Рэпрэсіі супраць беларускіх вікіпедыстаў (з 2022)

палітычныя рэпрэсіі супраць аўтараў і рэдактараў беларускай Вікіпэдыі з 2022 года From Wikipedia, the free encyclopedia

Remove ads

Рэпрэсіі супраць беларускіх вікіпедыстаў — серыя палітычна матываваных затрыманняў, арыштаў, пераследу і іншых формаў ціску з боку беларускіх уладаў у дачыненні да аўтараў і рэдактараў беларускамоўнай версіі Вікіпедыі, зафіксаваныя ў 2020-я гады[1][2][3][4]. Гэтыя дзеянні разглядаюцца ў кантэксце шырокай хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і грамадскіх актывістаў у Беларусі, якая накіравана на кантроль над інфармацыйнай прасторай у Беларусі[5] і спробай абмежаваць доступ грамадзян да незалежных крыніц інфармацыі.

Remove ads

Гістарычны кантэкст

Беларуская Вікіпедыя, створаная ў 2004 годзе, стала важнай платформай для захавання і папулярызацыі беларускай мовы, культуры і гісторыі[6]. У перыяд палітычнага крызісу ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады ўзмацнілі кантроль над інфармацыйнай прасторай, уключаючы незалежныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы. Артыкулы Вікіпедыі, якія асвятлялі пратэсты і дзеянні ўладаў і пры гэтым не адпавядалі афіцыйнай дзяржаўнай пазіцыі, сталі аб’ектам пільнай увагі, бо беларуская Вікіпедыя заставалася адной з нямногіх платформ, дзе захоўвалася адносная свабода інфармацыі і плюралізм меркаванняў.

У 2025 годзе, перад хваляй арыштаў рэдактараў беларускай Вікіпедыі, дзяржаўныя СМІ пачалі інфармацыйную кампанію з абвінавачваннямі беларускай Вікіпедыі ў празаходняй пазіцыі. Найбольш актыўна прасоўвала ў беларускім інфармацыйным полі гэтыя наратывы прапагандыстка Людміла Гладкая[7][8]

Remove ads

Формы рэпрэсій

Рэпрэсіі ў дачыненні да рэдактараў беларускай Вікіпедыі праяўляюцца ў розных формах:

  • Арышты і затрыманні: Вядомыя выпадкі затрыманняў і арыштаў адміністратараў і актыўных удзельнікаў Вікіпедыі па абвінавачваннях, звязаных з іх дзейнасцю ў інтэрнэце. Часта падставай для такіх дзеянняў станавіліся артыкулы, якія асвятлялі палітычныя падзеі ў Беларусі або крытыкавалі дзеянні ўладаў.
  • Адміністрацыйны і крымінальны пераслед: Рэдактараў прыцягваюць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці паводле артыкулаў, якія тычацца распаўсюджвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» ці «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
  • Ціск і запалохванні: Акрамя непасрэдных арыштаў, фіксуюцца выпадкі ціску на ўдзельнікаў Вікіпедыі праз пагрозы, выклікі на допыты, канфіскацыю тэхнікі і іншыя формы запалохвання[9].
Remove ads

Храналогія пераследу рэдактараў

  • 2022 год. Затрыманы рэдактары Марк Бернштэйн[10][11] і Уладзіслаў Чаховіч[12]. Бернштэйна абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» з-за рэдагавання артыкулаў, звязаных з уварваннем Расіі ва Украіну і асудзілі на тры гады абмежавання волі. Паводле сілавікоў, ён распаўсюджваў «фэйкавыя матэрыялы пра расійскія Узброеныя сілы».
  • 7 красавіка 2022 года на два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму быў асуджаны Павел Пернікаў — рэдактар некалькіх моўных раздзелаў Вікіпедыі (у тым ліку двух беларускіх). Пакаранне было прызначана за допісы ў інтэрнэце, якія «дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь», у тым ліку дзве праўкі ў Вікіпедыі артыкулаў пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі[13]
  • Снежань 2024 года. Затрыманы рэдактар пад псеўданімам Stary Jolup, які ўносіў праўкі ў раздзел Вікіпедыі на тарашкевіцы.
  • 13 сакавіка 2025 года. Знік рэдактар пад псеўданімам Kazimier Lachnovič; ягоны лёс застаецца невядомым[14][4]
  • Красавік — травень 2025 года. Затрыманая рэдактарка Вольга Сітнік, якую пазней арыштавалі на 10 сутак[15]. Пазней стала вядома, што беларускія спецслужбы шукаюць фотаграфаў на мітынг Святланы і Сяргея Ціханоўскіх у Варшаве праз узламаны акаўнт Вольгі[16].
  • 15 траўня 2025 года стала вядома пра арышт Максіма Лепушэнкі, аднаго з найстарэйшых (з 2007 года) адміністратараў беларускай Вікіпедыі, які спецыялізаваўся на старажытнай гісторыі Беларусі[17]

Наступствы

Выпадкі ціску на аўтараў і рэдактараў Вікіпедыі выклікалі шырокі міжнародны рэзананс, а праваабарончыя арганізацыі (Amnesty International, Human Rights Watch) і міжнародная вікі-супольнасць (Фонд Вікімедыя) асуджалі дзеянні беларускіх уладаў як парушэнне прынцыпаў свабоды слова і доступу да інфармацыі. Міжнародная супольнасць безвынікова заклікала ўлады спыніць пераслед аўтараў і рэдактараў Вікіпедыі, вызваліць арыштаваных і забяспечыць свабодны доступ да інфармацыі[18]. У адказ на пераслед рэдактараў у Беларусі, супольнасць Вікіпедыі прыняла беспрэцэдэнтнае рашэнне: схаваць аўтараў правак у артыкулах на ваенныя і палітычныя тэмы. Гэта азначае, што IP-адрасы і імёны ўліковых запісаў рэдактараў зараз не бачныя не толькі для чытачоў і звычайных рэдактараў, але нават для так званых сістэмных аператараў беларускага раздзела. Мэта гэтага кроку — абараніць рэдактараў ад пераследу органамі ўлады[18]. Па словах некаторых рэдактараў[1], спробы ўладаў кантраляваць змест энцыклапедыі або займацца прасоўваннем прапаганды не маюць поспеху з-за ўнутраных правіл платформы. Масавыя затрыманні не прывялі да змен у змесце артыкулаў; адміністрацыйныя правы арыштаваных былі часова абмежаваныя вікі-супольнасцю для прадухілення несанкцыянаваных правак[2].

Адначасова праваабаронцы адзначаюць змену тактыкі ўладаў: з канца верасня 2024 года інфармацыя пра палітычна матываваныя затрыманні і суды амаль не публікуецца афіцыйна, што не азначае спынення рэпрэсій, але значна ўскладняе незалежны маніторынг сітуацыі. Гэта можа сведчыць пра намаганні ўладаў схаваць маштабы пераследу і пазбегнуць міжнароднай крытыкі. Атмасфера запалохвання і рэпрэсій, якую фармуюць улады Беларусі, аказвае значны негатыўны ўплыў на функцыянаванне беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі[19]. Страх перад пераследам прымушае многіх рэдактараў праяўляць самацэнзуру або ўвогуле адмаўляцца ад рэдагавання палітычна адчувальных тэм. Частка ўдзельнікаў, асабліва тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, вымушана спыніць сваю дзейнасць у Вікіпедыі з меркаванняў бяспекі. У выніку скарачаецца колькасць актыўных рэдактараў, што прыводзіць да пагаршэння якасці і паўнавартаснасці асвятлення многіх грамадска важных тэм, у тым ліку тых, што тычацца бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне[19].

Remove ads

Гл. таксама

Зноскі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads