From Wikipedia, the free encyclopedia
Пётр Мяніцкі (польск.: Piotr Mienicki; 1 мая 1892 — 23 ліпеня 1919) — польскі ваенны дзеяч. Брат архівіста, прафесара Рышарда Мяніцкага.
Па сканчэнні ў 1912 годзе Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе паступіў на земляробчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Аднак пасля двух гадоў навучання быў пакліканы да расійскага войска. У 1915 годзе ў Маскве скончыў Аляксееўскую вайсковую школу і быў прызначаны ў 142-і Звянігарадскі полк. Даслужыўся да чыну падкапітана. У кастрычніку 1917 года пакідае шэрагі часткі і далучаецца да 1-га корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Служыў у 5-м палку 2-й стралковай дывізіі. У студзені 1918 прымаў удзел у баях з бальшавікамі за Бабруйск. Пасля расфармавання немцамі корпуса ў чэрвені 1918 года на кароткі час вяртаецца на радзіму.
Увосень 1918 году ад’язджае да Вільні, дзе ўступае ў шэрагі Самаабароны Віленскай зямлі. Быў адасланы ў Ліду дзеля дапамогі генералу Адаму Макрэцкаму ў фармаванні аддзелаў Самаабароны Лідскай зямлі. Ачоліў 2-і батальён пяхоты, што сфармаваўся з добраахвотнікаў з Ліды, Шчучына, Радуні, Беліцы. З ад’ездам генерала ў Вільню замяшчае яго на чале Лідскай Самаабароны ад 12.12.1918 да 13.1.1919. Пасля аб’яднання з аддзелам маёра Дамброўскага і рэарганізацыі ў Шчучыне стаў на чале першага батальёна пяхоты Лідскага палка, але паплечнікамі ўважаецца за першага камандзіра 76-га палка Лідскіх стралкоў, што увайшоў у склад Літоўска-Беларускай дывізіі. 14 лютага 1919 года аддзел Мяніцкага ў складзе пяці афіцэраў і 57 жаўнераў разбівае бальшавіцкі аддзел у складзе 180 жаўнераў, 80 з іх бярэ ў палон, здабывае 105 карабінаў, 2 кулямёты, 16 коней і палявую кухню, ды ўрэшце займае Бярозу Картузcкую (гэтая дата англійскім гісторыкам Норманам Дэвісам уважаецца за пачатак савецка-польскай вайны). У часе наступу 23 ліпеня 1919 года на мястэчка Камень (6 км на паўднёвы захад ад Івянца) ачольваў групу ў складзе батальёна пяхоты (453 чал.) і 10-га кавалерыйскага эскадрона (50 шабляў). Калі бальшавіцкі аддзел кулямётным агнём прыціснуў жаўнераў да зямлі, ён падняў іх у атаку, але быў цяжка паранены і памёр ад страты крыві.
Пахаваны на парафіяльных могілках у Навагрудку. Пасмяротна ўзнагароджаны крыжом вайсковай доблесці Virtuti Militari.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.