкуляцыі дадаткова зьмяняецца (гл. ніжэй). Разам з гэтым існуюць няпарныя зычныя, якія ня маюць сваіх паляталізаваных параў.
Націск у беларускай мове зьяўляецца вольным (можа падаць на любы склад у слове ў адрозьненьне ад, напрыклад, шэрагу іншых славянскіх моваў, дзе ён замацаваны на пэўным складзе паводле ягонай пазыцыі) і рухомым (можа мяняць пазыцыю ў межах аднае словазьменнае парадыгмы).
Адметныя рысы
З прычыны таго, што беларуская мова ўваходзіць у склад усходнеславянскіх моваў, фанэтыка беларускае мовы досыць падобная на расейскую і ўкраінскую. Асноўныя адрозьненьні ад фанэтыкаў гэтых моваў заключаюцца ў наступным[1]:
- Аканьне — зьліцьцё ненаціскнога /o/ (этымалягічнага ўсходнеславянскага *о) з гукам /a/. У адрозьненьне ад аканьня на ўзор вымаўленьня ў расейскай мове, у беларускай мове аканьне рэалізоўваецца ў якасьці неагубленага галоснага пярэдняга шэрагу ніжняга ўздыму — [a] (у тым ліку й пасьля мяккі зычных і ёту (/j/)). Варта адзначыць, што ва ўкраінскай мове падобнага зьліцьця гукаў не адбываецца навогул.
- Адсутнасьць і́каньня. Як і ва ўкраінскай (але ў адрозьненьне ад расейскай), у беларускай мове адсутнічае зьява зьліцьця ненаціскнога /e/ ды /i/, адсутнічае зьліцьцё ненаціскнога /a ~ o/ з гукам /i/ пасьля мяккіх зычных.
- У адрозьненьне ад вымаўленьня ў расейскай мове, пасьля /j/ адсутнічае падкрэсьлены падзел у вымаўленьні ётаваных /ja/, /jo/, /je/, /ji/[2].
- Цеканьне, дзеканьне — пераход старажытнаўсходнеславянскіх /tʲ/,/dʲ/ (этымалягічна т’, д’) у мяккія афрыкаты [tsʲ], [dzʲ] (на пісьме пазначаюцца як ць, дзь або ц/дз з наступнай мяккай галоснай). Трэба адзначыць, што большая частка носьбітаў расейскае мовы падобным чынам рэалізоўвае /tʲ/,/dʲ/, аднак гэтая асаблівасьць пісьмова не пазначаецца.
- Моцная паляталізацыя гукаў /sʲ/, /zʲ/.
- Усе постальвэалярныя зычныя зьяўляюцца цьвёрдымі (выступаюць як рэтрафлексныя зычныя), тады як ва ўкраінскай і расейскай яны могуць зьяўляцца мяккімі.
- Ацьвярдзеньне зычнага /rʲ/ (этымалягічна ўсходнеславянскага *р’) і ў выніку гэтага яго зьліцьцё з гукам /r/.
- У адрозьненьне ад расейскай, этымалягічныя в (/v/; звычайна ў канцы словаў, між галоснай ды іншай зычнай, перад ётам, г.д.) і л (/l/) у шэрагу пазыцыяў перайшлі ў [w][2].
- Практычна поўнае аглушэньне звонкіх зычных у канцы словаў, якое не адлюстроўваецца на пісьме (зуб, дождж). Скасоўваецца пры словазьмене (зубоў, дажджоў).
- Шырока распаўсюджаная рэгрэсіўная асыміляцыя паводле мяккасьці, якая ўзьдзейнічае на ўсе сьвісьцячыя перад любым мяккім зычным (акрамя заднеязычных): напрыклад, бязь сьмеху, дзе мяккае м памякчае папярэдняе с, якое, у сваю чаргу, памякчае папярэдняе з. Амаль поўнасьцю не адлюстроўваецца ў акадэмічнай правапіснай норме.
Артаграфія беларускае мовы зьяўляецца фанэматычнай, праз што большая частка вышэйпералічаных асаблівасьцяў пазначаецца ў пісьмовасьці.
Гукі
- Галосныя:
Гук [ɨ] не зьяўляецца асобным гукам, ён зьяўляецца аляфонам /i/ і ўзьнікае пасьля непаляталізаваных зычных[3].
- Зычныя:
Гукі /ɡ/ ды /ɡʲ/ зьяўляюцца рэдкімі і сустракаюцца толькі ў запазычаных словах (цэгла, ганак, гузік, гандаль, нягеглы і г.д., а таксама амаль усе словы заходнеэўрапейскага паходжаньня зь літарай g). Звычайна ў артаграфіі (акадэмічны, клясычны правапісы) гэты гук не адрозьніваецца ад /ɣ/, /ɣʲ/ (якія пазначаюцца літарай Гг), аднак клясычны правапіс дапускае пазначэньне гукаў /ɡ/ ды /ɡʲ/ літарай Ґґ.
У канцы складаў гук /v/ пераходзіць у гук [w] ([u̯], утвараючы дыфтонгі)[4]. Таксама ў гук [w] можа пераходзіць гук /l/ (напрыклад, праславянскае *vьlkъ > воўк).
У беларускай мове існуюць гемінаваныя зычныя (гл. вышэй), што пазначаецца падваеньнем зычнай на пісьме. Напрыклад:
- падарожжа [padaˈrɔʒ:a]
- зьзяць[a] [zʲ:atsʲ]
- стагодзьдзе[b] [staˈɣɔdzʲ:e]
- каханьне[c] [kaˈxanʲ:e]
- расьсячы[d] [raˈsʲ:atʃɨ]
- ліхалецьце[e] [lʲixaˈlʲetsʲ:e]
- сярэднявечча [sʲarɛdnʲaˈvʲetʃ:a].
Артыкуляцыя
Агульнымі рысы артыкуляцыйнай базы беларускае мовы зьяўляюцца агульная ненапружанасьць пры гукаўтварэньні, моцнае памякчэньне (паляталізацыя) адных зычных і цьвёрдасьць (вэлярызацыя) іншых.
Серад прынцыпаў агульнае ненапружанасьці адзначаюцца замена губна-губнога [в] у пэўных месцах на губна-губны [ў] і цьвёрдае вымаўленьне губных у канцы словаў і перад зычнымі ў пазыцыях, дзе ў іншых усходнеславянскіх мовах ім звычайна этымалягічна адпавядае мяккі (прыкладам, сем, дроб, сям'я). Ненапружанасьць кончыка языка пры памякчэньні зубных [д], [т] ператварае іх у мяккія змычна-шчылінныя [дз'] і [ц'] адпаведна.
Пераважная колькасьць гукаў утвараецца ў цэнтры ротавай поласьці пры высокім агульным уздыме языка, самая актыўная частка яго — сярэдняя. У задняй частцы ротавай поласьці ўтвараецца нязначная колькасьць гукаў[5].
У параўнаньні з фанэтыкамі іншых моваў беларуская вылучаецца наяўнасьцю вялікае колькасьці мяккіх зычных. Пры ўтварэньні большасьці мяккіх зычных кончык языка ўздымаецца да паднябеньня, што стварае ўражаньне іх асаблівай мяккасьці (напрыклад, палятальныя [з'] і інш.). Разам з гэтым адзначаецца тэндэнцыя да моцнага памякчэньня зычных і вэлярызацыі ўсіх цьвёрдых зычных гукаў.
У адсутнасьці зьявы рэдукцыі галосных (скарачэньня, выпадзеньня) акрэсьліваецца зьява г.зв. «сьпеўнасьці мовы»[6].
Remove ads
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads