Гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі[1], гамафобны гвалт[2], гвалт па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці[3] — акты фізічнага ці псіхічнага гвалту, накіраваныя на прадстаўнікоў ЛГБТІ (гомасексуальных, бісексуальных, трансгендарных і інтэрсекс людзей) і выкліканыя гамафобнымі і трансфобнымі матывамі. Гвалту могуць падвяргацца і асобы, якія не з’яўляюцца ЛГБТ, але прылічаныя да іх, а таксама і іншыя асобы, якія не адказваюць гетэранарматыўным стандартам[1]. Акрамя прамых актаў фізічнага гвалту, у першую чаргу, цялесных пашкоджанняў і сексуальнага гвалту, да гвалту на глебе гамафобіі можна аднесці і іншыя дзеянні — псіхалагічнае запалохванне, пагрозы і шантаж, якія маюць пад сабой гамафобную глебу, а таксама і гамафобныя абразы, мобінг, булінг і іншыя праявы псіхалагічнага гвалту на глебе нянавісці да прадстаўнікоў ЛГБТ.
Фізічны і псіхічны гвалт на глебе гамафобіі і трансфобіі з’яўляюцца праявай злачынстваў на глебе нянавісці, калі ахвяра выбіраецца (усвядомлена ці неўсвядомлена) выключна з прычыны яе прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, у гэтым выпадку ЛГБТ.
Характарыстыка
Псіхолаг і гісторык Енс Доблер размяжоўвае гвалт на глебе гамафобіі і праявы дыскрымінацыі з боку прыватных асоб, інстытуцый, грамадства ці дзяржавы ў дачыненні да ЛГБТ, адносячы да падобных актаў гамафобнага гвалту толькі дзеянні фізічнага ці псіхічнага гвалту, класіфікавальныя ў якасці каральных крымінальных злачынстваў[4]. Даследаванні са ЗША, Германіі, Нідэрландаў, Францыі паказваюць, што ахвярай падобнага гвалту хоць бы раз у жыцці станавіўся прынамсі кожны трэці гомасексуал[5][6].
Паводле статыстыкі ФБР, прадстаўнікі ЛГБТ у некалькі разоў часцей падвяргаюцца гвалту, чым гетэрасексуальныя людзі[7]. Паводле тых жа даных, у 17 % усіх выпадкаў злачынстваў на глебе нянавісці (трэцяе месца пасля злачынстваў на глебе расавай і рэлігійнай непрыязнасці) матывам гвалту становіцца сексуальная арыентацыя ахвяры[7]. Аднак гэтыя даныя апісваюць толькі зарэгістраваныя ў пратаколах выпадкі. Большасць актаў гамафобнага гвалту (напрыклад, у ЗША — да 80 %, у Нідэрландах — да 90 %) не рэгіструюцца ў паліцыі, таму што ахвяры не звяртаюцца па дапамогу ў органы[5]. Шмат у чым гэта звязана з тым, што ахвяры не хочуць даводзіць да агульнага ведама сваю гомасексуальнасць[5]. Акрамя таго, многія злачынствы на глебе гамафобіі рэгіструюцца як бытавыя злачынствы[7].
Асобы, якія здзяйсняюць гвалт у дачыненні да ЛГБТ, паводле даследаванняў Доблера, — гэта, у першую чаргу, падлеткі і маладыя людзі мужчынскага полу[4]. Падобныя злачынствы здзяйсняюцца як у адзіночку, так і невялікімі групамі. Вербальнаму ці фізічнаму нападу могуць падвяргацца і выпадковыя людзі на вуліцы, западозраныя ў гомасексуальнасці. Нярэдка аб’ектамі нападу становяцца і ўстановы, у якіх прысутнічае ЛГБТ-публіка, напрыклад, гей-бары, кафэ ці ЛГБТ-цэнтры[4]. У той жа час, паводле Доблера, толькі 5 % такіх злачынстваў здзяйсняюцца неанацыстамі, скінхэдамі і іншымі праварадыкальнымі групамі[4].
Матывы такіх злачынстваў часта замоўчваюцца ў СМІ, ці гэтыя злачынствы падаюцца як злачынствы, здзейсненыя ў «гомасексуальным асяроддзі»[5]. Да нядаўняга часу ЛГБТ-арганізацыі таксама не надавалі гэтай тэме дастаткова ўвагі з прычыне таго, што ахвяры гамафобнага гвалту неахвотна працавалі з ЛГБТ-цэнтрамі[5]. Толькі ўзнікненне эпідэміі СНІДу і з’яўленне праектаў па прафілактыцы ВІЧ сталі спрыяць з’яўленню розных прэвентыўных кампаній і адукацыйных праектаў, накіраваных, у тым ліку, і на папярэджанне гамафобнага гвалту[5].
Прыклады фізічнага і псіхічнага гвалту
Фізічны гвалт у дачыненні да ЛГБТ і асоб, прылічаных да іх, можа мець розныя формы і, асабліва ў выпадках папушчальніцтва ўрада ці наяўнасці антыгомасексуальнай дзяржаўнай палітыкі, можа прыводзіць да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Феномен, пры якім лесбіянкі падвяргаюцца сексуальнаму гвалту з мэтай пазнання мужчыны і «выпраўлення» такім чынам, атрымаў назву «карэктавальнага згвалтавання». Асаблівую праблему карэктавальнае згвалтаванне набыло ў краінах Афрыкі, і ў першую чаргу ў ПАР. Нярэдка пасля жорсткага згвалтавання ахвяры наносяцца цялесныя пашкоджанні, несумяшчальныя з жыццём.
Гамафобнымі матывамі апраўдваюцца таксама і жорсткія забойствы. Пры гэтым ахвяра можа нават і не быць прадстаўніком ЛГБТ, але быць прылічанай да такіх. Напрыклад, у маі 2013 года на глебе нянавісці да геяў у Валгаградзе быў жорстка забіты 23-гадовы Уладзіслаў Тарнавой[8]. У 2012 годзе ў Іраку адбылася чарада забойстваў маладых людзей, якія прытрымліваюцца культуры эма. Вядомыя прыклады забойстваў ЛГБТ членамі сям’і для «зняцця ганьбы з сям’і». Такія злачынствы могуць разглядацца ў якасці так званых забойстваў гонару.
У Беларусі найбольш рэзанансным стаў напад на 33-гадовага Міхаіла Пішчэўскага ў маі 2014 года, у выніку якога ён атрымаў цяжкія траўмы, з-за якіх давялося выдаліць каля 20 % галаўнога мозгу[9]. Міхаіл Пішчэўскі памер у бальніцы ў кастрычніка 2015 года[10].
Фізічны гвалт нярэдка суправаджаецца таксама і псіхічным гвалтам. Найбольш адчувальнай групай да вербальнага гвалту з’яўляюцца маладыя гомасексуалы, якія праходзяць фазу камінг-аўта. Нярэдка звязаныя з гэтым абразы і зневажэнні пераносяцца імі больш балюча за фізічны гвалт[11].
ААН прылічае да гвалту на глебе гамафобіі таксама і прымусовае лячэнне ў мэтах «змянення» сексуальнай арыентацыі, анальны агляд мужчын-геяў для «доказу» іх гомасексуальнасці, прымусовую стэрылізацыю трансгендарных асоб[1].
Заканадаўства
ЛГБТ-арганізацыі выступаюць за ўключэнне матыву злачынстваў з прычыны нянавісці да ЛГБТ у якасці абцяжваючых абставін. Паводле даклада, апублікаванага HRC у 2009 годзе, 68 % амерыканцаў выступаюць за заканадаўчае прылічэнне злачынстваў на глебе нянавісці да ЛГБТ да групы злачынстваў нянавісці[12].
Постсавецкая прастора
На постсавецкай прасторы аналаг — тэрмін «рамонт», якім абазначаецца «фізічная расправа над гомасексуаламі з боку групы хуліганаў-гамафобаў, звычайна ў месцах знаёмстваў і на вечарынках»[13]. Адпаведна, нападнікі называюцца «рамонтнікамі»[14][15].
Пра мэтанакіраваныя напады на геяў і лесбіянак у краінах былога СССР сведчаць розныя аўтары. Так, расійскі гісторык і сексолаг Леў Клейн піша:[15]
Такія банды ёсць і ў нас, на жаргоне іх называюць «рамонтнікамі», і яны нават карысталіся дзе-нідзе падтрымкай міліцыі. Так, у Маскве міліцыя стварыла аператыўны атрад юных дружыннікаў для барацьбы з «гомасексуалістамі», які давялося судзіць. Галоўным абвінавачваным быў 16-гадовы Дзіма Сарокін. Ад выканання заданняў дзеці перайшлі да самастойных нападаў з абрабаваннямі і згвалтаваннямі. На чале банды апынуўся адзін з тых, каго банда пераследвала. Гэты студэнт-эканаміст, які стаў «гомікам» пасля таго, як яго згвалтавалі ў туалеце музея У. І. Леніна, некаторы час сам практыкаваў гомасексуальны секс, а пасля нападу банды, далучыўся да яе. Яму спадабалася, і неўзабаве ён стаў верхаводам. Скончылася ўсё арыштам і судом (Айзенштат, 1997). Але ёсць банды, якія дзейнічаюць і па ўласнай ініцыятыве.
Арыгінальны тэкст (руск.)Такие банды есть и у нас, на жаргоне их называют „ремонтниками“, и они даже пользовались кое-где поддержкой милиции. Так, в Москве милиция создала оперативный отряд юных дружинников для борьбы с „гомосексуалистами“, который пришлось судить. Главным обвиняемым был 16-летний Дима Сорокин. От выполнения заданий ребята перешли к самостоятельным нападениям с ограблениями и изнасилованиями. Во главе банды оказался один из тех, кого банда преследовала. Этот студент-экономист, ставший „гомиком“ после того, как его изнасиловали в туалете музея В. И. Ленина, некоторое время сам практиковал голубой секс, а после нападения банды, присоединился к ней. Ему понравилось, и вскоре он стал главарем. Закончилось всё арестом и судом (Айзенштадт, 1997). Но есть банды, действующие и по собственной инициативе.
У выданні ўкраінскага праваабарончага цэнтра «Наш мир» падрабязна апісваецца, як праходзілі праследаванні і нападкі[14]:
Спецыфічнай з’явай быў «рамонт». У перабудоўны час частка моладзі ўспрыняла публікацыі пра геяў і іх праблемы вельмі негатыўна, і ўбачыўшы у іх асобе ворага, з якім трэба было змагацца. Звычайна малады сімпатычны хлопец з групы «рамонтнікаў» выкарыстоўваўся ў якасці прынады, з’яўляючыся ў месцах сустрэч геяў. Ахвяру «падсадная качка» прыводзіў ці ў зацішнае месца непадалёк, ці на кватэру. У абодвух выпадках там ахвяру чакала ўся група. Пасля зневажэнняў, збіванняў і рабавання гея адпускалі, хоць у некаторых выпадках гэта магло скончыцца і горш. Іншыя групы «рамонтнікаў» не турбавалі сябе і такім сцэнарыем і прыставалі проста да ўсіх падазроных («не так» апрануты, завушніца ў вуху). Некаторыя прадстаўнікі крымінальнага свету спецыялізаваліся на рабаванні геяў. Усё пачыналася зноў-ткі са знаёмства. Калі ж гей прыводзіў новага знаёмага дамоў, той пасля палавога кантакту (ці без яго) рабаваў гаспадара. Разлік быў на тое, што ахвяра не пойдзе ў міліцыю са страху перад крымінальным пакараннем за гомасексуалізм і тым, што гэты бок яго жыцця атрымае агалоску.
Арыгінальны тэкст (руск.)Специфическим явлением был „ремонт“. В перестроечное время часть молодежи восприняла публикации о геях и их проблемах весьма негативно, найдя в их лице врага, с которым следовало бороться. Обычно молодой симпатичный парень из группы „ремонтников“ использовался в качестве приманки, появляясь в местах встреч геев. Жертву „подсадная утка“ приводил или в укромное место неподалеку, или на квартиру. В обоих случаях там жертву ждала вся группа. После унижений, избиений и грабежа гея отпускали, хотя в некоторых случаях это могло закончиться и хуже. Другие группы „ремонтников“ не утруждали себя и таким сценарием и приставали просто ко всем подозрительным („не так“ одет, серьга в ухе). Некоторые представители криминального мира специализировались на грабеже геев. Все начиналось опять-таки со знакомства. Когда же гей приводил нового знакомого домой, тот после полового контакта (или без него) грабил хозяина. Расчет был на то, что жертва не пойдет в милицию из-за страха перед уголовным наказанием за гомосексуализм и тем, что эта сторона его жизни получит огласку.
Аўтары выдання сцвярджаюць, што «вядомы толькі адзін выпадак, калі міліцыя рэальна дапамагла абараніць гея, і мноства выпадкаў, калі яна не захацела ўмешвацца ці сама паступала з гомасексуаламі цалкам незаконным чынам». Тым не менш, там жа падкрэсліваецца, што «эпоха масавага „рамонту“ — праследаванняў, збіванняў і шантажу гомасексуалаў — засталася ў мінулым».
Мінскія геі згадваюць пра існаванне «рамонтнікаў» у 1990-я гады на «Панікоўцы» (цяпер Аляксандраўскі сквер), вядомым месцы сустрэч мужчын-гомасексуалаў таго часу. Паколькі паліцыя ніяк не абараняла геяў ад «рамонту» і не прымала да разгляду заявы пра пра здзейсненыя злачынствы, абараняцца даводзілася самастойна[16].
Гл. таксама
- Стаўленне грамадства да гомасексуальнасці
- Дыскрымінацыя па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці
- Самагубствы ЛГБТ
- Гомасексуальная паніка
- Прапаганда гамафобіі
- Стральба ў тэль-авіўскім ЛГБТ-цэнтры
- Гвалт над жанчынамі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.