Польская арганізацыя вайсковая (справа)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
Польская арганізацыя арганізацыя (ПАВ; польск.: Polska Organizacja Wojskowa (POW)) — выдуманая ў СССР «контррэвалюцыйная, шпіёнска-дыверсійная і тэрарыстычная арганізацыя», па дзейнасці якой у 1930-я — пачатку 1940-х гадоў органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы, па якіх арыштаваны і засуджаны ў асноўным беларусы і палякі[1].
Сапраўдная польская падпольная вайсковая арганізацыя з такой назвай створана ў кастрычніку 1914 года ініцыятывай Юзафа Пілсудскага. У яе задачы ўваходзіла дыверсійная дзейнасць, збор разведвальнай інфармацыі і агітацыйная праца. У снежні 1918 года ПАВ увайшла ў склад Войска Польскага[1].
Першая ў БССР справа «ПАВ» сфабрыкавана ДПУ ў 1933 годзе. Па ёй арыштавалі 55 чалавек. Паводле версіі ДПУ, «ПАВ» пачала фарміравацца ў 1924 годзе. Яе кіраўніком лічыўся настаяцель Мінскага кафедральнага касцёла ксёндз А. І. Пучкар-Хмялеўскі. Дзейнасць арганізацыі быццам фінансавалася і накіроўвалася польскім дыпламатычным прадстаўніцтвам у СССР. «ПАВ» нібыта ставіла мэтай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года праз звяржэнне савецкай улады і далучэння БССР да Польшчы. Гэта павінна было адбыцца ў час ваенных дзеянняў паміж Польшчай і СССР, члены «ПАВ» мусілі ўздымаць узброеныя паўстанні і арганізоўваць маштабныя дыверсіі ў тыле Чырвонай Арміі[1].
Паводле версіі ДПУ, «ПАВ» будавалася па прынцыпе ячэек. У 1933 годзе ліквідавана 7 філіялаў з агульнай колькасцю 65 ячэек, якія быццам дзейнічалі ў дзяржаўных установах, на прадпрыемствах, чыгуначных вузлах, у часцях Чырвонай Арміі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР у лютым 1934 года члены «ПАВ» асуджаны на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў[1].
У жніўні 1937 года ў адпаведнасці з загадам НКУС СССР у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Яна была разлічана на 3 месяцы, але фактычна праводзілася цэлы год. Загад меў асаблівае значэнне для БССР, якая межавала з Польшчай і дзе жыло шмат палякаў. АДПУ СССР лічыла, што БССР — вароты для пранікнення польскай агентуры ў СССР і што на працягу ўсіх гадоў існавання савецкай улады праз БССР перакінута каля 50 тысяч шпіёнаў пад выглядам палітычных і эканамічных эмігрантаў[1].
У адпаведнасці з гэтым загадам у Беларусі арышту падлягала не менш як 7—8 тысяч чалавек, у тым ліку 4 тысяч перабежчыкаў і амаль 1 тысяч палітычных эмігрантаў. У час следства колькасць падлеглых арышту павінна была павялічыцца да 15 тысяч. Напярэдадні правядзення «польскай аперацыі» былі складзены даведкі на арышт амаль 25 тысяч чалавек. На 1 студзеня 1938 года «па польскай лініі» арыштавана 14 620 чалавек[1].
У сярэдзіне чэрвеня 1938 года выдадзены новы загад НКУС СССР пра разгортванне чарговай аперацыі супраць палякаў[1].
Агулам па выніках «польскай аперацыі» са жніўня 1937 да верасня 1938 года органамі НКУС арыштавана 21 407 удзельнікаў «ПАВ» і паўстанцкіх арганізацый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў, з іх 10 120 беларусаў і 9 196 палякаў. У 1937—1939 гадах па групавых правах «ПАВ» і як асобныя яе ўдзельнікі прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Савецкі Саюз, а таксама дзяржаўных дзеячаў, партыйных, савецкіх, камсамольскіх і прафесійных работнікаў польскага паходжання[1].
Фабрыкацыя спраў «ПАВ» выкарыстана НКУС і для рэпрэсій у Заходняй Беларусі пасля далучэнне яе да БССР у верасні 1939 года[1].
Сярод арыштаваных і асуджаных па справах «ПАВ» была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падпольных узброеных фарміраванняў, якія вялі антыдзяржаўную работу супраць савецкага ладу[1].
У 1950-1990-я гады ўсе рэпрэсіраваныя па справах «ПАВ» рэабілітаваны на падставе асуджэння пазасудовымі органамі[1] («тройкамі» і «двойкай»).
Remove ads
Гл. таксама
- «Саюз вызвалення Беларусі» — яшчэ адна справа сфабрыкаваная АДПУ—НКУС у 1930-я гады
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Remove ads