ФанДАК
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
ААТ «ФанДАК» (скарачэнне ад «Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат») — беларускае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці.
Гісторыя
У пачатку XX стагоддзя Бабруйск з’яўляўся буйным цэнтрам дрэваапрацоўкі, у 1892—1914 гадах тут дзейнічала 10 лесапільных заводаў і мануфактур[1][2]. Новае дрэваапрацоўчае прадпрыемства было заснавана ў 1926 годзе. У 1929 годзе ўведзены ў эксплуатацыю лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 годзе — новы дрэваапрацоўчы і фанерны, у 1931 годзе — цэх стандартных дамоў[3]. У 1936 годзе для перапрацоўкі адходаў завода быў пабудаваны Бабруйскі гідролізны завод[4]. У гады Вялікай Айчыннай вайны часткова разбураны, аднавіў працу ўжо ў 1944 годзе[3]. Да 1951 года называўся Бабруйскі лесакамбінат[5]. У 1950-я—1980-я гады на заводзе былі ўведзены ў эксплуатацыю новыя цэхі па вытворчасці розных вырабаў з драўніны[3].
21 снежня 1970 года было створана Бабруйскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне, якое ўваходзіла ў сістэму Міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР[6]. У 1978 годзе вытворчае аб’яднанне было перайменавана ў «Бабруйскдрэў» імя 60-годдзя БССР. У 1991—1994 гадах — народнае прадпрыемства «Бабруйскдрэў», у 1994—1996 гадах — акцыянернае таварыства, з 1996 года — адкрытае акцыянернае таварыства «ФанДАК»[6] (паводле іншай інфармацыі, завод быў ператвораны ў ААТ ужо ў 1994 годзе[3]). У 1991 годзе на прадпрыемстве была ўведзена ў эксплуатацыю фабрыка кухоннай мэблі, у 1992 годзе — фабрыка экспартнай мэблі, у 1995 годзе — завод сталярных і мэблевых пліт[3].
Remove ads
Сучасны стан
Прадпрыемства вырабляе мэблю (кухонную, корпусную, стэлажную), дзвярныя блокі, профільныя дэталі, габляваныя піламатэрыялы і нарыхтоўкі, мэблевы шчыт, сталярную пліту, габляваны шпон, клееную фанеру, паліўную дранку[7]. У 2016 годзе акцыі ФанДАКа былі перададзеныя Банку развіцця Рэспублікі Беларусь, якому было даручана ўтварыць дрэваапрацоўчы холдынг[8]. У 2017 годзе Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь кампенсавала частку працэнтаў за карыстанне крэдытамі, узятымі прадпрыемствам на тэхнічнае перааснашчэнне[9].
Па выніках 2018 года выручка прадпрыемства склала 41,6 млн руб. (каля 20 млн долараў). Чыстая страта прадпрыемства ў 2018 годзе склала 9,3 млн руб. (блізу 4,5 млн долараў)[10].
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads