Вока
From Wikipedia, the free encyclopedia
Во́ка (па-лацінску: Oculus) — сэнсарны орган жывёлаў і чалавека, здольны ўспрымаць электрамагнітнае выпраменьваньне ў сьветлавым дыяпазоне даўжыні хваляў і які забясьпечвае функцыю зроку, шляхам канвэртаваньня сьвятла ў электрахімічныя імпульсы. Найпростыя фотарэцэптары ў сьвядомым бачаньні дапамагаюць адрозьніць рух. У вышэйшых арганізмаў вочы ўяўляюць сабой складаную аптычную сыстэму, якая зьбірае сьвятло ад навакольнага асяродзьдзя, рэгулюючы ягоную інтэнсыўнасьць праз дыяфрагму, факусуе яго праз рэгуляваны крышталік дзеля фармаваньня малюнку, пераўтвараючы малюнак у набор электрычных сыгналаў, а таксама перадаючы гэтыя сыгналы ў мозаг, праз складаныя нэрвовыя шляхі. Вочы з распазнавальнай здольнасьцю існуюць у дзесяці прынцыпова розных формаў, 96% відаў жывёлаў валодаюць складанай аптычнай сыстэмай. Вочы прысутнічаюць у малюскаў, хордавых і суставаногіх[1]. Вока звычайна ўтрымліваецца ў вочнай ямцы чэрапу. Яно складаецца зь дзьвюх частак: вочнага яблыка і дапаможнага апарату вока. Вочны яблык мае сфэрычную форму, што дазваляе яму рухацца ў межах вочнае ямцы.
Найпростае «вока», напрыклад, у мікраарганізмаў, нічога па сутнасьці ня робіць, але дазваляе выяўляць асьветленнасьць асяродзьдзя, што дастаткова дзеля захаваньня цыркадных рытмаў[2]. У больш складаных вачох, фотарэцэптары сеткавіцы вока пасылаюць сыгналы па рэтынагіпаталамуснаму тракту да супрахіязмальнага ядра дзеля забесьпячэньня цыркаднага рэгуляваньня.