Лянтэрня
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Лянтэрня, Лянтарня (трансліт.: Lanternia) — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места.
Remove ads
Гісторыя
Юзаф Антоній (Апалінарый) Ролле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 года абозны хаваўся ад пераследу расейцаў на ўскрайку пушчы ў леснічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сенатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасля ў больш людных месцах з пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].


З шляхецкай рэвізіі 1811 года вынікае, што на той час гэта ўжо не леснічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам Берасцейскага павета Ваўжынцом Балашэвічам[A]. Да яго належала хойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялян[3][B]. 15 сакавіка 1835 года, паводле метрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара католіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакуменце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандр[4], будучы ўдзельнік расійска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазней генерал-маёр, старэйшы брат Фёдара, будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатра ў расійскім Пецярбургу, дзядзька Ігара Стравінскага, сусветнавядомага кампазітара[5]. Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенцій, сын Марціна, Стэфановіч[6].

На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шуберта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расійску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на плане мястэчка Хойнікі 1864 году і ў датаваным 2 лістапада 1887 года дакуменце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтка Хойнікі расійскім купцам з Арлоўскай губерні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну[7]. На 1909 год маецца звестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, размешчаны ў Хойніцкай воласці за 1 вярсту ад яе цэнтра[8].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасцейскага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтэрня і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы гетмана Паўла Скарападскага"[9]. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з'езду КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 снежня 1926 года Лянтэрню з Хойнікамі вярнулі БССР.
Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтэрню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў[10]. Паводле Я. Н. Рапановіча, да 1930 года паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[11], што, аднак, не мае пацверджання ў даступных крыніцах[D].
16 красавіка 1959 года Чырвоная Ніва перададзена з Забалацкага сельсавета ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Хойніцкага пассавета[14]. У 1989 годзе, пасля далучэння былой Лянтэрні да горада Хойнікі[15], афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.
Remove ads
Заўвагі


- Сказана, што колькасць падданых прыведзеная паводле найноўшай рэвізіі, дык тут, відавочна, улічаныя і жанчыны.
- Даследчыца названая сярод аўтараў-укладальнікаў нарматыўнага даведніка па Гомельскай вобласці (Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006).
- Уражанне такое, нібы шаноўны мовазнавец пераклаў для простых беларусаў панскую назву, бо самі яны гэткімі рэчамі ніколі не займаліся (як у выпадку з карыяндрам, напрыклад, проста прынялі ва ўжытак каляндру). Але ж тая «Ліхтэрня», утвораная з нямецкай асновы (як «Лянтэрня» з лацінскай), была для тутэйшага людзтва невядомай, мабыць, да часоў беларусізацыі, а і надалей засталася неўспрынятай, – бальшавіцкія перайменаванні бо перашкодзілі. Гэтае, не адзінае, як высвятляецца, моўнае практыкаванне Я. Н. Рапановіча, займела працяг. Ужо ў бягучым стагоддзі дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны[C] двойчы, у тым ліку і ў навуковым часопісе, падала па тэме літаральна наступнае: «У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі, што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ′святло, асвятленне′). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ′невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках′»[12], «… в. Ліхтэрня, дзе жылі продкі немцаў-арандатараў (ад ням. das Licht 'святло, агонь, асвятленне' > ліхтэр ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак’, ‘пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’, фармант -ня можа сведчыць аб вытворчасці такіх суднаў) стала Чырвоная Ніва (мясц. Красная Ніва, цяпер злілася з г. Хойнікі)»[13]. Адкуль узялося гэта ўсё? Хто і калі сустракаў сведчанні пра немцаў-арандатараў ды нібыта наладжаную імі вытворчасць ліхтароў (не кажучы пра галандскія судны!) на ўскрайку нашага балота?.. Разам з тым, не абавязкова мець схільнасць да фантазіяў, каб ўявіць сабе, як добра бачылася ў цёмны час сутак святло даўняй леснічоўкі і пазнейшага фальварка з боку мястэчка Хойнікі, тым болей, што побач тады не існавала ніякага іншага жытла.
Remove ads
Зноскі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads