Стывен Магуайр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Стывен Магуайр (англ.: Stephen Maguire; нар. 13 сакавіка 1981, Глазга, Шатландыя) — шатландскі прафесійны гулец у снукер. Пераможца чэмпіянату Вялікабрытаніі 2004 года і яшчэ чатырох рэйтынгавых турніраў (уваходзіць у топ-20 снукерыстаў у гісторыі па колькасці рэйтынгавых перамог). Двухразовы паўфіналіст чэмпіянату свету (2007, 2012) і былы другі нумар сусветнага рэйтынгу (2008/2009-2009/2010). З 2004 года нязменна ўваходзіць у топ-32, а з 2005 да 2016 года — у топ-16 рэйтынгу.
Стывен Магуайр
англ.: Stephen Maguire | |
Дата нараджэння: | 13 сакавіка 1981(1981-03-13)[1] (43 гады) |
---|---|
Месца нараджэння: |
|
Грамадзянства: | Шатландыя |
Вядучая рука: | правая |
Прафесійная кар'ера: | 1998 — ... |
Найвышэйшы рэйтынг: | 2 (16.05.2008–09.05.2010) |
Цяперашні рэйтынг: | 20 (25 верасня 2017) |
Прызавыя грошы: | > £2,100,000 |
Найвышэйшая серыя: | 147 (3 разы: АЧ Шатландыі 2000 (квал.), Адкрыты чэмпіянат Кітая 2008), Шанхай Мастэрс 2016) |
Колькасць соценных серый: | 363 |
Перамогі на турнірах | |
Рэйтынгавыя турніры: | 5 |
Нізкарэйтынгавыя турніры: | 3 |
Іншыя прафесійныя турніры: | 1 |
Чэмпіянат свету: | паўфінал (2007, 2012) |
Стаў прафесіяналам у 1998 годзе ва ўзросце 17 гадоў, а ў 1999 упершыню прымаў удзел на рэйтынгавым турніры. У 2004 годзе выйграў свой першы рэйтынгавы турнір, адкрыты чэмпіянат Еўропы, і дэбютаваў на чэмпіянаце свету, а ў наступным сезоне ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу, перамог на першым турніры Трайной кароны, чэмпіянаце Вялікабрытаніі, і дэбютаваў на найбуйнейшым запрашальным спаборніцтве, Мастэрс, пасля чаго падняўся на трэці радок рэйтынгу ў сезоне 2005/2006. У 2007 годзе ўпершыню дайшоў да паўфіналу на чэмпіянаце свету, выйграў Трафей Паўночнай Ірландыі, які стаў яго трэцім тытулам рэйтынгавага ўзроўню, і дайшоў да фіналу чэмпіянату Вялікабрытаніі. У 2008 годзе атрымаў чацвёртую рэйтынгавую перамогу на адкрытым чэмпіянаце Кітая, а ў сезонах 2008/2009 і 2009/2010 займаў другое месца ў сусветным рэйтынгу, якое з’яўляецца найвышэйшай пазіцыяй у яго кар’еры. У 2012 годзе ў другі раз выйшаў у паўфінал чэмпіянату свету, а ў 2013 годзе выйграў свой пяты рэйтынгавы тытул на адкрытым чэмпіянаце Уэльса. Пасля гэтага на працягу чатырох сезонаў не даходзіў да рэйтынгавых фіналаў і ў сярэдзіне сезона 2015/2016 упершыню за 10 гадоў вылецеў з топ-16. На найбуйнейшым запрашальным турніры Мастэрс чатыры разы даходзіў да паўфіналаў, але ніколі не праходзіў далей.
Апроч пяці рэйтынгавых турніраў, выйграў 3 нізкарэйтынгавыя турніры серыі PTC (уваходзіць у топ-10 гульцоў па колькасці перамог у гісторыі серыі) і 1 прафесійны нярэйтынгавы турнір. У 2011 і 2015 гадах разам з Джонам Хігінсам прадстаўляў зборную Шатландыі на кубку свету, дайшоўшы да фіналу ў 2015 годзе, а ў 2014 годзе стаў чэмпіёнам свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі. За прафесійную кар’еру аформіў больш за 360 сэнчуры-брэйкаў і ўваходзіць у топ-15 гульцоў з найбольшай колькасцю соценных серый у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за два мільёны фунтаў стэрлінгаў, уваходзячы ў топ-20 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. За сваю кар’еру выканаў тры максімальныя брэйкі.