пачуцьцё ўспрыняцьця пахаў From Wikipedia, the free encyclopedia
Нюх (лац. olfactus) — здольнасьць да ўспрыняцьця й адрозьніваньня пахаў[1], разнавіднасьць хемарэцэпцыі[2][3][4].
Нюх | |
Апісаньне | |
---|---|
Сыстэма | нюхавы аналізатар |
Функцыі | улоўлівае хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для фармаваньня нюху, у навакольным асяродзьдзі |
Лацінская назва | olfactus |
MeSH | P486 |
Анатамічная тэрміналёгія |
У людзей гэтая здольнасьць адбываецца, калі пах зьвязваецца з рэцэптарам у паражніны носа, перадаючы сыгнал празь нюхальную сыстэму[5]. Клюбочкі зьбіраюць сыгналы ад гэтых рэцэптараў і перадаюць іх у нюхальную цыбуліну (лац. bulbus olfactorius), дзе сэнсарная інфармацыя пачынае ўзаемадзейнічаць з часткамі мозгу, адказнымі за ідэнтыфікацыю паху, памяць і эмоцыі[6].
Ёсьць шмат розных прычын зьмены, адсутнасьці альбо парушэньня нармальнага нюху, і яны могуць уключаць у сябе пашкоджаньне носа альбо нюхальных рэцэптараў і іншыя. Некаторыя прычыны ўключаюць інфэкцыі верхніх дыхальных шляхоў, чэрапна-мазгавую траўму й нэўрадэгенэратыўныя захворваньні[7][8].
Колькасныя характарыстыкі нюху чалавека дасьледуе навука альфакамэтрыя (колькасная ацэнка паху) і адорамэтрыя (якасная ацэнка паху). Успрыманьне пахаў нельга вымераць непасрэдна. Замест гэтага выкарыстоўваюць непрамыя мэтады, такія як ацэнка інтэнсіўнасьці (як моцна адчуваецца пах?), вызначэньне парога ўспрыманьня (гэта значыць пры якой сіле пах пачынае адчувацца) й параўнаньне зь іншымі пахамі (на што падобны гэты пах?). Звычайна назіраецца прамая залежнасьць паміж парогам успрыманьня й адчувальнасьцю.
Амэрыканскія навукоўцы Рычард Аксэль і Лінда Бак атрымалі ў 2004 годзе Нобэлеўскую прэмію за дасьледаваньне нюху чалавека[9].
З эвалюцыйнага пункту гледжаньня нюх — адно з найстарэйшых і найважнейшых пачуцьцяў, пры дапамозе якога жывёлы арыентуюцца ў навакольным асяродзьдзі. Гэты аналізатар зьяўляецца адным з галоўных у шматлікіх жывёл.
Ён папярэднічаў усім іншым пачуцьцям, з дапамогай якіх жывёла магла на адлегласьці адчуваць прысутнасьць ежы, асобін супрацьлеглай плоці альбо набліжэньне небясьпекі.
Стаўка на нюх была стратэгічнай у эвалюцыі сысуноў (гл. нюх сысуноў).
У прыматаў нюх заўсёды быў трэцім пачуцьцём, пасьля зроку, слыху й нават дотыку. Але ў лемурападобных (мокраносыя прыматы) й шыроканосых малпаў яно выкарыстоўваецца для камунікацыі паміж асобінамі.
Яшчэ больш слабы нюх у чалавекападобных малпаў. Тым ня менш чалавек вылучаецца нават на іхным фоне. Масавае ператварэньне ґенаў нюхальных рэцэптараў у псэўдаґены адбылося каля шасьці мільёнаў гадоў таму[10], калі разышліся лініі продкаў людзей (гамінідаў) і шымпанзэ і ў лініі чалавека выяўляецца тэндэнцыя да двухногага перамяшчэньня.
Нюх залежыць ад плоці. Жанчыны звычайна пераўзыходзяць мужчын па адчувальнасьці, пазнаваньню й распазнаваньню пахаў[11][12][13][14][15]. У вельмі невялікай колькасьці працаў адзначана перавага мужчынскай плоці[16][17][18]. У дасьледаваньні Тулуза й Вахіда было выяўлена, што жанчыны маглі лепш за мужчын вызначаць пахі камфоры, цытрала, ружовай і вішнёвай вады, мяты й анэтоля[19]. Аналягічныя вынікі былі атрыманы ў шэрагу наступных працаў[12][20][21]. ЛеМагнен выявіў, што жанчыны былі больш адчувальныя да паху тэстастэрону[22]. Пазьнейшыя дасьледаваньні выявілі адрозьненьні ў адчуваньні пахаў многіх рэчываў уключаючы цытрал, амілацытат, вытворныя андратсэнону, экзатолід, фэнілэтылавы сьпірт, m-кісьлен і пірыдын[23][24][25]. Калега й Костэр правялі эксьперыменты зь некалькімі сотнямі рэчываў. У дзевяці рэчываў парог нюху быў ніжэй у жанчын. Яны таксама выявілі, што дзяўчынкі пераўзыходзілі хлопчыкаў па шэрагу тэстаў адрозьніваньня пахаў[24]. Калі судзіць па апошнім мэтааналізам, то ўплыў плоці нязначны. Апошні мэтааналіз пацьвердзіў тое, што нюх у жанчыны ў сярэднім ледзь лепш, але памер эфэкту й велічыня гэтых адрозьненьняў вельмі малыя[26].
Вядома, што нюх і пах жанчын, якія не прымаюць гарманальных супрацьзачаткавых сродкаў, зьмяняецца на працягу мэнструальнага цыклю[27]. Найбольш вострым нюх робіцца ў пэрыяд незадоўга да й пасьля авуляцыі, напрыклад адчувальнасьць да некаторых пахаў узрастае ў тысячы разоў[28]. У жанчын жа, якія прымаюць супрацьзачаткавыя таблеткі, нюх застаецца сталым на працягу ўсяго цыклу. У дасьледаваньні прынялі ўдзел жанчыны ад 18 да 40 гадоў, якім было прапанавана адрозьніць пахі аніжа, мускуса, гвазьдзіка, нашатыру й цытрус.
У нованароджаных немаўлятаў нюх разьвіты моцна, але за адзін год жыцьця ён губляецца на 40—50 %. Дасьледаваньне праведзенае на аснове апытаньня 10,7 млн. чалавек паказала памяншэньне адчувальнасьці нюху з узростам ва ўсіх 6 дасьледаваных пахаў[29]. Здольнасьць да адрозьніваньня пахаў таксама памяншалася. Паводле апошніх мэтааналізаў, дзе былі выяўленыя вельмі слабыя адрозьненьні, страта нюху адбываецца прыкладна роўнымі тэмпамі. У жанчын верагодней больш рэзкае падзеньне нюху прыпадае на пэрыяд мэнапаўзы[26].
Было даказана, што з узростам адбываецца атрафія нюхальных валокнаў і іхная колькасьць у нюхальнай нэрве няўхільна памяншаюцца[30][31].
Узроставая дынаміка атрафіі валокнаў нюхальнай нэрвы ў чалавека. | |
---|---|
Узрост (гады) | Колькасьць атрафаваных валокнаў |
0—15 | 8 |
16—30 | 20 |
31—45 | 33 |
46—60 | 57 |
61—75 | 68 |
76—91 | 73 |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.