Арыядна Іванаўна Казей
беларуская партызанка і заслужаная работніца, Герой Сацыялістычнай Працы, родная сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Арыядна Іванаўна Казе́й (25 снежня 1925, Станькава, Койданаўскі раён, Менская акруга — 15 красавіка 2008, Мінск) — беларуская партызанка і заслужаная работніца, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаная настаўніца БССР. Родная сястра Героя Савецкага Саюза Марата Казея.
Remove ads
Біяграфія
Нарадзілася 25 снежня 1925 года ў Станькаве ў сялянскай сям’і.
Бацька, Іван Георгіевіч Казей — камуніст, актывіст, праслужыў 10 гадоў на Балтыйскім флоце, затым працаваў на машына-трактарнай станцыі, узначальваў курсы падрыхтоўкі трактарыстаў, быў старшынёй таварыскага суда, у 1936 годзе арыштаваны за «шкодніцтва», памёр у высылцы ў Бірабіджане, пасмяротна рэабілітаваны ў 1959 годзе.
Маці, Ганна Аляксандраўна Казей — таксама была актывісткай, уваходзіла ў выбарчую камісію па выбарах у Вярхоўны Савет СССР 1937 года. Таксама падвяргалася рэпрэсіям: была арыштаваная двойчы паводле абвінавачання ў «трацкізме», але пазней вызваленая. Нягледзячы на арышты, працягвала актыўна падтрымліваць савецкую ўладу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны хавала ў сябе параненых партызан і лячыла іх, за што 7 лістапада 1942 года была павешана немцамі ў Мінску. Пасля смерці маці ў лістападзе 1942 года Арыядна з малодшым братам Маратам пайшлі ў партызанскі атрад імя 25-годдзя Кастрычніка.
Узімку 1943 года беларускім партызанам было асабліва цяжка, акупанты бачылі ў іх рэальную пагрозу і адклікалі з фронту некалькі дывізій, каб «раз і назаўжды пакончыць» з партызанскім рухам. У гэты час партызанскія атрады часта змянялі месцы размяшчэння, траплялі ў акружэнні і засады, з баямі прарываліся і ўцякалі ад ворага. У такіх партызанскіх паходах Арыядна Казей адмарозіла ногі, было прынята рашэнне адправіць яе на «вялікую зямлю», але стан пагаршаўся, і ў канцы студзеня 1943 года ступні аднялі пілою ў палявых умовах без наркозу. На «вялікую зямлю», у падмаскоўнае Моніна, Арыядна Казей трапіла на самалёце толькі 14 чэрвеня 1943 года.
Яе брат — Марат Казей, загінуў 11 мая 1944 года ў 14-гадовым узросце пад Уздой, быў пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза.
У далейшым яна скончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працавала ў школе № 28 г. Мінска настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, дзе яе намаганнямі ў 1969 годзе быў адкрыты музей імя Марата Казея[1].
Стала заслужанай настаўніцай БССР, Героем Сацыялістычнай Працы, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам рэвізійнай камісіі ЦК Кампартыі Беларусі[2].
Памерла 15 красавіка 2008 года. Пахаваная ў Мінску на Паўночных могілках.
Remove ads
Узнагароды
- Медаль «За адвагу» (10.05.1965),
- Герой Сацыялістычнай Працы (01.07.1968),
- ордэн Леніна (01.07.1968),
- заслужаны настаўнік БССР.
Памяць
Пра лёс Арыядны Іванаўны Казей і яе брата Марата Казея выдадзены кнігі:
- Когда протрубили тревогу. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1973.
- Костюковский Б. А. «Жизнь как она есть». М., «Детская литература», 1973.
- Костюковский Б. А. «Нить Ариадны». М., «Молодая гвардия», 1975.
Зноскі
- Казей Ариадна Ивановна(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2023. Праверана 8 сакавіка 2023.
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads