Дыяна Французская
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Дыяна Французская (фр.: Diane de France; 25 ліпеня 1538 — 11 студзеня 1619) — пазашлюбная (легітымізаваная) дачка французскага караля Генрыха II, жонка Франсуа дэ Манмарансі, гераіня рамана Аляксандра Дзюма «Дзве Дыяны». Насіла тры герцагскія тытулы — герцагіні Шатэльро, Этампа і Ангулема.
Remove ads
Біяграфія
Яна была незаконнанароджанай дачкой дафіна Генрыха (будучага караля Генрыха II) і Філіпы Дучы з П'емонта. Дыяну выхоўвала фаварытка караля Генрыха — Дыяна дэ Пуацье, і гэта давала нагоду лічыць, што дзяўчынка дачка караля менавіта ад яе. Так лічыў, напрыклад, Брантом. Дыяна атрымала належнае выхаванне: яна ведала некалькі моў (іспанскую, італьянскую і латынь), іграла на некалькіх музычных інструментах і добра танчыла.
У 1548 годзе ва ўзросце 10 гадоў яе становішча дачкі караля было ўзаконена, а пасля ёй былі падараваны і тытулы — герцагіня дэ Шатэльро (1563), д'Этамп (1573) і герцагіня Ангулемская (1582), а таксама графіня дэ Каньяк і дэ Мерпен. 13 лютага 1553 года ў Сіене яна выйшла замуж за Арацыа Фарнезэ, герцага Кастра і ўнука Папы Паўла III. Яе муж загінуў пры аблозе Эдзёна 18 ліпеня таго ж года.

Венцаносны бацька зладзіў яшчэ адзін шлюб для сваёй дачкі і 3 мая 1557 у Віль-Катрэ Дыяна выйшла замуж за сына канетабля Ана дэ Манмарансі (і траюраднага брата караля) — Франсуа дэ Манмарансі, які быў намеснікам у французскай сталіцы. Пасля смерці Франсуа ў 1579 годзе яна загадала пабудаваць сабе на рагу вуліц Фран Буржуа і Павэ дом, вядомы цяпер як Ангулемскі палац . У яе склаліся сардэчныя адносіны з адзінакроўным братам — каралём Генрыхам III, які дараваў ёй герцагства Ангулемскае ў 1582 годзе.

Пасля забойства герцага Гіза і яго брата кардынала Гіза ў снежні 1588 года, яна прыняла ўдзел у прымірэнні яе адзінакроўнага брата — Генрыха III — і спадчынніка прастола Генрыха Наварскага.
Пасля забойства Генрыха III Дыяна пераехала ў Турэнь. Яна набыла вялікі маёнтак каля Нотр-Дам-ля-Рыш, дзе пражыла да 1594 года, пазбягаючы такім чынам Парыжа і барацьбы за ўладу паміж Лігай і Генрыхам IV. У 1594 годзе яна пакінула Турэнь і пераехала ў Венсен.
Прамых спадчыннікаў у Дыяны не было, паколькі яе дзеці ад другога шлюбу — дачка Ганна і сын Франсуа — памерлі ў юным узросце. Яна займалася выхаваннем сваёй пляменніцы, Шарлоты дэ Манмарансі, і прадставіла яе каралеўскаму двару. Карыстаючыся даверам Генрыха IV, яна па яго просьбе таксама займалася выхаваннем дафіна, будучага караля Людовіка XIII.
У 1609 годзе Дыяна кіравала пераносам праху Кацярыны Медычы з Блуа ў Сен Дэні да магілы яе мужа Генрыха II. Дыяна памерла праз дзесяць гадоў і была пахавана ў парыжскім кляштары на Каралеўскай плошчы.
Remove ads
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дыяна Французская
- Диана Французская // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Выява шлюбу Дыяны Французскай і Гарацыа Фарнезэ
- Balteau J. Angoulême (Diane de France, duchesse d') / J. Balteau // Dictionnaire de biographie française : (fr) / sous la dir. de J. Balteau,… M. Barroux,… et M. Prevost,… ; avec le concours de nombreux collaborateurs. — Paris : Letouzey et Ané, 1936. — Col. 1213–1216. — 1528 col. — OCLC 163194108.
Remove ads
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads