From Wikipedia, the free encyclopedia
Крушэнне верталёта ў Браварах — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 18 студзеня 2023 года ў горадзе Бравары Кіеўскай вобласці Украіны[1], калі верталёт ДСНС упаў паблізу мясцовага дзіцячага садка.
Крушэнне верталёта ў Браварах | |
---|---|
| |
Агульныя звесткі | |
Дата | 18 студзеня 2023 |
Час | 8:20 |
Месца | г. Бравары |
Загінулыя | 14 |
Параненыя | 25 |
Паветранае судна | |
Борт 54 у ангары ДСНС Украіны, 2021 год. |
|
Мадэль | AS 332 Super Puma |
Авіякампанія | ДСНС |
Бартавы нумар | 54 |
Пасажыры | 7 |
Экіпаж | 3 |
Выжылых | 0 |
Пацярпелы катастрофу верталёт быў мадэлі Airbus Н225 Super Puma (набыты ў 2020 годзе[2]). Авіямашыны Украіна закупляла ў Францыі з 2018 года ў рамках праграмы па мадэрнізацыі свайго паветранага парку. Кантракт на суму 551 млн еўра падпісаў тагачасны міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, па якім дзяржава атрымала 55 верталётаў. Машыны былі перададзены паліцыі, пагранічнай службе, ДСНС і Нацгвардыі. Пры гэтым лятальныя апараты пастаўляліся не новымі. Яны былі выпушчаны ў 2009—2012 гадах і мелі да 50% зносу асноўных вузлоў і агрэгатаў. Для патрэб Украіны верталёты праходзілі капітальны рамонт і мадэрнізацыю[3].
Пры гэтым яшчэ ў 2018 годзе ўкраінскія журналісты адзначалі, што некаторыя еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Нарвегія і Польшча, адмовіліся ад эксплуатацыі гэтай мадэлі. Рашэнне было звязана ў першую чаргу з катастрофай у 2016 годзе нарвежскага Airbus Н225 Super Puma . Аднак Авакаў усё ж такі вырашыў закупіць машыны[3].
Верталёт AS 332 Super Puma ЕС-225 (бартавы нумар 54) Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, які перавозіў вышэйшае кіраўніцтва МУС Украіны, разбіўся каля 8:20 раніцы 18 студзеня 2023 года ў горадзе Бравары (Кіеўская вобласць)[4]. Падчас туману верталёт упаў паміж дзіцячым садам і жылым домам, пасля чаго пачаўся пажар[5]. Кіраўнік горада Ігар Сапожка заявіў: «Ад магутнага выбуху разбурэнні атрымалі памяшканні садка і адзін з бліжэйшых дамоў»[5]. У 9:28 пажар у дзіцячым садку быў ліквідаваны[4].
Паводле папярэдніх звестак, ляцячы на нізкай вышыні падчас туману пілот своечасова не ўбачыў вышыннага будынка, пасля чаго паспрабаваў рэзка падняць вышыню, што прывяло да страты кіравання верталётам[6][7]. Служба бяспекі Украіны ўзяла ў распрацоўку тры версіі катастрофы: парушэнне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасць і наўмысныя дзеянні па знішчэнні транспартнага сродку[6].
Крушэнне адбылося на фоне расійскага ўварвання ва Украіну[8]. Намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка заявіў, што «кіраўніцтва МУС ляцела на верталёце ў камандзіроўку ў адну з "гарачых кропак"»[7]. Па даных выдання «Українська правда», міністр са сваёй камандай накіроўваўся ў Бахмут. На верталёце яны павінны былі дабрацца да Харкаўскай вобласці, а ўжо адтуль дабірацца да пункта прызначэння планавалі на аўтамабілях[2].
Загінулі ўсе 10 чалавек[9], якія знаходзіліся на борце: 3 члены экіпажа і 7 пасажыраў. У выніку катастрофы загінула кіраўніцтва МУС Украіны: міністр унутраных спраў Дзяніс Манастырскі, яго першы намеснік Яўген Енін і Дзяржаўны сакратар Міністэрства Юрый Лубковіч[1][4][4][10].
Агулам загінулі 14 чалавек, з іх 1 дзіця, 25 атрымалі раненні (14 дарослых і 11 дзяцей)[11][12].
Праз некалькі гадзін пасля катастрофы Урад Украіны прызначыў кіраўніка нацпаліцыі Ігара Кліменка выконваючым абавязкі міністра ўнутраных спраў[13]. Улады абвясцілі трохдзённую жалобу[14].
У жніўні 2023 года Генеральная пракуратура паведаміла, што пяць службовых асоб Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацях знаходзяцца пад падазрэннем у сувязі з гібеллю кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў[15].
Па даных следства, чыноўнікі ДСНС прыцягнулі да перавозкі кіраўніцтва МУС Украіны верталёт, які знаходзіўся на дзяжурстве для рэагавання ў выпадку надзвычайных сітуацый у Кіеве і Кіеўскай вобласці, што супярэчыла заканадаўству, так як верталёт не меў дазваленчых дакументаў на іншыя віды палётаў. Экіпажу не было паведамлена аб вельмі неспрыяльных умовах надвор’я ў горадзе Бравары, а сам экіпаж не меў допуску да палётаў у складаных метэаўмовах. З-за складаных метэаўмоў лятальны апарат быў вымушаны здзяйсняць палёт на гранічна нізкай вышыні, якая аказвалася нават ніжэй чым вышыня некаторых будынкаў на маршруце руху. Калі камандзір верталёта ўбачыў перад сабой перашкоду — шматпавярховы дом, ён паспрабаваў здзейсніць манеўр аблёту будынка, аднак ва ўмовах дрэннай бачнасці падчас завяршэння манеўру, з прычыны адсутнасці навыкаў працы ў складаных метэаўмовах, страціў арыенціроўку ў прасторы і сутыкнуўся з зямлёй[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.