From Wikipedia, the free encyclopedia
Гільмендская культура — археалагічная культура бронзавага веку на поўдні Афганістана і ўсходзе Ірана ў басейне ракі Гільменд.
Гільмендская культура Бронзавы век | |
---|---|
| |
Геаграфічны рэгіён | Пярэдняя Азія |
Лакалізацыя | Афганістан, Іран |
Датаванне | канец 4 тысячагоддзя да н. э. — канец 3 тысячагоддзя да н. э. |
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка, рамяство |
Адным з першых помнікаў Гільмендскай культуры, даследаваных археолагамі, стаў Мундыгак у Афганістане, дзе раскопкі пачаліся з 1950-х гг. У 1967 г. быў адкрыты Шахры-Сухтэ ў Іране. Абодва з'яўляюцца найбуйнейшымі помнікамі гэтай культуры, вядомымі ў наш час. Паколькі раскопкі арганізоўваліся 2 рознымі групамі даследчыкаў, параўнанне і ўсталяванне падабенства артэфактаў адбылося значна пазней. Упершыню падабенства керамікі было вызначана ў 1973 г. Вылучэнне асобнай Гільмендскай культуры стала рэчаіснасцю толькі ў 1990-я гг. У нашы дні таксама прынята казаць пра Гільмендскую цывілізацыю.
Агульнай перыядызацыі Гільмендскай культуры не існуе. Звычайна храналогія адных помнікаў у дачыненні да іншых усталёўваецца на аснове стратыграфіі помнікаў Мундыгак і Шахры-Сухтэ:
Каля 7 тысяч гадоў таму ў рэгіёне, які ахопліваў Іранскае плато і поўнач Паўднёвай Азіі ўсталяваўся адносна вільготны клімат, які садзейнічаў пашырэнню вытворчых форм гаспадаркі і павелічэнню шчыльнасці насельніцтва. У 4 тысячагоддзі да н. э. гэты працэс закрануў Гільмендскі аазіс, дзе ўзніклі сталыя паселішчы. Іх насельнікі былі добра знаёмы з вырабам керамікі і, відавочна, займаліся сельскай гаспадаркай. Хаця Гільменд з яго прытокамі ўяўляе сабою замкнёную рачную сістэму, праз аазіс маглі праходзіць наземныя гандлёвыя шляхі з Загроса і Іранскага плато, на ускраінах якіх фарміраваліся Протаэламская культура і Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс, а таксама поўначы сучаснага Белуджыстана — калыскі Індскай цывілізацыі.
У канцы 4 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. пачаўся паступовы працэс урбанізацыі. У нашы дні археолагам вядомы 2 гарадскія паселішчы Гільмендскай культуры — Шахры-Сухтэ і Мундыгак. У перыяд свайго росквіту ў канцы першай паловы 3 тысячагоддзя да н. э. Шахры-Сухтэ займаў плошчу каля 80 га, а Мундыгак — 21 га. Характэрна, што ўжо ў пачатку 3 тысячагоддзя да н. э. у Шахры-Сухтэ выраблялі кераміку, стылістычна падобную на тую, што знаходзяць на поўдні Туркменістана, аазісах паўднёвага Ірана і поўначнага ўсходу Іранскага плато.
Мясцовыя рамесныя традыцыі стала паляпшаліся. Вяршыняй майстэрства гільмендскіх ганчароў былі лёгкія паліхромныя пасудзіны з тонкімі сценкамі. Іх знаходзяць на месцы жытлаў, а таксама ў пахаваннях. Акрамя таго, вырабляліся гліняныя статуэткі, каменныя пячаткі, гуляльныя прадметы. Майстры працавалі з каменем, бітумам, золатам. Не вядома, ці складалі гарады Гільмендскай культуры адзінае палітычнае аб'яднанне. Аднак у Шахры-Сухтэ і Мундыгаку былі знойдзены манументальныя будынкі, падобныя на цэнтры свецкай і рэлігійнай улады.
Пасля 2500 г. да н. э. Мундыгак быў пакінуты яго жыхарамі. Дакладныя прычыны гэтага не вядомы. У далейшым паўночны ўсход Гільмендскага аазіса займалі качавыя жывёлагадоўцы. Паміж 2350 г. да н. э. і 2200 г. да н. э. адбыўся заняпад Шахры-Сухтэ, хаця некаторыя яго будынкі выкарыстоўваліся пазнейшымі насельнікамі на працягу некалькіх стагоддзяў.
Лічыцца, што Гільмендская культура шчыльна звязана з Джырофцкай, што пачала фарміравацца на захад ад Гільмендскага аазіса ў 3 тысячагоддзі да н. э.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.