Альфрэд Хічкак
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Альфрэ́д Джо́зеф Хі́чкак[8] (англ.: Alfred Joseph Hitchcok; 13 жніўня 1899 — 29 красавіка 1980) — англійскі кінарэжысёр, кінапрадзюсар і сцэнарыст. Працаваў у Вялікабрытаніі і ЗША. Яго імя звязваюць з станаўленнем жанру «трылер» і з паняццем «саспенс» у кіно. У сваіх фільмах Хічкак па-майстэрску ствараў атмасферу трывожнай няпэўнасці, напружанага чакання, прадчування чагосьці жудаснага.
Remove ads
Біяграфія
Вядома, што прадзед Альфрэда Хічкака Чарлз Хічкак жыў у Стратфардзе — прадмесці Лондана — і быў рыбаком. Яго сын Джозеф разам з бацькам, яго братамі і сябрамі таксама займаліся рыбным промыслам. У 1851 годзе ён ажаніўся з ірландкай Эн Махоні. Яна была каталічкай, як і большасць карэнных ірландцаў, але па замужжы перайшла на пратэстанцкую веру, каб не адрознівацца ад большасці англічан. Пасля жаніцьбы Джозеф Хічкак змяніў рыбны промысел на гандаль садавіной і гароднінай.
Джозеф і Эн мелі дзевяцёра дзяцей. Бацькаву справу перанялі толькі сыны Альфрэд і Уільям — будучы бацька Альфрэда Хічкака. У 1887 годзе Уільям Хічкак пабраўся шлюбам з ірландкай (а таму і каталічкай), дачкой стратфардскага паліцэйскага Эмай Джэйн Уілэн. Цяпер ужо ён змяніў сваю веру — вянчанне прайшло паводле абраду рымскай каталіцкай царквы, і Уільям Хічкак стаў католікам. Праз тры гады, у 1890 годзе, у іх нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар бацькі Уільямам, а яшчэ праз два гады — дачка Элен Кэтлін.
У 1896 годзе сям’я пераехала ў Лейтанстоўн, дзе Хічкакі нанялі ў колішняга гандляра гароднінай невялікі дом па адрасе The High Road 517. У той час Лейтанстоўн быў невялікім прадмесцем Лондана, які адносіўся да графства Эсэкс і месціўся за 5 міль на поўнач ад цэнтральнай часткі Лондана. У цяперашні час Лейтанстоўн увайшоў у склад ўсходняй часткі Лондана.
Альфрэд Хічкак нарадзіўся 13 жніўня 1899 года ў Лондане. Скончыў езуіцкую школу Святога Ігнація. Строгія парадкі ў школе зрабілі важкі ўплыў на будучае жыццё і творчасць. У 1920 годзе пачынае рабіць у кінастудыі электрыкам, потым — дызайнерам цітраў у кінакампаніі Famous Players-Lasky, куды праз год уладкоўваецца мантажоркай яго будучая жонка Альма Рэвіль. Сваю жонку Хічкак любіў усё жыццё, дармо што ён меў досыць няпросты характар, спецыфічнае пачуццё гумару і вялікую схільнасць да здзекаў з людзей.
У 1920 г. працуе над першым фільмам як рэжысёр — «Заўсёды гавары сваёй жонцы». У 1922 г. здымае свой першы трылер «Кватарант», а ў 1934 — першы з шасці сваіх знакамітых фільмаў — «Чалавек, які ведаў зашмат».
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны (1939) пераязджае ў ЗША, дзе супрацоўнічае з легендарным прадзюсарам Генры Сэлзнікам. Апошні вельмі часта ўмешваўся ў работу Хічкака, але забяспечваў яго ўсімі патрэбнымі сродкамі. Здымае фільм «Рэбека», які атрымлівае «Оскар» у катэгорыі «найлепшы фільм». У 1948 г. здымае свой першы каляровы фільм «Вяроўка»
У 1940-я гг. А. Хічкак здымаў прыкладна адзін фільм на год, а з 1948 г. сам жа з’яўляўся іх прадзюсарам. Яго ўлюбёнымі акцёрамі былі Кэры Грант, Джэймс Сцюарт, Грэйс Келі. Вяршыні сваёй кар’еры ён дасягнуў у 1950-я гг.
Пачынаючы з фільма «Марні» (1962) работы А. Хічкака ўспрымаліся публікай і крытыкамі даволі стрымана. Але, не зважаючы на крытычныя адносіны да камерцыйнага галівудскага кінематографа, на фільмы Хічкака станоўча адгукаліся крытыкі французскай «новай хвалі». Франсуа Труфо нават наследаваў яго стыль у некаторых сваіх стужках.
У 1976 годзе на экраны выходзіць апошні фільм, зняты Хічкакам, — «Сямейная змова». У 1979 годзе Амерыканскі інстытут кінамастацтва ўручыў Хічкаку прэмію «За дасягненні ўсяго жыцця»[9]. Незадоўга да сваёй смерці Хічкака ўганаравалі званнем [9].
На схіле свайго жыцця Хічкак разам са сцэнарыстамі Джэймсам Косціганам і Эрнестам Леманам працаваў над сцэнарыем да шпіёнскага трылера «Кароткая ноч». Тым не менш, фільм так і не быў зняты. Галоўным чынам да гэтага прычынілася рэжысёрава здароўе і праблемы, звязаныя са здароўем яго жонкі, якая перанесла інсульт. Сцэнарый быў надрукаваны пасмяротна.
Хічкак памёр ва ўзросце 80 гадоў у сябе дома, у Лос-Анджэлесе, ад нырачнай недастатковасці ў 09:17 29 красавіка 1980 года. Яго пахаванне праходзіла ў касцёле на Бэвэрлі-Хілз. Цела крэміравалі, а прах развеялі над Ціхім акіянам[10][11].
Унёсак у кінематограф
Натхнёны карцінамі нямецкіх экспрэсіяністаў, Хічкак пачаў працаваць у кіно — спачатку ў Англіі, а з 1939 года ў ЗША. Усяго ён стварыў 55 поўнаметражных стужак, шмат якія з іх сталі класікай сусветнага кінематографа. Акрамя таго, Альфрэд Хічкак зняў яшчэ і 21 тэлефільм для серыі «Альфрэд Хічкак прадстаўляе» і два дакументальныя фільмы (абодва ў 1944 годзе), яшчэ 2 кінаработы (адна з іх — «Нумар 13») засталіся незавершаныя. Альфрэд Хічкак і сёння з’яўляецца адным з самых шанаваных і папулярных кінарэжысёраў.
Хічкак вядомы таксама сваімі камеа. Ён любіў эпізадычна з’яўляцца ў сваіх фільмах: то як выпадковы мінак, то як пустацікавец. Часцей за ўсё яго ролі былі маленькія, без слоў, але ў некаторых ён завязвае кароткія дыялогі з галоўнымі героямі. Такім парадкам ён паяўляўся амаль ва ўсіх сваіх позніх фільмах. Хічкак, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, імкнуўся стварыць вакол сябе містычную атмасферу, акружаў сябе арэолам таямнічасці.
Рэжысёрскі почырк
Фільмы Хічкака заснаваныя на страху і саспенсе. Яго героі — людзі, які трапілі ў пастку акалічнасцей. Іншая агульная тэма яго фільмаў — узаеміны мужчыны і жанчыны, часта гэта даволі цынічны погляд на рамантыку.
Сярод упадабаных кінематаграфічных прыёмаў Хічкака варта адзначыць здымку з пункта гледжання персанажа, гэта значыць здымку камерай з такога аспекту, каб глядач бачыў сцэну як бы вачыма персанажа. Хічкаку таксама прыпісваюць вынаходства вельмі хуткага і дробавага мантажу, ярка прадэманстраванага ў знакамітай сцэне забойства ў душы ў фільме «Псіха». Цяпер гэту манеру мантажу часта завуць «эмтывішным мантажом», таму што ў 1990-х яе шырока адаптавалі рэжысёры музыкальных відэакліпаў, якія дэманстраваліся на тэлеканале MTV. Такі мантаж пачаў таксама часта выкарыстоўвацца ў трэйлерах.
Была заўважана і фірменная прыхільнасць Хічкака здымаць у галоўных ролях халодных бландзінак (Грэйс Келі, Вера Майлз, Кім Новак, Джанет Лі, Ціпі Хэдрэн, Клод Жад).
Remove ads
Асабістыя якасці
Сучаснікі Хічкака кажуць, што на першым часе ён здаваўся мілым чалавекам, але доўга трываць яго ў якасці суразмоўцы было немагчыма[12]. У дзяцінстве Хічкак быў даволі нелюдзімы[12]. Аўтар кнігі «Цёмны бок генія» біёграф Хічкака Дональд Спота паказвае яго як жорсткага, баязлівага чалавека[13].
Хічкак быў педантам: напрыклад, біяграфіі сваіх герояў ён распрацоўваў з асаблівай дбайнасцю, не прапускаючы ніводнай дробнай дэталі[14]. Таксама рэжысёр страшэнна любіў чысціню. Пасля карыстання ракавінай ён выціраў саму ракавіну і кран трыма ручнікамі[15].
Хічкак меў досыць спецыфічнае пачуццё гумару. Ён мог паднесці чатырыста вэнджаных рыбін чалавеку, якога нудзіла ад аднаго паху рыбы[16]. Пры здымцы фільма «39 прыступак» галоўным героям прыйшлося хадзіць праз увесь дзень у наручніках, бо рэжысёр, паводле яго сцвярджэння, згубіў ад іх ключ[16]. Вядома таксама пра выпадак, калі Хічкак падараваў Мелані Грыфіт, калі той было 5 год, ляльку з тварам яе маці актрысы Тыпі Хэдрэн, якая ляжала ў цацачнай труне. Прычына гэтага падарунка была ў тым, што паміж Хэдрэн і Хічкакам адбыўся канфлікт на пляцоўцы[16]. Хічкак таксама любіў рассаджваць гасцей на спецыяльныя падушкі, якія робяць непрыстойныя гукі[16]. Аднойчы ён пажартаваў з бацькі пісьменніцы Дафны дзю Мар’ё — акцёрам Джэралдам дзю Мар’ё, запрасіўшы яго ў госці на маскарад. Рэшце запрошаных ён сказаў, што гэта будзе афіцыйны вечар. У выніку ўвесь вечар Мар’ё правёў сярод смокінгаў ў касцюме турэцкага султана[17].
Хічкак на працягу ўсяго жыцця баяўся паліцэйскіх і ні разу не сеў за руль аўтамабіля, бо аднаго разу ў дзяцінстве паліцэйскія за невялікую правіннасць па просьбе Альфрэдавага бацькі замкнулі яго на дзесяць хвілін у камеры[9]. Пасля таго, як яго выпусцілі, паліцэйскі сказаў яму, што менавіта так караюць благіх людзей[18]. У далейшым праз боязь паліцэйскіх шмат якія яго фільмы былі пабудаваны на падсвядомым страху перад несправядлівым абвінавачаннем і пераследам[9].
Хічкак пакутаваў ад авафобіі (або яйцафобіі) — боязі прадметаў авальнай формы[17][19][20][21]. Хічкак пачаў нервавацца, калі афіцыянт прынёс курынае яйка[22].
Альфрэд Хічкак на памяць ведаў назвы і размяшчэнне нью-ёркскіх вуліц, а таксама графік руху цягнікоў у большасці штатаў[15].
Калі ў жонкі Хічкака здарыўся інсульт, ён праз увесь час, пакуль яго жонцы рабілі медыцынскія працэдуры, праседзеў у рэстаранчыку насупраць. У далейшым ён ніколі не набліжаўся да гэтага рэстарана, бо помніў усе тыя пачуцці, якія ён зведаў, калі яго жонка трапіла ў бальніцу[17].
Remove ads
Тэматычныя трылогіі
Разглядаючы творчасць Хічкака з пазіцый лаканаўскага псіхааналізу, Славой Жыжэк падзяляе яго самыя славутыя фільмы на тэматычныя трылогіі[23]:
- «Не той чалавек» (1956), «Галавакружэнне» (1958), «На поўнач праз паўночны захад» (1959) — тры фільмы, у якіх галоўных герояў маюць не за тых, кім яны сапраўды з’яўляюцца.
- «Галавакружэнне», «На поўнач праз паўночны захад» і «Псіха» (1960) — галоўныя героі намагаюцца штучна запоўніць пустэчу, выкліканую смерцю каханай жанчыны («Галавакружэнне»), загадкавай фігурай чалавека, якога не існуе («На поўнач праз паўночны захад») і смерцю маці («Псіха»), прычым у апошнім выпадку Норман Бэйтс спрабуе ўваскрасіць матку, заняўшы яе месца ў рэальнасці.
- «На поўнач праз паўночны захад», «Псіха» і «Птушкі» (1963) утвараюць трылогію аб пустаце і дысбалансе ў сямейных стасунках: адсутнасць фігуры бацькі кампенсуецца хваравіта раздзьмутым матчыным суперэга. Уладарная маці галоўнага героя ва ўсіх трох фільмах ставіцца да яго як да сваёй уласнасці і сваім умяшаннем руйнуе яго спробы займець паўнавартасныя стасункі з іншымі жанчынамі.
Фільмаграфія
Хічкак стварыў 55 поўнаметражных кінафільмаў, шмат якія з іх сталі класікай сусветнага кінематографа. Апрача таго, Альфрэд Хічкак зняў яшчэ 21 тэлефільм для серыі «Альфрэд Хічкак прадстаўляе» і два дакументальныя фільмы (абодва ў 1944 годзе), яшчэ 2 працы засталіся незавершанымі.
Хічкак купіў права на экранізацыю рамана Дэвіда Бэці «Вёска зорак», пасля таго, як яго папярэдні фільм («Сляпы») скасавалі[24]. Сюжэт апавядаў пра тое, як пілоты вайскова-паветраных сіл транспартуюць атамную бомбу, а пасля паломкі выбуховага механізму становяцца смяротнікамі [25]. Але фільм не быў спрадзюсаваны і быў скасаваны ў 1962 годзе.
Фільмаграфію Хічкака можна ўмоўна падзяліць на некалькі перыядаў: Ціхія гады, Брытанская класіка, Марачны Галівуд, Ваенныя гады, Удасканаленне стылю, Чацвёртае дзесяцігоддзе, Майстар саспэнсу, Вялікі пажылы чалавек, Вяртанне дадому[26].
«Брытанскі перыяд». Раннія працы да 1925 года
«Брытанскі перыяд». Нямыя фільмы (1925—1929)
«Першы галівудскі перыяд» (1940—1947)
«Другі галівудскі перыяд» (1948—1957)
«Хічкокаўскія бестселеры» (1958—1964)
«Позні перыяд» (1966—1976)
Remove ads
Цытаты
- «Я цвёрда перакананы, што атмасферу страху ў фільме трэба ствараць выключна кінематаграфічнымі метадамі».
- «Каб зрабіць вялікі фільм, патрэбны тры рэчы — сцэнарый, сцэнарый і яшчэ раз сцэнарый».
- «У мастацкім кіно рэжысёр з’яўляецца богам, у дакументальным — Бог з’яўляецца рэжысёрам».
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads