Джон Кітс
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Джон Кітс (англ.: John Keats; 31 кастрычніка 1795, Лондан — 23 лютага 1821, Рым) — вялікі англійскі паэт-рамантык. У шэрагу з Байранам і Шэлі, з’яўляўся адной з ключавых фігур другога пакалення рамантычных паэтаў. Паэзіі Кітса ўласціва пачуццёвая вобразнасць, якая найлепш выявілася ў серыі яго одаў, што застаюцца самымі вядомымі англійскімі паэмамі. Першы біёграф і выдавец Рычард Монктан Мілнз сказаў пра яго жыццё: «Некалькі адданых сяброў, некалькі прыўкрасных вершаў, жарснае каханне і ранняя смерць»[5].
Remove ads
Біяграфія
Нарадзіўся Джон Кітс у Лондане 31 кастрычніка 1795 года. Быў першым дзіцём Томаса і Фрэнсіс (у дзявоцтве Джэнінгс) Кітсаў. Бацька паэта ўтрымліваў стайню і здаваў коней. У Джона было тры браты — Джордж, Томас і Эдвард (які памёр у маленстве) і сястра Фрэнсіс Мэры.
Нягледзячы на сціплыя даходы сям’і, хлопчыкі атрымалі добрую адукацыю — з 1803 па 1811 гады яны вучыліся ў прыватнай закрытай школе Джона Кларка ў Энфілдзе, дзе Кітс зацікавіўся паэзіяй, — першы яго вядомы верш прысвечаны Эдмунду Спенсеру і называецца «Перайманне Спенсера» (Imitation of Spenser, 1814). У 1804 годзе ў выніку няшчаснага выпадку Томас Кітс памёр, а ў 1810 годзе памерла і маці паэта — ад туберкулёзу. Апекунамі дзяцей былі прызначаныя Джон Наўленд Сэндэл і Рычард Эбі, гандляр гарбатай, які пасля смерці Сэндэла ў 1816 годзе застаўся адзіным апекуном. Невялікія сродкі, якія засталіся пасля смерці бацькі, дазволілі братам скончыць навучанне, а Джону Кітсу — атрымаць медыцынскую адукацыю: з 1811 па 1815 гады ён быў вучнем доктара Хэманда ў Эдмантане, а пасля працягваў вучыцца ў адной з лякарняў Лондана. У ліпені 1816 года ён здаў экзамен, які даваў права займацца медыцынай. Аднак Джон Кітс адмовіўся ад лекарскай кар’еры і вырашыў прысвяціць сябе літаратуры.
Друкаваўся з 1816 года. Першы зборнік — «Вершы» (1817). Унёс у англійскую паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), мастацкія прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук паэтам ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця.
Натхняўся каханнем да суседкі Фані Брон, якая стала яго нявестай. Вясной 1819 года былі напісаныя самыя знакамітыя яго творы — так званыя «вялікія оды».
Звяртаўся да сюжэтаў літаратуры Адраджэння (паэмы «Пабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гістарычнай трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драматычнай паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Палітычныя матывы адчуваюцца ў вершы «Да Касцюшкі».
У канцы 1819 года здароўе Джона Кітса пагаршаецца, а разам з ім і яго матэрыяльны стан. Паэт усё больш залежыць ад сяброў. У лютым 1820 года робіцца зразумела, што ён пакутуе на туберкулёз. Паэт больш нічога не піша, за выключэннем асобных вершаў і лістоў блізкім людзям. У верасні 1820 года ён разам з блізкім сябрам мастаком Джозэфам Сэвернам выпраўляецца ў Італію, дзе памірае ў Рыме 23 лютага 1821 года.
Remove ads
Творы
- Ізабела, альбо Гаршчок з базілікам (1818)
- Гіперыён, паэма
- Да восені
- Конадзень святой Агнесы
- Ода меланхоліі
- Ода салаўю
Ушанаванне памяці
На яго магіле, згодна з жаданнем паэта, пастаўлены камень, на якім няма імені, затое выяўленая ліра з парванымі струнамі і выбіты надпіс: «У гэтай магіле ляжыць прах маладога англійскага паэта, які на ложку смерці ў горычы сэрца, змучанага злоснай моцай ворагаў, папрасіў выбіць на сваім надмагіллі: Тут ляжыць той, чыё імя напісанае на вадзе». Знакамітай эпітафіяй Джону Кітсу стала элегія Персі Шэлі «Аданаіс», якая апісвае скруху сяброў, што праводзяць паэта ў заўчасную магілу.
Беларускія пераклады
- Некаторыя вершы Кітса пераклаў Язэп Семяжон[6][7].
- Выбранае. Пер. з англ. Менск, 2017. Пераклалі Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Ігар Крэбс, Кацярына Маціеўская, Андрэй Стэфановіч, Ганна Янкута.
- Што сказаў дрозд (верш), Смерць (верш) пер. Андрэй Стэфановіч
- Аркадскіх гор даўно мінулы час (оды) пер. Ганна Янкута
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads