Афанасій (Пакоста)

(1590-1625) архімандрыт менскі, епіскап холмскі From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Афанасій Пакоста, свецкае імя не вядома (Офанасей Пакоста[1], польск.: Atanazy Pakosta; 1590-я — 1625) — рэчыпасталітаўскі ўніяцкі царкоўны дзеяч. Архімандрыт менскі (1615—1617), менскі афіцыял (1618), уніяцкі епіскап холмскі (1619—1625).

Хуткія факты Афанасій, дыяцэзіяльны біскуп[d] ...
Remove ads

Біяграфія

Паходжанне і час нараджэння пэўна не вядомы. Праваслаўны дзеяч, чашнік валынскі Лаўрын Дравінскі, у соймавай прамове 1620 года, папікаў Пакосту і называў яго сынам віленскага купца. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі, які добра ставіўся да Пакосты, пісаў пра яго паходжанне з рыцарскага стану. Нарадзіўся, магчыма, у 1490-я гады, бо Дравінскі, каментуючы ў прамове ўніяцкі епіскапат, крытыкаваў епіскапа луцкага Іерамію Пачапоўскага, маўляў, таму не было і дваццаці гадоў, але нічога не казаў пра Пакосту. На думку Анджэя Гіля, з гэтага можа вынікаць, што Пакоста быў старэйшы за Пачапоўскага і меў тым часам узросту крыху меней за трыццаць гадоў.[2] Тым часам епіскапская хіратонія ў каталіцкай царкве (такім чынам, ва ўніяцкай таксама) вымагала ўзросту не меней за 27 гадоў, з гэтага гледжання, Пакоста мусіў бы нарадзіцца не пазней за 1592 год.

У 1609—1611 гадах вучыўся ў Браўнсбергскім езуіцкім калегіуме. Высвечаны на святара яшчэ перад ад’ездам на вучобу. Уступіў у Базыльянскі ордэн.

У 1615 годзе пастаўлены ў архімандрыты менскія, згаданы як ігумен адначасова двух менскіх манастыроў — Узнясенскага і Казьмадзям’янаўскага. Актыўна пачаў умацоўваць пазіцыі ўніятаў у Менску, першым яго захадам было ўпарадкаванне спраў царкоўнага брацтва, некалі заснаванага пры саборнай царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы на замку, урэшце, магістрат даверыў Пакосту апеку над брацкім шпіталем і прытулкам, якія былі пры саборнай царкве. У 1616 годзе атрымаў пацвярджэнне каралём Жыгімонтам Вазам прывілеяў каралёў Аляксандра Ягайлавіча і Жыгімонта Старога (30 студзеня 1616) на ўладанні і ільготы Узнясенскаму манастыру, а таксама пацвярджэнне ад 23 лютага 1618 года на права дарожнага прымусу для Менска.[2]

У 1617 годзе Пакоста заснаваў у Менску новы базыльянскі мужчынскі манастыр пры царкве Святога Духа, асяродак мусіў стаць здольным канкурыраваць з праваслаўнай грамадой пры Святапетрапаўлаўскай царкве. У лютым 1618 года Пакосту называюць ужо «намеснікам Менскай мітраполіі», што, магчыма, значыць менскім афіцыялам.[2]

Рознабаковая і эфектыўная дзейнасць Пакосты ў Менску, відаць, звярнула ўвагу ўніяцкай іерархіі, ён падтрымліваў трывалую сувязь як з мітрапалітам Іосіфам Руцкім, так і з архіепіскапам полацкім Язафатам Кунцэвічам. Вясной 1618 года Пакоста намінаваны на каад’ютара тагачаснага епіскапа пінскага Паісія Анікевіча-Сахоўскага, калі ў Пінскай епархіі трывала супрацьстаянне ўніятаў з праваслаўнымі, але пасады гэтай так і не атрымаў. Магчыма, гэтаму перашкодзіў бег падзей у Холмскай епархіі ў землях Кароны.[2]

Ініцыятывай мітрапаліта Руцкага і са згоды караля Жыгімонта Вазы, Пакоста склаў адпаведную епіскапскую прысягу[2] і 7 жніўня 1619 года пастаўлены ў епіскапы на Холмскую епархію.[3] Адразу пачаў рашучую візітацыю епархіі, адначасова праводзіў саборчыкі духавенства ў кожнай пратапопіі, у чым часта сустракаў супраціў праваслаўных, асабліва ў Холме, Краснаставе і Буску, напрыклад, 10 лютага 1619 года ў Краснаставе праваслаўныя мяшчане не дапусцілі епіскапа ў храм Святой Тройцы, а прыбылых з ім уніяцкіх святароў наогул выгналі з горада. Пакоста ў візітацыю наведаў пратапопіі Любамільскую, Ратненскую, Холмскую, Шчабрэшынскую, Люблінскую, Патыліцкую, Белзскую, Бускую, Тышавецкую і Сокальскую.[4] Вяртаў ва ўласнасць епархіі ўладанні страчаныя яго папярэднікамі. Сярод такіх уладанняў, напрыклад, сёлы Бусьна і Белаполле, адданыя епіскапам Арсеніем Андрыеўскім ў арэнду. Пасяліў у епархіі базыльян, даўшы ім манастыр Калемчыцах.

На гады епіскапства Пакосты прыпала аднаўленне іерархіі праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі іерусалімскім патрыярхам Феафанам ІІІ, які ў 1620—1621 гадах высвеціў новага кіеўскага мітрапаліта Іова Барэцкага і шасцярых епіскапаў, у тым ліку, праваслаўным епіскапам холмскім Паісія Чаркаўскага. З таго часу Холмская епархія мела двух іерархаў — уніяцкага і праваслаўнага. Фактычна ж, праваслаўны епіскап Паісій Чаркаўскі не здолеў заняць Холмскую кафедру, прыхільнікі уніі не пусцілі яго ў Холм. Чаркаўскі выбраў рэзідэнцыяй манастыр святога Ануфрыя ў Яблачыні над Бугам, адкуль кіраваў той часткай епархіі, што заставалася ў праваслаўі[5].

Памёр у пачатку жніўня 1625 года, завяшчаў пахаваць сябе ў Холмскім саборы[6].

Remove ads

Сям'я

Меў сястру-блізня Марыну, у 1623 годзе яна была ўжо ў шлюбе з Якубам Ясінскім, пасля яго смерці, у 1654 годзе ўзяла наступны шлюб з нейкім Касперам Пятроўскім.[2]

Крыніцы

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads