Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
незалежная дзяржава (1919—1922) і рэспубліка СССР (1922—1991) From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Белару́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка (скарочана Беларуская ССР, БССР) — фармальна незалежная дзяржава, з 30 снежня 1922 года саюзная рэспубліка СССР.
Першы раз абвешчана як Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ) 1 студзеня 1919 года ў Смаленску пад кантролем бальшавіцкага ўраду Расіі. 19 студзеня са складу рэспублікі былі выключаны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 31 студзеня выйшла са складу Савецкай Расіі, стала фармальна незалежнай дзяржавай. 27 лютага 1919 года ССРБ перастала існаваць, яе тэрыторыі ўключаны ў новаўтвораную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел ССР).
Другі раз незалежная Беларуская ССР абвешчана 31 ліпеня 1920 года ў Менску. Тэрыторыя дзяржавы ахоплівала пераважна ўсход Менскай губерні. У снежні 1922 года IV Усебеларусі з’езд саветаў прызнаў своечасовым аб’яднанне савецкіх рэспублік. 30 снежня 1922 года БССР стала адной з 4-х дзяржаў-сузаснавальніц СССР, увайшоўшы ў яе склад. У 1924 і 1926 гадах адбыліся два ўзбуйненні тэрыторый БССР, да дзяржавы з земляў РСФСР былі далучаны этнічныя беларускія тэрыторыі са складу Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў.
У выніку Заходняга паходу Чырвонай Арміі 1939 года да БССР былі далучаны беларускія этнічныя тэрыторыі Заходняй Беларусі, акрамя Віленскага краю. У 1945 годзе тэрыторыя колішняй Беластоцкай вобласці і 3 раёны Брэсцкай вобласці былі перададзены Польшчы.
У 1945 годзе БССР стала адной з дзяржаў-сузаснавальніц ААН.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25 жніўня 1991 года прыняты Закон аб наданні статусу канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі, БССР стала незалежнай дзяржавай. 19 верасня 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь.
Remove ads
Гісторыя
Утварэнне ССРБ
Паводле рашэння VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) (30 — 31 снежня 1918 года, Смаленск) БССР стваралася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, беларускіх паветаў Смаленскай губерні і частак Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні ССРБ. 8 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 22 студзеня 1919 года спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А. Іофэ аб’явіў рашэнне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў. 31 студзеня 1919 года ўрад Савецкай Расіі прыняў пастанову «Аб прызнанні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі» — ССРБ фармальна выйшла са складу РСФСР. Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе Расіі. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2 — 3 лютага 1919 года, Мінск) адобрыў утварэнне незалежнай БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 1919 года, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), пацвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў (засталіся ў складзе РСФСР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літбел).
У складаных умовах грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ўрад БССР праводзіў работу па ўмацаванні савецкай улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыялістычных пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканамічным і ваенна-палітычным становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана нямецкімі, потым польскімі інтэрвентамі. Летам 1920 года на вызваленай Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі адноўлена савецкая ўлада. 31 ліпеня 1920 года на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацый Мінска і Мінскай губерні прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь.
БССР у даваенны час

Захопленая польскімі войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 заходняя частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. адышла да Польшчы. Тэрыторыя ўзноўленай БССР зменшылася да 6 паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам 1544 000 чалавек. II Усебеларускі з’езд Саветаў (13 — 17 снежня 1920 г.) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г., дзе абвясціў найвышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажыла глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход ад ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (НЭПа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прамысловасцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фінансавай палітыкі. Пераломным у развіцці прамысловасці стаў 1923—1924 гг. гаспадарчы год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—1928 гг. аб’ём прамысловай прадукцыі вырас у 2,3 разу. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і іншае. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пачатак кастрычніка 1925 г. у БССР было 1084 кааператыўныя таварыствы (аб’ядноўвалі 161 000 членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканамічнага патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 гг. значнай часткі беларускіх этнічных тэрыторый (Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына). Але Смаленшчына, паўночная Віцебшчына і паўночныя паветы былой Чарнігаўскай губерні так і не былі вернуты. Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я гг. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-палітычнага і культурнага жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нацыянальна-культурнага адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на беларускую мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся літаратура і мастацтва, навука. У 1920—1922 гг. адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 г. пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і іншае. У ходзе сацыялістычнай індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снежні 1925 г.) на Беларусі за гады даваенных пяцігодак увайшло ў строй больш за 1000 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку каля 400 буйных. У 140 прадукцыя прамысловасці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 г. у 23 разы.

Паводле перапісу 1939 года, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9 %, інтэлігенцыі — 14,5 %. З восені 1929 года галоўным кірункам аграрнай палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, партыйныя і савецкія органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізацыйную і масава-палітычную работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыялістычнай аснове. Да пачатку Другой сусветнай вайны ва ўсходніх абласцях БССР было абагулена 93,4 % сялянскай гаспадарак і 96,2 % пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сацыяльна-эканамічных умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адміністрацыйна-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. VIII Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12 красавіка 1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927 года. У 1930-я гады на сацыяльна-палітычнае і культурнае развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзяржаўных структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам былі палітыяныя рэпрэсіі, якія дасягнулі апагея ў 1937 годзе. Супрацоўнікамі НКУС БССР сфабрыкаваны шэраг спраў так званых «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» («СВБ», «ПАВ», «БНЦ» і іншыя). На надзвычайным XII Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23 лістапада 1936 і 15—19 лютага 1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937 года, найвышэйшым органам дзяржаўнай улады вызначаны Вярхоўны Савет БССР, у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.
Пасля нападу Германіі на Польшчу (1 верасня 1939 г.) Чырвоная Армія паводле рашэння ўрада СССР 17 верасня 1939 г. перайшла граніцу Польшчы і ўзяла «пад абарону» насельніцтва Заходняй Беларусі. Народны сход 28 — 30 кастрычніка 1939 г., Беласток, прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні савецкай улады і ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. 12 лістапада 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі беларускай нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн чалавек.
Remove ads
У Вялікую Айчынную вайну
З пачаткам 22 чэрвеня 1941 года Вялікай Айчыннай вайны часці Чырвонай Арміі аказалі на тэрыторыі БССР упартае супраціўленне праціўніку, але хутка адступілі са ўсёй яе тэрыторыі. На франтах змагаліся больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў БССР. На захопленай Нацыйскай Германіяй тэрыторыі ва ўмовах акупацыйнага рэжыму разгарнулася партызанская і падпольная барацьба, у ёй бралі 374 000 чалавек у партызанскіх атрадах і брыгадах, і больш за 70 000 чалавек у падполлі. У канцы 1943 года партызаны кантралявалі каля 60 % акупіраванай тэрыторыі БССР. Кіраўніцтва партызанскай барацьбой ажыццяўлялі Цэнтральны і Беларускі штаб партызанскага руху. У чэрвені — ліпені 1944 года ў ходзе Беларускай аперацыі БССР цалкам вызвалена ад нямецкіх войск. Вайна нанесла БССР велізарныя страты — спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9 200 вёсак. Беларусь страціла больш як палову нацыянальнага багацця. Паводле савецка-польскай дамоўленасці са складу БССР да Польшчы перададзены ў верасні 1944 года Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці.
Remove ads
БССР у пасляваенны час
У 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН. У 1946 г. Савет Народных Камісараў БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў БССР. Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—1956 гг. былі зацверджаны дзяржаўны герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы беларускага народа, а таксама дапамозе іншых рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання беларускіх прадпрыемстваў з савецкага тылу, шэфскую і іншую дапамогу працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—1945 гг. у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхналагічнага абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т. паліва, шмат сельгастэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і іншае. У кароткі тэрмін узведзены аўтамабільны, трактарны, інструментальны заводы ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены «Гомсельмаш», станкабудаўнічыя заводы ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і іншае. Валавая прадукцыя прамысловасці ў 1950 г. перавысіла ўзровень 1940 г. на 15 %.
З сярэдзіны 1950-х гадоў асноўнай умовай далейшага развіцця беларускай эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з іншымі рэспублікамі і краінамі. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканамічны патэнцыял. У 1956—1985 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысловы комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваенны ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць прадпрыемствы машынабудавання, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Беларуская энергетычная сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычнымі для Беларусі сталіся вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986 г.
У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—1985 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 разу, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 разу. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 разу. У 1986—1990 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 цэнтнераў з гектара супраць 7,1 цэнтнераў у 2-й палове 1950-х гг. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 г. склала 1181 тыс. тон супраць 402 тыс. тон у 1960 г. і 275 тыс. тон у 1940 г., вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 г. вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысловым комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном народнагаспадарчага комплексу БССР з’яўляўся транспарт, грузаабарот якога ў 1960—1990 гг. павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы.
Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 г. супраць 1970 г. у 1,7 разы. На пачатку 1990/1991 навучальнага года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 000 чалавек. Працавала 5429 агульнаадукацыйных школ, 147 сярэдніх спецыяльных і 33 вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1946—1990 ВНУ падрыхтавалі 2062 000 спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 г. у БССР існавала 167 навуковых устаноў, працавалі 44,5 тыс. навуковых супрацоўнікаў, у тым ліку 1085 дактароў і 14,1 тыс. кандыдатаў навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чалавек. Шэраг навуковых адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусветнае прызнанне.
Пашыралі і ўдасканальвалі працу культурна-асветніцкія ўстановы. У 1960 г. у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 г. — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання беларускай мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканамічнае і культурнае развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х гг. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключыў больш за тысячу найменняў. Канстытуцыя БССР 1978 г. вызначыла палітычную сістэму савецкага грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арганізацыя працоўныя калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя савецкага Саюза.
З сярэдзіны 1980-х гадоў у БССР пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання палітычнай сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзяржаўнага будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (24 — 25 чэрвеня 1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і іншыя. Паводле закону Вярхоўнага Савета БССР ад 26 студзеня 1990 года «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы, у тым ліку ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4 сакавіка 1990 года на пашыранай дэмакратычнай аснове прайшлі выбары народных дэпутатаў БССР і мясцовых Саветаў. 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25 жніўня 1991 года — Закон аб наданні статусу канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі.
Пасля Жнівеньскага путчу ў Маскве 19 — 21 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР 25 жніўня прыпыніў дзейнасць КПБ — КПСС на тэрыторыі Беларусі. 19 верасня 1991 года 6-я нечарговая сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь.
Remove ads
Дзяржаўны лад
Дзяржаўны лад, як і іншыя важныя аспекты жыцця краіны, рэгуляваліся Канстытуцыямі БССР, якія былі прынятыя ў 1919, 1927, 1937 і 1978 гг.
Да 1991 года найвышэйшым заканадаўчым органам рэспублікі быў — Вярхоўны Савет Беларускай ССР (у 1919—1938 — Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР), які абіраў пастаянна дзейны орган Вярхоўнага Савета БССР, падсправаздачны яму ва ўсёй сваёй дзейнасці — Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
Remove ads
Эканоміка
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Насельніцтва
Спорт
Для падтрымкі і развіцця фізічнай культуры 27 чэрвеня 1923 года створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры Беларускай ССР (ВСФК). У 1923 годзе ў Мінску адбыліся першыя рэспубліканскія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы і афіцыйнае першынство БССР па футболе[1].
У чэрвені 1925 года Беларуская фізкультурная арганізацыя ўступіла ў склад Чырвонага спартыўнага інтэрнацыяналу. У 1926 годзе пры ВСФК створана Усебеларускае бюро міжнародных сувязяў, якое займалася ўзаемадзеяннем са спартыўнымі арганізацыямі іншых краін. У 1926 годзе ў Беларусь прыбыла футбольная каманда з нямецкага Лейпцыга і правяла пяць матчаў з беларускімі калектывамі. Улетку 1927 года ў Мінску адбылася першая міжнародная сустрэча лёгкаатлетаў і валейбалістаў БССР са спартсменамі Чэхаславакіі[1].

Падрыхтоўка да Усесаюзнай спартакіяды 1928 года спрыяла актывізацыі фізкультурнага руху. У гэты перыяд былі пабудаваны новыя спартыўныя аб’екты, праведзены акруговыя і Усебеларуская спартакіяды, у якіх прынялі ўдзел каля 600 спартсменаў. У 1929 годзе ў Мінску адкрыўся тэхнікум фізічнай культуры. Да 1935 года ў рэспубліцы налічвалася ўжо каля 20 тысяч фізкультурнікаў. У 1937 годзе Мінскі тэхнікум фізічнай культуры за поспехі ў падрыхтоўцы кадраў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і пераўтвораны ў інстытут фізічнай культуры[2].
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў БССР дзейнічала больш за 3,2 тысячы калектываў фізічнай культуры. Да канца 1948 года рэспубліка поўнасцю аднавіла і перавысіла давоенны ўзровень развіцця спорту. У 1950 годзе ЦК КПБ паставіў задачу прыцягнуць да заняткаў фізкультурай не менш за мільён чалавек, і ўжо да канца 1951 года гэтая мэта была дасягнута[2].

На I-й Спартакіядзе народаў СССР (1956) зборная Беларускай ССР заняла 7-е месца ў агульнакамандным заліку, а на II-й Спартакіядзе (1959) паднялася на 6-е месца[2].
З 1952 года беларускія спартсмены пачалі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у складзе зборнай СССР. Асаблівых поспехаў дасягнулі гімнастка Вольга Корбут і фехтавальніца Алена Бялава, кожная з якіх заваявала па чатыры залатыя медалі. Тры залатыя ўзнагароды заваявалі Віктар Сідзяк (фехтаванне), Таццяна Самусенка (фехтаванне), Аляксандр Мядзведзь (вольная барацьба) і Уладзімір Парфёнавіч (вяславанне на байдарках і каноэ)[3].
На Алімпійскіх гульнях 1988 года ў Сеуле спартсмены з Беларускай ССР, якія выступалі ў складзе зборнай СССР, заваявалі 26 медалёў, з іх 17 былі залатымі. Пры гэтым у гандбольнай камандзе СССР 5 з 7 гульцоў прадстаўлялі Беларусь[4].
Найбольшага поспеху ў савецкім футболе дасягнула мінскае «Дынама», якое ў 1982 годзе стала адзінай беларускай камандай, што выйграла чэмпіянат СССР[5]. Сяргей Гоцманаў чатыры разы прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі паводле версіі газеты «Фізкультурнік Беларусі».[6] Ураджэнец Мінска Сяргей Алейнікаў правёў 73 матчы за зборную СССР, забіўшы 6 галоў, і разам з Гоцманавым стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы[7].
Remove ads
Рэлігія
У савецкія часы грамадзяне, якія выхоўвалі дзяцей на грунце ўласных рэлігійных перакананняў, нярэдка пазбаўляліся бацькоўскіх правоў.
Гл. таксама
Заўвагі
- Датай утварэння Беларускай ССР лічыцца 1 студзеня 1919 года, аднак тады была ўтворана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі, тэрыторыі якой 27 лютага 1919 года былі ўключаны ў склад Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
- Паводле арт. 22 канстытуцыі 1927 года — пераважная ў зносінах паміж дзяржаўнымі і іншымі ўстановамі і арганізацыямі. Адначасова ў арт. 21 дэкларуецца роўнасць з іншымі мовамі. Паняцце пераважнасці адсутнічае ў канстытуцыях іншых гадоў.
- Паводле канстытуцый 1927 і 1937 гадоў асноўныя законы павінны былі друкавацца на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай мовах. Таксама ўсе чатыры мовы згадваюцца ў дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ 31 ліпеня 1920 года. У 1938 годзе надпісы на польскай і ідыш былі выдалены з дзяржаўнага герба. У канстытуцыі 1978 года ні польская, ні ідыш не згадваюцца.
Remove ads
Крыніцы
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads
