Тэрмадынаміка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тэ́рмадына́міка — навука (разьдзел фізыкі) пра найбольш агульныя якасьці макраскапічных аб’ектаў, то бок тэрмадынамічных сыстэмаў, якія знаходзяцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі, а таксама пра працэсы пераходу паміж гэтымі станамі, якія адпавядаюць пераўтварэньням формаў руху матэрыі. Тэрмадынаміку падзяляюць на агульную, тэхнічную, хімічную, тэрмадынаміку струменя і іншыя.
Тэрмадынаміка грунтуецца на двух зыходных палажэньнях і трох пачатках (законах) тэрмадынамікі, якія былі атрыманыя на аснове абагульненьня досьледаў чалавецтва і доказаў ня маюць.
Клясычная тэрмадынаміка карыстаецца фэнамэналягічным мэтадам дасьледаваньня, які не разглядае пабудову дасьледаванага рэчыва на мікраскапічным узроўні, а высьвятляе сувязь паміж макраскапічнымі велічынямі (такімі як ціск, тэмпэратура і г. д.). Таму высновы, атрыманыя пры дапамозе гэтага мэтаду, не залежаць ад іншых тэорыяў.
Тэрмадынаміка шырока прымяняецца ў навуцы і тэхніцы. Гістарычна склалася так, што тэрмадынаміка распрацоўвалася праз жаданьне павысіць эфэктыўнасьць і выходную магутнасьць пачатковых паравых рухавікоў, у прыватнасьці, дзякуючы працы францускага фізыка Нікаля Леанара Садзі Карно, які лічыў, што эфэктыўнасьць цеплавых рухавікоў ёсьць ключом, які можа дапамагчы Францыі атрымаць перамогу ў напалеонаўскіх войнах[1]. Брытанскі фізык ірляндзкага паходжаньня лорд Келвін быў першым, хто сфармуляваў кароткае вызначэньне тэрмадынамікі ў 1854 годзе.
Першапачатковае прыкладаньне тэрмадынамікі ў мэханічных цеплавых рухавіках было хутка распаўсюджана на вывучэньне хімічных злучэньняў і хімічных рэакцыяў. Хімічная тэрмадынаміка вывучае характар ролі энтрапіі ў працэсе хімічных рэакцыяў і забясьпечвае асноўную частку атрыманьня і пашырэньня ведаў у гэтае галіне[2][3][4][5][6][7][8][9]. Статыстычная тэрмадынаміка, альбо статыстычная мэханіка тычыцца статыстычных прагнозаў калектыўнага руху часьцінак у выніку іхных мікраскапічных паводзінаў. У 1909 годзе Канстантын Карэтэодары прадставіў чыста матэматычны падыход у аксіёматычнай пастаноўцы, апісаньне якога часта называюць геамэтрычнай тэрмадынамікай.