Серабрыстая чайка

From Wikipedia, the free encyclopedia

Серабрыстая чайка
Remove ads

Серабрыстая чайка, чайка-клыгун, рагатуха (Larus argentatus) — птушка атраду сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства чайкавыя (Laridae).

Хуткія факты Навуковая класіфікацыя, Міжнародная навуковая назва ...
Remove ads

Апісанне

Даўжыня цела 58-64 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 1,4-1,6 м (самая буйная з гняздоўных на Беларусі чаек). Самкі меншыя за самцоў. Апярэнне знізу белае, на спіне шэрае. Крылы шэрыя з чорнымі канцамі. Дзюба (даўжынёй да 6 см) жоўтая з чырвонай плямай на выступе паддзюб'я. Ногі бледна-жоўтыя. Маладыя птушкі шэра-бурыя з светлым нізам.

Арэал

Thumb
Распаўсюджанне серабрыстай чайкі      Месцы гнездзішчаў      Цэлы год      Месцы зімовак

Арэал разарваны: узбярэжжы і суша Еўропы, заходнія, цэнтральныя, паўночныя і ўсходнія раёны Сібіры, поўнач Паўночнай Амерыкі. Насяляе скалістыя, пясчаныя або травяністыя ўзбярэжжы мораў або кантынентальных вадаёмаў; у некаторых раёнах — вялікія балоты. Пасля гнездавання — марскія прыбярэжныя раёны, вялікія азёры і рачныя даліны. У Еўропе паўднёвыя і заходнія папуляцыі аселыя, паўночныя — пералётныя. У Беларусі рэдкі і спарадычны на гнездаванні ў паўночнай частцы краіны пералётны від.[1]

Remove ads

Асаблівасці біялогіі

Усёедная. Корміцца дробнай рыбай, яйкамі і птушанятамі, мышападобнымі грызунамі, насякомымі, ягадамі (багноўка, марошка).

Манагамная птушка. Гняздо ў калоніі, звычайна паблізу калоніі іншых птушак, на адкрытым месцы, на скалах, дзюнах, у апошні час — на дахах дамоў, часта на невялікіх земляных пагорках або ў купіне траў. На Беларусі гняздуецца невялікімі калоніямі (4-25 пар) або асобнымі парамі ў калоніях азёрных і шызых чаек.

Гняздо буйное, з грубага расліннага матэрыялу і ламачча. Гэта няшчыльная і багатая чаша, знешняя частка з кавалкаў і цэлых галінак, унутраная частка — з водарасцей і траў. На марскіх дзюнах гняздо часта ў выглядзе ямкі на пяску, скупа высланай сухой травой.

У Беларускае Паазер'е прылятае ў першай палове красавіка. Кладка ў канцы красавіка — першай палове мая з 2-4, часцей 3 яек памерамі 71,1 x 49,9 мм. Наседжванне 26-27 сутак. Вылупленне птушанят у канцы мая — першай палове чэрвеня. Узнімаюцца на крыло ва ўзросце каля 40 сутак. Вандроўкі і перамяшчэнні птушак у заходнім і паўднёва-заходнім напрамках з канца ліпеня. Зімуе ў Прыбалтыцы і Заходняй Еўропе.

Зноскі

  1. Упершыню выяўлена на гнездаванні ў 1982 г. ў Міёрскім раёне ў гідралагічным заказніку Ельня, у 1983 г. адзначана на возеры Снуды ў Браслаўскім раёне, у 1986 г. — на вярховым балоце Мох паблізу возера Набіста ў Міёрскім раёне, у 1987 г. — на возеры Асвея ў Верхнядзвінскім раёне. Гняздуецца толькі ў паўночна-заходніх раёнах Паазер'я. Паводле звестак пра кальцаванне мясцовая папуляцыя фармуецца за кошт калоній, якія гняздуюцца ў Эстоніі. У паслягнездавы час вандроўныя птушкі адзначаюцца па ўсёй тэрыторыі краіны, але часцей у заходніх раёнах. У час вясенняга і асенняга пралётаў адзначаны на возеры Нарач, у Брэсцкай вобласці, Прыпяцкім запаведніку і ў наваколлі Гомеля. У паўднёва-заходняй частцы Беларусі (Брэст) асобныя птушкі зрэдку зімуюць.
Remove ads

Літаратура

Спасылкі

Loading related searches...

Wikiwand - on

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Remove ads