Міхал Вэнслаўскі

From Wikipedia, the free encyclopedia

Міхал Вэнслаўскі
Remove ads

Міхал Вэнслаўскі (польск.: Michał Węsławski; 17 верасня 1849, Геграны, Цельшаўскі павет, Ковенская губерня — 22 жніўня 1917, Вільня) — польскі грамадскі і палітычны дзеяч, юрыст, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі II склікання ад горада Вільні, гарадскі галава Вільні ў 1905—1916 гг.

Хуткія факты Міхал Вэнслаўскі, Дата нараджэння ...
Remove ads

Біяграфія

Thumb
Дэпутат 2-й Дзяржаўнай думы. Сядзяць: Л. С. Путткамер, Л. К. Радзевіч, М. Г. Хэлхоўскі, Л. Ф. Лубенскі, М. А. Вэнслаўскі; стаяць: В. В. Жукоўскі, М. К. Дзюржынскі, С. А. Ваньковіч

Другі сын у сям’і Антонія Вэнслаўскага (1814—1880), маршалка шляхты Цельшаўскага павета Ковенскай губерні, удзельніка паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг.[2], і Казіміры (у дзявоцтве Зенфельд-Гадон).

Вучыўся ў Шавельскай гімназіі (1862—1870). Вывучаў права на юрыдычных факультэтах Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэтаў. Апошні скончыў у 1874 г. Пасля набыцця вышэйшай адукацыі служыў у грамадзянскім касацыйным дэпартаменце Урадавага Сената, з 1877 г. у Кішынёўскім акруговым судзе, дзе быў загадчыкам 1-га следчага ўчастка Кішынёўскага павета. У 1880 г. стаў прысяжным павераным у Санкт-Пецярбургу[3].

З 1883 г. з’яўляўся прысяжным павераным пры Віленскім акруговым судзе. У 1894 г. удзельнічаў у якасці памочніка адваката ў абароне ахвяр разні ў Крожах. Падчас суда ён таксама выконваў абавязкі перакладчыка для сялян, якія размаўлялі толькі на жамойцкім дыялекце і не ведалі расійскай мовы. Пасля суда, у 1895 г. стаў старшынёй Камісіі прысяжных адвакатаў Віленскай судовай палаты. Верагодна, таксама прымаў удзел у абароне Эміліі Вэнслаўскай, жонкі яго брата Вітальда, якую абвінавацілі ў парушэнні закона, бо яна публічна размаўляла па-польску ў краме[4].

З 1888 г. сумесна з малодшым братам Вітальдам займаўся арганізацыяй падпольнага школьнага навучання на польскай мове, тайнага Таварыства нацыянальнай асветы. Быў членам Таварыства шубраўцаў[5]. Уваходзіў у склад Віленскага сельскагаспадарчага таварыства (1899—1911)[6], быў членам праўлення Віленскага зямельнага банка[7]. Разам з братам Вітальдам належаў да Віленскага музычнага таварыства «Лютня», Таварыства догляду за дзецьмі і Таварыства хуткай медыцынскай дапамогі ў Вільні[8][9]. У 1899 г. удзельнічаў у зборы сродкаў на рэканструкцыю касцёла Святой Ганны і касцёла Святога Міхаіла ў Вільні[10].

У 1897 г. абраны ў Віленскую гарадскую думу. З 1905 па 1916 г. тройчы быў абраны гарадскім галавой у Вільні (да 1905 г. палякі не мелі права быць кіраўнікамі губернскіх гарадоў). Займаўся рэалізацыяй у Вільні праекту т.зв. «еўрапеізацыі» горада. З шырокага плана інфраструктурных змен ўдалося да Першай сусветнай вайны пачаць пабудову водаправода і каналізацыі, якая працягвалася ў міжваенны час[11]. У гэты час, дзякуючы спрыянню Міхала Вэнслаўскага ў Вільні быў адчынены польскі тэатр (з 1906 г.) (арганізатар — Нуна Младзяёўская), зарэгістравана Віленскае аддзяленне спартыўнага таварыства «Сокал» (з 1906 г.), заснаваны Таварыства сяброў навукі ў Вільні (з 1907 г.), Таварыства нацыянальнай асветы "Oświata" (1907—1908 гг.)[12]. У 1908 г. Міхал Вэнслаўскі прызначыў гарадскую камісію, якая займалася распрацоўкай праекта стварэння вышэйшай навучальнай установы ў Вільні, які, аднак, не быў ухвалены царскімі ўладамі[13].

Беспаспяхова ўдзельнічаў у выбарах у І Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі ад Вільні[14]. 6 лютага 1907 г. абраны ў Дзяржаўную Думу II склікання ад з’езда гарадскіх выбаршчыкаў горада Вільні[15]. Узначаліў у Думе фракцыю Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі[16]. Паводле сваіх поглядаў належаў да краёўцаў кансерватыўна-ліберальнай арыентацыі[17]. Працаваў у думскіх фінансавай камісіі, камісіі аб недатыкальнасці асобы і камісіі па народнай адукацыі. Удзельнічаў у спрэчках у Думе па пытанні аб рэфармаванні мясцовых судоў. Падтрымліваў праекты аб увядзенні земстваў у Паўночна-Заходнім краі і ўвядзенні аўтаноміі для Каралеўства Польскага[18].

У 1908 г. увайшоў у склад Саюза краёвай працы[19]. Узначальваў у 1908—1915 гг. Таварыства падтрымкі дробнага прадпрымальніцтва і народнага мастацтва ў Віленскай губерні[6].

Пасля акупацыі Вільні германскімі войскамі падчас Першай сусветнай вайны ў верасні 1915 г. некаторы час працягваў выконваць абавязкі кіраўніка горада, але займаў пасіўную пазіцыю. У сувязі з рэарганізацыяй мясцовай грамадзянскай адміністрацыі на пачатку 1916 г. страціў пасаду гарадскога галавы[20]. Быў адным з ініцыятараў узвядзення ў 1916 г. помніка Трох крыжоў у Вільні[21]. Пасля адстаўкі працягваў удзельнічаць у грамадскім жыцці з мэтай абароны польскага насельніцтва Вільні ва ўмовах германскай акупацыі[22].

Памёр ад сардэчнага прыступу 22 жніўня 1917 года ў Вільні. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні[23].

Remove ads

Сям’я

Брат — Вітальд Вэнслаўскі (1855—1930) — польскі ўрач, доктар медыцынскіх навук, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч, заснавальнік і шматгадовы кіраўнік Польскага адукацыйнага таварыства ўсходніх зямель.

Жонка (з 1879 г.) — Марыя Гружэўская. Пакутвала ад псіхічных захворванняў і, пачынаючы з 1890-х гг. жыла асобна ад мужа ў маёнтку Сантэкляй на Жамойці[24]. Дзяцей не было.

Remove ads

Зноскі

Літаратура

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads