Голанасенныя
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Голанасенныя[1] (Gymnospermae) — найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін.
Характэрная прыкмета — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак).
Remove ads
Апісанне
Пераважна вечназялёныя дрэвы (часам вельмі буйныя), радзей — кусты або дравяністыя ліяны. Аўтатрофныя, вельмі рэдка — паразітныя расліны. Сцябло галінаванае, радзей — негалінаванае. Водаправодныя элементы ксілемы прадстаўлены ў асноўным трахеідамі толькі ў прадстаўнікоў класа Gnetopsida ёсць сасуды асаблівага тыпу), сітападобныя элементы флаэмы без клетак-спадарожніц. У больш прымітыўных груп сцябло мае развіты стрыжань і кару, у другаснай драўніне змяшчаецца шмат парэнхімы. Для многіх прадстаўнікоў характэрна наяўнасць у драўніне смаляных хадоў. Парасткі ці толькі падоўжаныя, ці могуць быць пакарочаныя і падоўжаныя. Каранёвая сістэма пераважна стрыжнёвага тыпу. Амаль усе віды з’яўляюцца мікатрофнымі. Лісце разнастайнае па форме і памеры. У найбольш прымітыўных яно буйное, моцна раздзеленае, пальмападобнае. У большасці сучасных формаў лісце простае, іголкападобнае або лускападобнае, радзей лінейнае або плоскае, размешчана спіральна, процілегла або ў кальчаках, захоўваецца на парастках некалькі гадоў або штогод асыпаецца. Для некаторых відаў характэрна гетэрафілія, а таксама змена ювенільнага лісця дарослым. Лісце з адным ці некалькімі праводнымі пучкамі.
Разнаспоравыя расліны. Кветак няма. Спараносныя органы ў сучасных прадстаўнікоў аднаполыя, мужчынскія і жаночыя, звычайна сабраны ў шышкападобныя зборы (мікра- і мегастробілы). Расліны двухдомныя або радзей — аднадомныя. Мужчынскія шышкі (мікрастробілы) верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або даўгаватыя, часам падобныя на каташкі, адзінкавыя або ў групах, часцей простыя, г. зн. складаюцца з восі і размешчаных на ёй мікраспарафілаў з мікраспарангіямі. Мужчынскія гаметафіты (пылковае зерне) моцна рэдукаваныя, мікраскапічныя, утвараюцца ў мікраспарангіях у выніку некалькіх дзяленняў пры прарастанні мікраспор, не маюць антэрыдыяў. Развіццё мужчынскіх гаметафітаў адбываецца эндаспарычна, інакш — унутры абалонкі мікраспоры. Мужчынскія гаметы ў большасці — нерухомыя сперміі, у больш прымітыўных груп (сагаўнікавыя, гінкгавыя) — рухомыя шматжгуцікавыя сперматазоіды. Апладненне ў выглядзе сіфанагаміі, нярэдка адбываецца значна пазней за апыленне. Пылковае зерне з паветранымі мяшочкамі або без іх. Расліны часцей ветраапыляльныя. Пасля апылення мужчынскія шышкі звычайна засыхаюць і ападаюць цалкам.

Жаночыя шышкі (мегастробілы) простыя або складаныя (канстробілы), верхавінкавыя або пазушныя, акруглыя або даўгаватыя, звычайна большыя за мужчынскія, бываюць моцна рэдукаваныя — у выглядзе адзінкавых ці некалькіх семязавязей. Простыя шышкі складаюцца са стрыжня з размешчанымі на ім мегаспарафіламі, складаныя — са стрыжня з размешчанымі на ім покрыўнымі лускавінкамі, у пазусе якіх знаходзяцца пляскатыя насенныя лускавінкі (моцна відазмененыя элементарныя стробілы). У аснове мегаспарафілаў або насенных лускавінак адкрыта размяшчаюцца ад 1–2 да шматлікіх семязавязей (семязачаткаў). Семязавязь з’яўляецца відазмененым мегаспарангіем (нуцэлус, або ядро семязавязі) з покрывамі (інтэгументамі), свабоднымі або зрослымі больш-менш шчыльна адзін з адным. Жаночы гаметафіт (першасны эндасперм) мнагаклетачны, развіваецца ў нуцэлусе з мегаспоры ў выніку многіх дзяленняў; у прымітыўных груп з пылковай камерай, у верхняй частцы звычайна з двума архегоніямі (можа быць больш або могуць адсутнічаць). Жаночыя гаметафіты развіваюцца на працягу некалькіх месяцаў, зрэдку ў іх развіцці бывае перыяд спакою. Лускавінкі спелых жаночых шышак пры выспяванні звычайна становяцца дравяністымі, радзей сакавітымі і ярка афарбаванымі. Раз-пораз мясістымі і афарбаванымі становяцца і іншыя часткі шышкі або насення. Пры выспяванні шышкі звычайна раскрываюцца (у некаторых відаў застаюцца закрытымі) і ападаюць цалкам, у некаторых родаў — распадаюцца. Зародак звычайна цалкам сфарміраваны да таго, як ападзе насенне, але ў прымітыўных груп яго выспяванне можа адбывацца на зямлі па-за матчынай раслінай. Насенне білатэральна або радыяльна сіметрычнае, дробнае (часта з крылом) або даволі буйное (бяскрылае), іншы раз з яркаафарбаванай і мясістай абалонкай (у гэтым выпадку разносіцца жывёламі). Насенне звычайна мае перыяд спакою. Прарастанне насення надземнае або падземнае.
Remove ads
Пашырэнне
Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — старажытныя папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі.
Адрозніваецца каля 1000 відаў. Найбольш вядомы сучасны клас хвойных. Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я. На Беларусі 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў інтрадукаваны ў сады і паркі.
Многія віды — лесаўтваральнікі. Маюць вялікае водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлоз-напапяровай і хімічнай вытворчасці. Выкарыстоўваюцца як лекавыя і дэкаратыўныя расліны; насенне некаторых відаў ядомае.
Вымерлыя хвойныя сфарміравалі паклады выкапнёвых вугалёў.
Remove ads
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
