Паводле Лукі Святое Дабравесце
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Паво́дле Лукі́ Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Лукі́[2], Паво́дле Лукаша́ Свято́е Дабраве́сце[3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Марка перад Евангеллем паводле Яна.
Remove ads
Аўтарства
Нягледзячы на тое, што ў пачатку кнігі аўтар кажа пра свае мэты напісання кнігі, уласна яго імя нідзе ў творы не згадваецца. Згодна з паданнямі, імя аўтара было Лука (па-лацінску — Лукій), — адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Паўла і яго бліжэйшых сяброў. У лісце да Каласянаў (4:14) Павел называе яго «шаноўны наш урач Лука». Лічыцца, што, суправаджаючы Паўла, Лука вёў дзённік, які стаў падставай для напісання і другой яго кнігі — Дзеянні апосталаў. Згодна з тымі жа паданнямі, лічыцца, што Лука нарадзіўся ў Антыёхіі і быў, хутчэй за ўсё, грэкам. Лука не быў сведкам евангельскіх падзей, і ён сам піша ў пралогу, што абапіраўся на створаныя да яго хрысціянскія творы, на апавяданні «сведкаў Слова». Лука вельмі сур’ёзна падыходзіў да гэтых сведчанняў, старанна правяраючы крыніцы і ўдакладняючы храналагічны ход падзей.
Remove ads
Месца і час напісання

Дакладны час напісання невядомы. Лічыцца, што Евангелле з’явілася на свет паміж 70 і 90 гг. У ліку яго крыніц былі Евангелле ад Марка (каля 50 % тэксту) і, магчыма, Евангелле ад Мацвея ці так званыя «логіі», напісаныя апосталам. Яно прызначалася для хрысціян з былых язычнікаў і было створана ў Ахаі ці Беотыі, дзе, згодна з паданнямі, Лука жыў да самай сваёй смерці; аднак магчымым месцам напісання з’яўляецца таксама Кесарыя ці Антыёхія Сірыйская.
Remove ads
Асаблівасці Евангелля
Евангелле знаходзіцца на трэцім радку ў спісе кніг Новага Запавету, яно самае вялікае па аб’ёме. Аўтар задумаў напісаць твор, у якім расказвалася пра дзеянні Ісуса Хрыста, а таксама пра працяг Ягонага служэння Царквой пад уздзеяннем Святога Духа. Пазней атрымалася так, што твор аказаўся падзеленым: першая частка сталася Евангеллем паводле Лукі, а другая — кнігай Дзеянняў апосталаў.
Евангелле вылучаецца сярод астатніх сінаптычных Евангелляў высокім літаратурным узроўнем, яго творца быў адораным пісьменнікам і дасведчаным гісторыкам. Аўтар Евангелля не немудрагелісты апавядальнік, а пісьменнік, які ўжо меў перад вачыма «многія» спробы выкласці жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Ён, хутчэй за ўсё, не быў іўдзеем, у яго кнізе мала семітызмаў. Ён шырока выкарыстоўвае Евангелле ад Марка, аднак мае ў распараджэнні і іншыя крыніцы. Некаторыя з іх узніклі, магчыма, у асяроддзі хрысціян-яўрэяў, ці нават вучняў Яна Хрысціцеля.
Ключавымі словамі гэтага Евангелля з’яўляюцца радасць, мір і ўратаванне. У ягоным цэнтры стаіць Хрыстос, Які прынёс выратаванне ўсяму сусвету. Нездарма Лука прасочвае радавод Ісуса да першага чалавека — Адама, які названы сынам Бога. Гэтым падкрэсліваецца ўніверсальны характар Радаснай весткі. Выратаванне прызначана для ўсіх людзей, у тым ліку і для тых, каго лічылі самымі цяжкімі грэшнікамі: для зборшчыкаў падаткаў, для самарыцян, для язычнікаў. Выратаванне адчынена для людзей заўсёды, нават да апошніх хвілін жыцця: так разбойнік атрымоўвае выратаванне перад самай смерцю на крыжы. Нягледзячы на тое, што ў мінулым жанчыны ўваходзілі ў лік бяздольных, аўтар Евангелля выкарыстоўвае самую вялікую колькасць жаночых імёнаў, а звесткі пра дзяцінства Ісуса дадзены, хутчэй за ўсё, Марыяй, маці Ісуса.
Хрыстос у Евангеллі перш за ўсё Збаўца, поўны любові і ласкі. У яго асобе Божае валадарства ўжо прыйшло до людзей. Вялікую ролю ў Евангеллі грае малітва, асабліва падзячная, поўная радасці і хвалы. У Евангеллі значна часцей за іншыя апавядаецца пра малітвы Ісуса. Таксама ў Евангеллі самая вялікая колькасць прыпавесцей. Усе самыя вядомыя прыпавесці: пра міласэрнага Самарыцяніна, пра блуднага сына, пра малітвы фарысея і зборшчыка падаткаў, — знаходзяцца ў Евангеллі паводле Лукі. Хаця Евангелле прызначана для былых язычнікаў, Лука ўвесь час падкрэслівае яўрэйскія карані хрысціянскай веры. Падзеі пачынаюцца ў Храме, дзе Анёл прадказвае святару Захарыі аб нараджэнні сына Яна, і заканчваецца таксама ў Храме, дзе пасля ўваскрэсення і ўзнясення Хрыста вучні Ісуса ўвесь час застаюцца ў малітве і радасці.
Remove ads
Структура кнігі
Евангелле складаецца з 24 раздзелаў. Яно пачынаецца з пралогу, у якім Лука паведамляе пра падставу і мэту напісання Евангелля, а таксама пра метады працы з крыніцамі. Ён прысвячае сваю працу нейкаму хрысціяніну пад іменем Феафіл. У першых раздзелах паведамляецца не толькі пра нараджэнне Хрыста, але і пра нараджэнне Яна Хрысціцеля. Далей апавяданне вядзецца гэтак жа як, і ў Марка, за выключэннем тэкстаў Мк. 6:45 — Мк. 8:26, што бібліязнаўцы назвалі «вялікім пропускам». Пасля служэння ў Галілеі Ісус накіроўваецца ў Іерусалім. Большая частка Евангелля (больш за 10 раздзелаў) апавядае пра гэты шлях, таму часта кнігу называюць Евангеллем Шляху. Таксама гэтым словам «Шлях» называла сабе першая Хрысціянская Царква.
Remove ads
Сціслы план Евангелля
- Пралог (1:1-4)
- Нараджэнне і дзяцінства Яна Хрысціцеля і Ісуса Хрыста (1:5 — 2:52)
- Прыгатаванне да служэння (3:1 — 4:13)
- Служэнне ў Галілеі (4:14 — 9:50)
- Шлях Хрыста ў Ерусалім (9:51 — 19:27)
- Служэнне ў Ерусаліме (19:28 — 21:38)
- Пакуты і смерць Хрыста (22:1 — 23:56)
- Уваскрэсенне і ўзнясенне (24:1-53)
Пераклады
- Паводле Лукаша сьвятое дабравесьце у перакладзе Васіля Сёмухі
- Святое Евангелле паводле Лукі ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Евангелле паводле святога Лукі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Эвангельле паводле Марка ў перакладзе Антонія Бокуна
- Евангеля подле сьвятога Лукі Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Паводле Лукі сьв. Эвангельле Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Вінцэнта Гадлеўскага
- Эвангелія паводле Лукаша Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Паводле Лукі Святое Дабравесце ў перакладзе А. К. Клышкі
- Евангелле паводле Лукі ў перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Паводле Лукаша Сьвятое Эвангельле ў перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
Remove ads
Літаратура
- Райт Н. Т. Лука. Евангелие. Популярный комментарий. — М.: ББИ, 2008. — 308 с. ISBN 5-89647-190-4.
- Кузнецова В. Н. Евангелие от Луки. Комментарий. Фонд имени Александра Меня. 2004. 556 с. ISBN 5-87507-267-9
- Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.
- Аверинцев С. Собрание сочинений. — К.: Дух и литера, 2004. — 500 с. ISBN 9667888843.
Remove ads
Зноскі
- Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- альтэрн.: Паво́дле Лукаша́ Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Remove ads
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads