Наркамаўка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Наркамаўка (таксама нарко́маўка, «афіцы́йны пра́вапіс»[a][1]) — русіфікаваны правапіс беларускай мовы (у шырэйшым сэнсе — моўны стандарт[2] або моўная норма), дазволены да ўжытку расейскай акупацыйнай адміністрацыяй у Беларусі. Бярэ адлік ад палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году і замацоўваецца ў наступных афіцыйных зводах правілаў (1934 і 1957 гады ў СССР; і ў «правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 2008 году часоў рэжыму Лукашэнкі)[b].
Наркамаўку крытыкуюць за яе прыняцьце ў 1933 годзе Саўнаркамам БССР паводле праекту Палітычнай камісіі ЦК КП(б)Б ва ўмовах жорсткага тэрору савецкіх уладаў без грамадзкага і навуковага абмеркаваньня[3][2], што выявілася штучным, ненатуральным і прымусовым набліжэньнем беларускай мовы да расейскай[4][5][6][7]. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ужытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[8].
У 2008 годзе IANA вылучыла для наркамаўкі асобны моўны падтэг «1959acad[c]» (поўнае пазначэньне: be-1959acad)[10] з мэтай адрозьненьня яе ад іншых правапісаў беларускай мовы, якія ўсе ахопліваюцца моўным тэгам «be», у прыватнасьці — ад традыцыйнага клясычнага правапісу (тарашкевіцы), які мае ўласны падтэг «tarask».
Remove ads
Назва
Назва наркамаўка паходзіць ад слова «наркамат» — народны камісарыят (назва міністэрства ў СССР) і падкрэсьлівае факт яе распрацоўкі адмысловай Палітычнай камісіяй ЦК КП(б)Б і прыняцьця Саўнаркамам БССР — савецкімі палітыкамі і чыноўнікамі — у той час, калі савецкія ўлады арыштавалі шэраг знакавых беларускіх лінгвістаў і лексыкографаў і, паводле Сяргея Запрудзкага, «адбыўся сапраўдны крах беларускай лінгвістыкі»[11]. Уласна тэрмін наркомаўка ў навуковы ўжытак увёў Зьміцер Саўка[12]. Тым часам існавалі і іншыя прапановы для пазначэньня гэтага правапісу — парэформенны або рэфармаваны[2][13], а таксама чарнушэвіца[d][12].
Назву «афіцыйны правапіс» тлумачаць яго фармальным афіцыйным дзяржаўным статусам і рэгуляваньнем установамі, падкантрольнымі рэжыму Лукашэнкі (г. зв. «афіцыйным уладам»). У 2007 годзе Сяргей Дубавец выказваў думку, што ўжываньне назвы лукашэнкаўка[14] можа прывесьці да таго, што маладыя беларусы пры браку магчымасьці здаваць цэнтралізаванае тэставаньне па-беларуску клясычным правапісам могуць абраць расейскую мову[15].
Remove ads
Гісторыя
Стварэньне наркамаўкі ў выніку палітычнай рэформы
Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай[16]. Да таго ж, новы этап змаганьня зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску[17]:
![]() |
Размова ідзе аб актывізацыі буржуазных нацыяналістаў у Беларусі, аб палітычнай існасьці іх выступаў, якія адлюстроўваюць супраціў мерапрыемствам пралетарскай дзяржавы з боку кулацтва, якое гіне.
Арыгінальны тэкст (рас.)
Речь идет об активизации буржуазных националистов в Белоруссии, о политической сущности их выступлений, отражающих сопротивление мероприятиям пролетарского государства со стороны гибнущего кулачества.
|
![]() |
Адразу па гэтай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, Пэдагагічным інстытуце, розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту дадалі выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але нягледзячы на гэта, дакумэнт цалкам перапрацавалі[18].
5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы»[19]. Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі сябрамі сталі пераважна палітыкі[20].
Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[21]. 26 жніўня дакумэнт сваёй пастановай зацьвердзіў Саўнаркам БССР, а 27 жніўня — беларускі ЦК. Такім чынам, прыняцьце праекту адбылося ў загадным парадку без папярэдняй публікацыі і грамадзкага абмеркаваньня[22].
Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гады), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — па «разьвянчаньні культу асобы» (1956 год)[23].
Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Прытым тэхнічная падрыхтоўка адпаведнай часткі дакумэнту значна лепшая за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды[24].
Зьмены ў беларускім правапісе (па пераглядзе праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй) | Акадэмічны праект 1930 году | Акадэмічны праект 1933 году (да перагляду Палітычнай камісіяй) |
Зьмены ў перадачы пазычаньняў | ||
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг) | ![]() | ![]() |
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка) | ||
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар) | ![]() | |
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» або «т» у залежнасьці ад правілаў расейскай мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра) | ![]() | |
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў | ||
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед) | ![]() ![]() | ![]() |
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё) | ![]() | ![]() |
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы і прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш) | ![]() | ![]() |
Такім чынам, у выніку рэформы паводле палітычнага праекту 1933 году ў беларускую мову ўводзілася больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове[30].
Галоўным наступствам рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускай мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе, а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннай русіфікацыі дазволенай да ўжытку беларускай мовы і, па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ўжытку гэтай русіфікаванай мовы і замены яе расейскай мовай[8].
Прычыны непрыняцьця наркамаўкі

Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе і Бэрліне не прынялі ўведзеных у беларускую мову зьменаў[16]. У прыватнасьці, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні на сваім надзвычайным паседжаньні 31 кастрычніка 1933 году прыняло рэзалюцыю супраць рэформы, дзе зазначыла ейную русіфікацыйную скіраванасьць і кволы навуковы фундамэнт.
Сярод прычынаў непрыняцьця палітычнай рэформы 1933 году былі наступныя:
- Перад рэформай адбыліся ўзмоцненыя сталінскія чысткі і рэпрэсіі ў асяродку беларускай інтэлігенцыі[16][31].
- Праект рэформы распрацавала адмысловая «Палітычная камісія для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы», у склад якой не ўвайшоў ні адзін лінгвіст[21]. Як зазначаюць сучасныя беларускія філёлягі, складальнікі збору правілаў кіраваліся ў першую чаргу палітычнымі, а не філялягічнымі матывамі[4].
- Зацьверджаньне праекту правёў Савет народных камісараў БССР без грамадзкага абмеркаваньня[3][16].
- Рэформа праводзілася ва ўмовах жорсткага тэрору. Так, філёляг Сяргей Запрудзкі зазначае:
![]() |
Пастанова СНК сімвалізавала для сучаснікаў неадхільную волю наблізіць беларускую мову да расійскай „любой цаной“[32]. | ![]() |
- Беларускія філёлягі і гісторыкі зьвяртаюць увагу на тое, што рэформа штучна[4][33][34][35] наблізіла беларускую мову да расейскай. Зьміцер Саўка адзначае, што палітычная камісія, якая праводзіла рэформу, узяла з акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які быў перад ёй, усе пункты, што прадугледжвалі менавіта збліжэньне з расейскай мовай, а астатнія альбо кардынальна перапрацавала ў бок набліжэньня да нормаў расейскай мовы, альбо ўвогуле не ўзяла да разгляду[24]. Кандыдат філялягічных навук Ігар Клімаў піша:
![]() |
Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыцьцяўляла экспэрымэнт па стварэньні новага грамадзтва і новага чалавека, разглядала і мову як аб’ект адмысловых маніпуляцыяў, накіраваных на дасягненьне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцыяў з 1930 году было замацаваньне расейскага ўплыву ў нормах літаратурных моваў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасьць сярод народаў савецкай імпэрыі, прыглушала іх памкненьні да сэпаратызму, спрыяла іх культурнай і моўнай асыміляцыі. Ахвярай такой палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася і беларуская мова. Яе далейшае разьвіцьцё адбывалася не ў выніку ўнутранай патрэбы ці рэальнага ўжытку, а прадвызначалася палітычнай каньюнктурай савецкай дзяржавы[16]. | ![]() |
Парэформавая савецкая кадыфікацыя
Апошні пункт (№ 27) Пастановы Саўнаркаму «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу» (1933 год) вызначыў працяг мэтанакіраванай працы з русіфікацыі беларускай мовы:
![]() |
Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні. | ![]() |
—Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г. |
Увогуле, рукапісы раней падрыхтаваных акадэмічных слоўнікаў савецкія ўлады загадалі зьнішчыць, сярод іх — шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі і беларуска-польскі, эспэранцка-беларускі і беларуска-эспэранцкі, латыска-беларускі, гістарычны і артаграфічны[36]. Тым часам укладзеныя наркамаўкай слоўнікі істотна перайначыла русіфікацыя. Партыйныя загады патрабавалі ўкладаць іх паводле «пралетарска-інтэрнацыянальнага» прынцыпу, прытым спрадвечная і самабытная беларуская лексыка абвяшчалася «нацдэмаўскай» і «кулацкай». Найбольш яскравай праявай такой моўнай палітыкі стаўся «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй Александровіча[e] (1937 год), у якім на карысьць наяўных у расейскай мове адпаведнікаў быў адкінуты вялікі пласт беларускай лексыкі (напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то парэформавы слоўнік Александровіча — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»)[38]. У гэтым жа слоўніку ёсьць такія неўласьцівыя для беларускай мовы дзеепрыметнікавыя формы, як «забыўчывы», «неўстрашымы», «брадзячы». На загад бальшавікоў таксама русіфікавалі расейска-беларускі слоўнік 1953 году. Да беларускіх словаў дапісвалі расейскія сынонімы, часта ставячы іх на першае месца[39]: рас. батрак — бел. батрак, парабак; большак — гасцінец, бальшак; поезд — поезд, цягнік; минута — мінута, хвіліна. Яшчэ далей пайшоў слоўнік 1982 году, які рэкамэндаваў ужываць поруч з словамі «вавёрка», «бусак» таксама «белка», «багор» і г. д.[36]
У 1939 годзе бальшавікі падрыхтавалі чарговую рэформу з напісаньнямі кшталту «весна», «братскі», «бібліатека». Яшчэ ў адным праекце (1951 год) прапаноўвалася пісаць «снегі», «цеатр», «басціон»[36]. Толькі відавочная абсурднасьць гэтых прапановаў, а таксама пэўныя вонкавыя чыньнікі (Другая Сусьветная вайна, сьмерць Сталіна) уратавалі беларускую мову ад іх прыняцьця.
Па разьвянчаньні культу асобы Сталіна ў 1957 годзе ў афіцыйны правапіс увялі зьмены (рэдакцыя 1957—1959 гадоў), якія ў пэўнай ступені ішлі насуперак русіфікацыйнаму вэктару. Разам з тым, калі ў канцы 1950-х гадоў з Масквы прыйшоў новы загад правесьці русіфікацыю граматыкі беларускае мовы, то гэта ажыцьцявілі ў двухтомнай акадэмічнай «Граматыцы», выдадзенай у 1962 годзе[36].
Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі значная колькасьць расейскіх моўных элемэнтаў ў афіцыйным наркамаўскім стандарце паслужыла для шавіністаў падставаю зьневажаць беларускую мову, называць яе «испорченным русским языком», «грубым диалектом русского языка», заяўляць пра яе неразьвітасьць[36].
Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 2008 году
Разьвязаньне правапіснага пытаньня ў Беларусі ўзяла за мэту Камісія па ўдасканаленьні правапісу (старшыня Генадзь Цыхун) Таварыства беларускай мовы, у якую сярод іншых увайшлі Вінцук Вячорка і Зьміцер Санько. Камісія актыўна працавала ў 1991—1992 гадох, а ў 1993 годзе апублікавала свае прапановы. Сьведчаньнем афіцыйнага прызнаньня пільнай патрэбы ўдакладненьняў у правапісе стала ўнясеньне адпаведнага пункту ў «Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» і наступныя лягічныя крокі: правядзеньне ў Акадэміі навук 19—20 лістапада 1992 году Рэспубліканскай навуковай канфэрэнцыі «Праблемы беларускага правапісу», прыняцьцё ў 1993 годзе Саветам Міністраў пастановы № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» і, дзеля рэалізацыі пастановы, стварэньне Дзяржаўнае камісіі па ўдакладненьні правапісу (старшыня Ніл Гілевіч), у якую ўвайшлі пераважна прадстаўнікі афіцыйных структураў. Камісія вынесла на грамадзкае абмеркаваньне шэраг прапановаў, але кардынальная трансфармацыя агульнае сытуацыі ў краіне (сярод іншага — вяртаньне ўладаў да палітыкі русіфікацыі) зрабіла далейшую дзейнасьць камісіі немэтазгоднаю, таму яна спыніла сваё існаваньне праз год па стварэньні, даручыўшы Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі «да канца 1995 года падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю „Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“ (з дадаткам правілаў беларускай артаэпіі)». У выніковых рэкамэндацыях, апублікаваных 13 верасьня 1994 году, адзначалася, што хоць вяртаньне пэўных дарэформавых нормаў і магло б быць пажаданым, але час для такіх зьменаў пакуль неадпаведны[40].
З другой паловы 1990-х гадоў група навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі і выкладнікаў шэрагу менскіх унівэрсытэтаў на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным (які ў 1998 годзе ў адной з сваіх публікацыяў[41] заклікаў рэжым Лукашэнкі да рэпрэсіяў у дачыненьні да карыстальнікаў клясычнага правапісу[42]) падрыхтавала тры варыянты праекту зьменаў у правапісе, у якіх прапаноўвалася вярнуць ў афіцыйны беларускі правапіс некаторыя нормы клясычнага. Невялікая частка гэтых прапановаў трапіла ў распрацаваны ў 2006 годзе міністэрскі праект новых правілаў беларускай мовы[43] (што можна разглядаць як працяг павольнай эвалюцыі афіцыйнага правапісу ў бок клясычнага, якая адзначаецца з 1957 году[1]), зацьверджаны ўпершыню ў сусьветнай гісторыі мовазнаўства ў форме закону «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам[44].
У кастрычніку 2007 году, напярэдадні прыняцьця закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» міністар адукацыі рэжыму Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў заявіў, што мэта дакумэнту — забарона «супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы» клясычнага правапісу[45]. Тым часам выдадзены Інстытутам мовазнаўства ў 2009 годзе новы артаграфічны слоўнік адзначыўся шматлікімі супярэчнасьцямі зь зьместам афіцыйна прынятых у 2008 годзе правілаў беларускай артаграфіі[46].
Remove ads
Ацэнкі
У 2007 годзе Сяргей Дубавец на старонках Нашай Нівы адзначыў, што канфлікт двух правапісаў — афіцыйнага (наркамаўкі) і клясычнага (тарашкевіцы) — на яго думку, акрэсьліўся галоўным парадкам як маральна-этычны (у 2005 годзе Сяргей Запрудзкі заявіў, што лічыць правапіс справай грамадзкай згоды, а не навуковай дыскусіі[47]). Гэты канфлікт выявіўся ў фактычным прызнаньні або непрызнаньні права ўладаў СССР — ініцыятараў і праваднікоў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі — зьмяняць беларускую мову паводле сваіх густаў і мэтаў. Сяргей Дубавец таксама выказаў меркаваньне, што прыняты ў 2008 годзе рэжымам Лукашэнкі правапіс беларускай мовы ня мае таго адмоўнага напаўненьня, якое мела рэформа 1933 году. Сваю думку ён паспрабаваў падмацаваць сьцьверджаньнем (вынесеным у назоў артыкула ў выглядзе параўнаньня з сытуацыяй вакол грамадзянаў Нацысцкай Нямеччыны і іх дзяцей), што рэжым Лукашэнкі як нашчадак не нясе адказнасьці за сваіх гістарычных папярэднікаў — савецкія злачынствы ў Беларусі. З гэтай прычыны Дубавец выступіў за адыход ад прынцыпаў прыхільнасьці клясычнаму правапісу на карысьць супрацы з рэжымам у мовазнаўчых пытаньняў (выказвалася прапанова ў тым ліку «адчуць сябе часткай» аўтарытарнай Беларусі), што на яго думку, дыктуецца патрэбамі выжываньня беларускай мовы[15]. Адной з рэакцыяў на заяву Дубаўца (і далейшы пераход «Нашай Нівы» на афіцыйны правапіс) стала ацэнка гэтага кроку як памылкі і здрады маральным прынцыпам[48]. Тым часам па непрацяглым і даволі супярэчлівым пэрыядзе, які часам называюць «мяккай беларусізацыяй», у час здушэньньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі выявіўся забойствамі і масавымі катаваньнямі беларусаў, цынічнай зьнявагай беларускіх нацыянальных сымбаляў, маштабнымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да прыхільнікаў беларускай мовы, гісторыі і культуры — пры фінансавай, вайсковай і інфармацыйнай падтрымцы ўладаў Расеі.
У сьнежні 2008 годзе Зянон Пазьняк азначыў мадыфікаваную рэжымам Лукашэнкі наркамаўку як «рэжымны правапіс», а таксама раскрытыкаваў пераход на яго Нашай Нівы. Падобныя дзеяньні ён ахарактарызаваў як яскравую праяву канфармізму — «халуйства», «поўзаньня перад Масквой»[49].
Па расейскім уварваньні ва Ўкраіну 2 красавіка 2022 году Сяргей Дубавец фактычна вызнаў уласную памылку: «…гэта спаўзаньне з носа ружовых акуляраў ва ўсіх, хто здольны мысьліць самастойна і крытычна. Хто яшчэ ўчора мог дапусьціць сваё зрастаньне з акупацыяй і падманваўся магчымасьцю мяняць яе ў лепшы бок. Цяпер раптам стала відавочна, што гэта немагчыма. Наадварот, гэта слабіна, якая дазваляе акупацыі прасоўвацца ўсё глыбей у тваю краіну»[50]. А 21 красавіка ён азначыў пераход пэўных беларускіх мас-мэдыя ў другой палове 2000-х гадоў на наркамаўку як вымушаную здраду і спробу прыстасавацца да рэжыму Лукашэнкі, што ва ўмовах расейскага тэрору і адкрытай акупацыі Беларусі ў 2020—2022 гадох цалкам страціла ўсякае абгрунтаваньне, лёгіку і пэрспэктыву, тым часам сама наркамаўка «засталася мёртванароджаным прадуктам на ўзбочыне гісторыі, які выканаў сваю русіфікатарскую функцыю»[51]. Таксама Сяргей Дубавец падкрэсьлівае, што ранейшы аргумэнт пра «школьны» правапіс не працуе, бо школа ўшчэнт русіфікаваная, а выкладаньне там беларушчыны ў большасьці выпадкаў прыводзіць да яе зьнялюбленьня. Ён параўноўвае прыхільнасьць да наркамаўкі пэўных сьвядомых беларусаў з тым, як бы па распадзе СССР хтосьці зь іх дэманстратыўна працягваў падтрымліваць камуністычную партыю, у якую раней уступіў дзеля нармальнай кар’еры, то бок «застаўся… верным сваёй колішняй вымушанай здрадзе, зь якой зросься ў адно цэлае»[51].
Remove ads
Адрозьненьні ад клясычнай моўнай нормы
Фанэтыка і правапіс
Клясычная беларуская | Наркамаўка |
Альфабэт | |
Кірылічны ў варыянце 1918 году, нармалізацыя клясычнага правапісу 2005 году зьмяшчае факультатыўную літару ґ, якая абазначае выбухны гук [г]. Таксама выкарыстоўваецца лацінка ў варыянце 1918 году (з улікам мадыфікацыі 1926 году).
|
Кірылічны ў варыянце 1918 году. Таксама дзеля трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту існуе асобная інструкцыя, першы варыянт якой афіцыйна зацьвердзілі ў 2000 годзе.
|
Пазначэньне асыміляцыйнай мяккасьці зычных | |
Вызначаецца з дапамогай мяккага знака. Напрыклад: сьнег, зьява, дзьве
|
Артаэпічная норма, дадаткова не вызначаецца. Напрыклад: снег, з’ява, дзве
|
Правапісны фанэтычны прынцып | |
Пашыраны, у тым ліку на зычныя і на сутыку марфэмаў. Напрыклад: стагодзьдзе, ня толькі, тэатар | У асноўным абмяжоўваецца ненаціскнымі галоснымі. Напрыклад: стагоддзе, не толькі, тэатр |
Трансьлітарацыя пазычаных словаў | |
Склады [ла], [ло], [лу] | |
Трансьлітаруюцца зь мяккім [л'] у словах заходнеэўрапейскага паходжаньня, апроч большасьці англіцызмаў. Зь цьвёрдым [л] у большасьці англіцызмаў. У запазычаньнях зь іншых моваў трансьлітаруецца ў залежнасьці ад цьвёрдасьці або мяккасьці гука ў выточнай мове-крыніцы. Напрыклад: плян, лёгіка, Плятон, клон
|
Трансьлітаруюцца ў асноўным цьвёрдым [л]. Напрыклад: план, логіка, Платон, клон
|
Зубныя зычныя [д], [т], [з], [с] перад пярэднімі галоснымі [е], [і] | |
У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т]. Гукі [з], [с] застаюцца цьвёрдымі, калі знаходзяцца ў пачатку, а часам і ў сярэдзіне слова; у астатніх выпадках [з], [с] перадаюцца пераважна мякка. Напрыклад: дыван, тыгр, сыгнал, фізыка, казіно, апэльсін
|
У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т], а [з], [с] вымаўляецца мякка. Напрыклад: дыван, тыгр, сігнал, фізіка, казіно, апельсін
|
![]() | |
[б], [в], [м], [н], [п], [ф] перад пярэднімі галоснымі [е] | |
У асноўным цьвёрдыя варыянты. Напрыклад: абанэнт, унівэрсытэт, мэтрапалітэн, дэбэт
|
У асноўным мяккія варыянты. Напрыклад: абанент, універсітэт, метрапалітэн, дэбет
|
![]() | |
Спалучэньні [j]/[й] з галоснымі | |
Пасьлядоўна перадаюцца з устаўным [j]. Напрыклад: маёр, Нью-Ёрк, езуіт, маянэз, мая, трыё, радыюс, іён |
У асноўным перадаюцца з устаўным [j], у той жа час існуе мноства абмежаваньняў. Напрыклад: маёр, Нью-Йорк, езуіт, маянэз, майя Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 2008 году замацавалі больш пасьлядоўную перадачу ўстаўнога [j].
|
Трансьлітарацыя літараў β («бэта») і θ («фіта») у грэцызмах | |
Пасьлядоўна перадаюцца паводле лацінскай традыцыі, «бэта» як [б], «фіта» як [т]. Напрыклад: абат, араб, сымбаль, Бізантыя; артаграфія, міт, матэматыка, рытм
|
Часткова паводле бізантыйскай традыцыі — «бэта» як [в], «фіта» як [ф] (г. зв. «ройхлінаўскае чытаньне»), — часткова як у лацінскай традыцыі — «бэта» як [б], «фіта» як [т] (г. зв. «эразмаўскае чытаньне»). Напрыклад: абат, араб, сімвал, Візантыя; арфаграфія, міф, матэматыка, рытм |
| |
Трансьлітарацыя грэцкага спалучэньня ευ і лацінскага спалучэньня eu | |
Пасьлядоўна праз [эў]: Напрыклад: Эўрыпід, Эўропа, эўкарыёт, эўфанія, эўфарыя, ляўконія, леўкацыт |
Часткова праз [эў], часткова праз [ей]: Напрыклад: Еўрыпід і Эўрыпід, але толькі Еўропа; эўкарыёт, эўфанія, але эйфарыя; ляўконія, але лейкацыт
|
Марфалёгія
Клясычная беларуская | Наркамаўка |
Выкарыстаньне словаўтваральнага фарманта -ір-/-ыр- у дзеясловах з запазычанымі асновамі | |
Пераважная большасьць запазычаных дзеясловаў выкарыстоўваецца без фарманта -ір-/-ыр-, нехарактэрнага для беларускай мовы і які выкарыстоўваецца ў першую чаргу ў тых выпадках, калі трэба пазьбегнуць аманіміі[1]. Напрыклад: фармаваць, санкцыянаваць, замаскаваць; шпацыраваць (ад слова шпацыр), буксаваць — буксіраваць (ад буксір), камандаваць — выпраўляць або дэлегаваць, сумаваць — падсумоўваць
|
Захоўваецца ў запазычаных праз расейскую мову словах. Напрыклад: фарміраваць, санкцыяніраваць, замаскіраваць, буксіраваць, камандзіраваць, суміраваць
|
Пашырэньне безафікснай мадэлі ўтварэньня назоўнікаў. Напрыклад: выступленне → выступ, наступленне → наступ, спадзяванне → спадзеў |
|
Выкарыстаньне суфіксаў -нік/-шчык у прафэсійных назвах асобы | |
Пашырэньне суфіксу -нік: Напрыклад: закупнік, перавозьнік
|
Пашырэньне суфіксаў -чык/-шчык: Напрыклад: закупшчык, перавозчык
|
Сыстэма словазьмяненьня | |
Флексіі -ах, -ях назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду меснага склону множнага ліку могуць зьмяняцца на -ох, -ёх, аднак, дапушчальныя абодва варыянты. Напрыклад: у лясах — у лясох, у палях — у палёх |
Для назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду меснага склону множнага ліку дапускаюцца толькі флексіі -ах, -ях. Напрыклад: у лясах, у палях
|
У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3 скланеньня звычайна маюць канчатак -яў. Напрыклад: магчымасьцяў, цяжкасьцяў, сувязяў |
У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3 скланеньня звычайна маюць канчатак -ей. Напрыклад: магчымасцей, цяжкасцей, сувязей Але назоўнікі з націскам на аснове могуць ужывацца і з канчаткам -яў:
|
Абмежаванае выкарыстаньне флексіі -а роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня на карысьць -у. Напрыклад: заводу, інстытуту, сацыялізму, абеду, Менску, Полацку
|
Пашыранае выкарыстаньне флексіі -а роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня (у назвах адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду). Напрыклад: вожыка, вужа. Неадушаўлёныя назоўнікі ў залежнасьці ад значэньня маюць канчатак -а(-я) ці -у(-ю): Геаграфічныя і астранамічныя назвы ўжываюцца з канчаткам -а(-я):
|
Дапушчальна пашырэньне формы будучага часу формай простага будучага часу, характэрнай для паўднёва-заходніх дыялектаў[31]. Напрыклад: буду рабіць — рабіцьму, будзем рабіць — рабіцьмем |
Выкарыстаньне толькі складанага будучага часу. Напрыклад: буду рабіць, будзем рабіць
|
Пашырэньне флексіі -аў роднага склону множнага ліку. Напрыклад: словы — слоў → словаў, мовы — моў → моваў |
У родным склоне множнага ліку назоўнікі 1 скланеньня маюць канчаткі -аў, — яў — з асновай на зьбег зычных або з падаўжэньнем зычных у аснове: Напрыклад: адозва — адозв-аў, ванна — ванн-аў. Некаторыя назоўнікі 2 скланеньня ў множным ліку ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі: |
Магчыма выкарыстаньне ў творным склоне адзіночнага ліку ў парадыгме 3-га скланеньня флексіі 2-га скланеньня. Напрыклад: Беларусьсю — Беларусяй, з маці — з мацерай |
Сынтаксіс
Адрозьненьні пераважна існуюць у кіраваньні прыназоўнікаў.
Клясычная беларуская | Наркамаўка |
Зьмена кіраваньня ў канструкцыях з прыназоўнікам па | |
Уніфікаванае (па + месны склон). Прыклады: па футболе, па вызваленьні |
Варыянтнае (па + давальны або месны склон). Прыклады: па футболу — па футболе, па вызваленню — па вызваленні |
Выбар прыназоўнікаў пры кіраваньні | |
Выкарыстаньне ўласнабеларускіх мадэляў:
Прыклады: паводле мясцовага часу, на запросіны, камітэт у справах, з прычыны, але па вайне |
Арыентацыя на сынтаксіс расейскай мовы, у тым ліку празьмерна частае ўжываньне прыназоўніка па Прыклады: па мясцоваму часу, па запрашэнню[73][76], камітэт па справах, па прычыне, але пасля вайны |
![]() |
Лексыкалёгія
Адрозьненьні ў галіне лексыкалёгіі маюць характар ацэнак канкрэтных варыянтаў выкарыстаньня ў прыватных выпадках, але ў агульным выпадку залежаць ад выбару лексыкі самімі носьбітамі мовы. Выбар артаграфіі грае тут дастаткова нязначную ролю і асаблівасьці, прыведзеныя ніжэй, у шырокім разуменьні, могуць выкарыстоўвацца носьбітамі мовы незалежна ад ужыванай артаграфіі.
Клясычная беларуская | Наркамаўка |
Лексэмы іншамоўнага паходжаньня | |
А. Пацехіна сьцьвярджае, што ў мэтах пазбаўленьня беларускай мовы ад русізмаў актывізуецца пазычаньне з польскай мовы, прычым неабавязкова польскіх лексэмаў[31]. Прыклады: пасол → амбасадар, фактар → чыньнік, карта → мапа, вадзіцель → кіроўца[f][78] |
З прычыны русіфікацыі Беларусі ва ўжываную ў БССР беларускую мову ўводзілася значная колькасьць неўласьцівай ёй расейскай лексыкі[73][79]. Прыклады: асцерагацца → апасацца, гераізм → доблесць, угода → здзелка, цягнік → поезд |
Лексэмы гістарычна беларускага паходжаньня | |
Паводле меркаваньня А. Пацехінай, часам адбываецца замена пэўных спрадвечна беларускіх лексэмаў[31]. Прыклады: адбывацца → тачыцца, умова → варунак, намаганьні → высілкі, іменна → менавіта[g] |
Увядзеньне ва ўжываную ў БССР беларускую мову словаў зь беларускімі каранямі, але структурай расейскай мовы, а таксама замена значэньняў беларускіх словаў на значэньні аналягічных паводле гучаньня словаў расейскай мовы[73][80]. Прыклады: скасаваць → адмяніць, скласьці → саставіць, рабунак → грабеж, вайсковы → воінскі
|
Remove ads
Глядзіце таксама
Заўвагі
- У адрозьненьне ад беларускага клясычнага правапісу (тарашкевіцы)
- Разам з тым, як адзначала ў 2005 годзе працоўная група з сучаснай нармалізацыі Беларускага клясычнага правапісу, з 1957 году афіцыйная артаграфія беларускай мовы паступова набывае рысы тарашкевіцы і эвалюцыянуе ў бок стандарту клясычнага правапісу[1].
- Ад «акадэмічны», у сэнсе «школьны», «рэгуляваны акадэміямі»[9] (у прыватнасьці Нацыянальнай акадэміяй навук)
- Аляксандар Чарнушэвіч быў у 1933 годзе наркамам (народным камісарам) асьветы БССР
- Беларускі паэт Уладзімер Хадыка на допыце ў турме НКВД 30 сьнежня 1936 году сьцьвярджаў што «поручение А. Александровичу редактировать новый белорусский словарь является страшнейшей ошибкой»[37]
- У гэтым выпадку абедзьве лексэмы — калькі зь ням. nämlich
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads